Тапонім «Магілёў», відавочна, мае патранамічнае паходжанне — ад асабістага імя Магіла, якое ў сваю чаргу ўтварылася ад адпаведнай славянскай асновы[5]. Выказваліся таксама меркаванні пра сувязь тапоніма з канкрэтнай гістарычнай асобай — галіцкім княземЛьвом Данілавічам Могіем («Магутным Ільвом»), які нібыта збудаваў у 1267 годзе замак у сутоках рэчак Дубравенка і Дняпро (археалагічныя раскопкі не выявілі гэтага ўмацавання). Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва Магілёва паходзіць ад імя князя полацкагаЛьва Уладзіміравіча (Льва Магутнага)[6].
Народнае паданне звязвае назву горада з імем асілка Машэкі, над магілай якога насыпалі вялікі курган, названы Магілай Льва (захавалася ўрочышча Машакоўка). Народны паэт Беларусі Янка Купала апрацаваў гэту легенду ў аднайменную паэму. Паводле «Запісак ігумена Арэста», у старажытнасці на месцы Магілёва быў стан разбойнікаў (іх атамана звалі Магіла) і шматлікія магілы забітых імі людзей, каля якіх узнікла вёска Магілка[7]
Паводле археалагічных раскопак, старажытнае паселішча існавала на месцы Задубравенскага пасада яшчэ ў XII ст. Апроч таго, на гары Магіла мелася даўняе ўмацаванне[8]. У пач. XIII ст. Магілёў, відаць, быў цэнтрам феадальнай сядзібы-вотчыны і выконваў функцыі фартэцыі. У пачатку XIV ст. горад далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе стаў цэнтрам воласці.
Упершыню Магілёў згадваецца ў «Спісе гарадоў далёкіх і блізкіх», што датуецца канцом XIV ст. Таксама ёсць паданне пра заснаванне горада галіцка-валынскім князем Львом Данілавічам у XIII ст., ад якога імя горад нібыта атрымаў сваю назву, але гэтыя звесткі неверагодныя. Імаверна, горад заснаваны ў 2-й палове XIV ст., больш ранняга матэрыялу археалагічныя даследаванні не выявілі, і на месцы будаўніцтва першага замка будаўнікамі быў выяўлены вялікі старажытны грунтавы могільнік — відаць, адсюль пайшла назва горада. У гэты час Магілёў знаходзіўся ва ўладанні каралевы Ядвігі, жонкі караля і вялікага князяЯгайлы. У 1431 годзе ён перайшоў да вялікага князя Свідрыгайлы, а ў 1503 — да вялікай княгіні Алены Іванаўны.
У XV ст. Магілёў быў адным з важных пунктаў на гандлёвых шляхах, што вялі з усходу на захад і з поўначы на поўдзень, тут мелася ўласная мытня. Пад 1447 годзе згадваецца праваслаўная Спаская царква. У пачатку XVI ст. горад увайшоў у склад Аршанскага паветаВіцебскага ваяводства.
У сувязі з падзеннем Смаленска (1514) і пераходам яго на стагоддзе пад уладу Маскоўскай дзяржавы, многія тамтэйшыя купцы перабраліся ў Магілёў. Праз гэта яго ваколіцы неаднаразова (у 1518, 1519 і 1535 гг.) цярпелі ад рабаўніцкіх набегаў маскоўскіх захопнікаў, якія, аднак, самім горадам авалодаць не здолелі. У 1526 годзе скончылася будова новага замка. У 1561 годзе горад атрымаў права на войтаўства.
А иж бы тое место неякою помноженья оздоб своих не мело, с тое ласки нашего господарское надаем тому месту печать мескую. Вежу мурованую, высоко выведеную, которую врат того места. У судов и инших справах и потребах печатовоти и того герба уживати мает вечными часы.
На 1577 год у Магілёве быў 1261 жылы дом (на 1588—1500 жылых дамоў[10]). У Інфлянцкую вайну27 чэрвеня1581 г. маскоўскія захопнікі цалкам знішчылі Задубровенскі пасад, спалілі 10 будынкаў у Пакроўскім пасадзе, але штурм Старога горада і замка быў безвыніковым[10]. Пад 1588 упершыню згадваецца тутэйшы рымска-каталіцкі касцёл. Недзе ў 1590—1592 гг. у Магілёве адкрылася агульнаадукацыйная брацкая школа, у якой вывучалі старабеларускую і лацінскую мовы. У 1594—1604 гг. ішло ўзвядзенне першага мураванага будынка — Фарнага касцёла. 13 снежня1595 г. казацкія загоны С. Налівайкі спалілі каля 40 % забудовы Магілёва, у тым ліку некалькі цэркваў[10], і знішчылі значную колькасць гараджан. Захавалася паведамленне пра тыя падзеі:
У рок 1595. Прыйшла ізноў на Магілёў навала ад Налівайкі. Невядома таксама, з якіх прычын гэта сталася, ні з гyльтайства, ні з маскоўскага нацкоўвання, бо ў гэты час міру з Масквою нe было. Таму старэйшыя людзі часта ўспаміналі Налівайку; Мазепу і Лабаду. Відаць, нездарма не выходзіла гэта з людской памяці, бо нарабіла гэтая саранча новазбудаванаму і заселенаму месту бед нязносных і крыві праліла нямала. Але пан Бог гараджан-мучанікаў бласлаўляў і бласлаўляе. Гэты Налівайка Магілёў зрабаваў і цэрквы папаліў. Магілёўская хроніка
У 1601—1633 гг. завяршылася будаўніцтва развітой абарончай сістэмы гарадскіх умацаванняў з трох ліній абароны. Першую лінію складаў замак — «Высокі горад», другая лінія ўмацаванняў — Кругавы (альбо Бліжні) вал — ахоплівала Стары горад і мела чатыры брамы, трэцяя лінія абароны — Палявы (Дальні, Кругавы) вал — у розныя часы мела розныя памеры і колькасць брам. На 1604 год тэрыторыя Магілёва падзялялася на 15 соцень. У межах Старога горада (Нагорскі пасад) знаходзіліся Астрожская і Нагорская сотні, за імі ва ўсходнім кірунку размяшчалася Ледкаўская сотня, на правабярэжжы Дняпра (Пакроўскі пасад) — Курдзянеўская, Перахрысценская, Слабодская, Грыўлянская, Выганская і Бярозаўская сотні, за Дубравенкай (Задубравенскі пасад) — Папінская, Трыснёнская, Каскоўская, Дабраслаўская сотні, за Дняпром (Задняпроўскі пасад) — Траецкая і Лупалаўская сотні.
У пачатку XVII ст. Магілёў быў адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага (у 1604 налічваў 15 тыс. жыхароў, 2211 дамоў, 18 цэхаў[11]), меў права на правядзенне двух рэгулярных кірмашоў. У 1616 годзе пры Магілёўскім брацтве пачала працаваць друкарня, у якой на працягу XVII—XVIII стст. надрукавалі каля 40 кніжак. У 1632 годзе тут заснавалі адзіную ў той час на Беларусі праваслаўную епархію[10]. У сяр. XVII ст. умацаванні Старога горада налічвалі 4 брамы: Алейную, Ветраную, Каралеўскую і Дубравенскую; у Палявым вале, які абкружаў Новае горада, стаяла 8 драўляных брам: Курдзянеўская (Гваздоўка), Ледзвяеўская, Шклоўская дальняя, Віленская, Уструшненская, Трыснёнская, Быхаўская, Папінская.
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны ў 1654 годзе магілёўцы здалі горад маскоўскім захопнікам. Аднак 1 лютага1661 г. у выніку народнага паўстання гараджане знішчылі акупацыйную залогу[12]. За выяўленую ў час паўстання мужнасць 9 чэрвеня1661 г. кароль і вялікі князь Ян Казімір ураўнаваў у правах Магілёў з Вільняй. Апроч таго, горад атрымаў новы герб «у блакітным полі тры сярэбраныя гарадскія вежы, у адчыненай сярэдняй браме — рыцар з узнятым мячом, а над ім герб — Пагоня»[13]. У 1681 годзе на гандлёвай плошчы ўзвялі новую мураваную ратушу (першая была драўлянай і знаходзілася на вуліцы Ветранай). У XVIII ст. у горадзе дзейнічаў шпіталь, які знаходзіўся каля Алейнай брамы.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 8 верасня 1708 года расійскія войскі па загаду цара маскоўскага Пятра I спалілі Магілёў. На 1745 год у горадзе быў 1301 будынак[10], працавалі некалькі цагельняў — «Антона Апоці», «паноў Батвіннікаў», «Дарошкі з братам Сапрончыкаў». На тэрыторыі пасад знаходзіліся «ізба цэху шавецкага… цэх гарбарскі… дом цэхавы пякарскі… цэх шавецкі», непадалёку ад царквы Св. Міколы — «цэх алейніцкі». Тут жылі злотнікі (ювеліры), алейнікі, дойліды, бондары, хлебнікі, багамазы (іканапісцы), шкляры, шаўцы і кавалі. На 1756 год дзейнічала 9 праваслаўных цэркваў і 2 манастыры, 2 уніяцкія цэрквы (Дальняя Уваскрэсення Хрыстова і Пакрова Прасв. Багародзіцы), 6 рымска-каталіцкіх касцёлаў і 3 кляштары (кармелітаў, езуітаў і бернардзінцаў). На 1765 год у горадзе налічвалася 1879 будынкаў.
У 1809 годзе на базе народнага вучылішча (дзейнічала з 1789 года) адкрылася Магілёўская гімназія. У ходзе вайны 1812 года горад на пэўны час занялі французскія войскі. У 1838 годзе пачала выдавацца газета «Могилевские губернские ведомости». У 1848—1856 гадах праз горад прайшла шаша, у 1902 годзе — Пецярбургска-Адэская чыгунка. У 1867 годзе ў Магілёве заснавалі музей, у 1888 годзе завяршылася будоўля гарадскога тэатра. У 1879 годзе з’явіўся водаправод. У час Усерасійскага перапісу (1897) 12 847 магілёўцаў (або 29,79 % ад усіх гараджан) назвалі роднай мовайбеларускую, што было найвышэйшым паказчыкам сярод усіх гарадоў на этнічнай тэрыторыібеларусаў.
У Першую сусветную вайну са жніўня 1915 года ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у горадзе спыняўся расійскі цар Мікалай II. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі жыхары горада актыўна ўдзельнічалі ў рэвалюцыйных падзеях, мітынгах і сходах, у дзейнасці палітычных партый, суполак, таварыстваў і арганізацый. Выходзілі газеты «Могилевский вестник», «Труд», «Жизнь», «Эхо» і інш. У сакавіку 1917 года быў створаны Магілёўскі Беларускі камітэт, адным з арганізатараў, а пазней старшынёй МБК быў Міхаіл Кахановіч. Стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага пасля абвяшчэння савецкай улады ў лістападзе 1917 года занялі савецкія войскі.
У студзені 1918 года польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага вялі наступленне на Магілёў. 5 сакавіка горад занялі германскія войскі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Магілёўская губерня абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па ініцыятыве МБК 31 сакавіка быў праведзены агульнагарадскі сход (каля 400 дэлегатаў) на якім было прынята рашэнне аб падтрымцы стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Германскія войскі адышлі пад канец 1918 года.
1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Магілёў увайшоў у склад БССР, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць яго са складу рэспублікі ў склад РСФСР. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Магілёўскую губерню часткай РСФСР. У 1924 годзе Магілёў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам акругі і раёна (з 1938 года цэнтр Магілёўскай вобласці).
У 1946 годзе тут адкрыўся першы аўтобусны маршрут, у 1970 годзе адбыўся пуск тралейбуса. У 2005 годзе гістарычны герб горада атрымаў афіцыйны статус, хаця ён шырока выкарыстоўваўся ўжо з пачатку 1990-х гадоў.
Тэрыторыя горада падзяляецца ракой Дняпро на дзве няроўныя і неаднолькавыя па рэльефе часткі. Правабярэжная частка ўяўляе сабой паката-ўзгорыстае плато, якое абрываецца крутым уступам у даліне Дняпра. Левабярэжная частка горада размешчана ў даліне ракі Дняпро, на яго пойменай тэрасе. У тэктанічных адносінах тэрыторыя горада размешчана ў межах Маскоўскай упадзіны.
Даледавіковыя асадкавыя пароды выходзяць на дзённую паверхню ў агаленні рэк у выглядзе чацвярцічных адкладанняў. Яны з’яўляюцца ападкамі мораў палеазойскай і мезазойскай эр, што неаднаразова пакрывалі сучасную тэрыторыю Магілёўшчыны. Карэнныя пароды ў межах горада залягаюць пад моцнай тоўшчай чацвярцічных адкладанняў.
З чацвярцічнымі адкладаннямі звязана наяўнасць у наваколлях Магілёва карысных выкапняў — лесавідных і альвіальных суглінкаў, што ідуць на выраб цэглы. Пад суглінкамі ляжаць пяскі, што змяшчаюць жвір, які здабываецца для патрэб будаўніцтва. Валуны, што знаходзяцца ў пясках, служаць для пакрыцця дарог. Кварцавыя пяскі з’яўляюцца сыравінай для вытворчасці шкла, сілікатнай цэглы, бетону. У мелавых адкладаннях сустракаюцца фасфарыты. У пойме Дняпра, паблізу Палыкавіч, маюцца значныя залежы балотных жалезных руд[14].
Гідраграфія і гідралогія
На тэрыторыі горада цякуць з поўначы на поўдзень і ўпадаюць у Дняпро справа невялікая рака Дубравенка (з прытокам Струшня) і ручай Дзебра. У межах Магілёва Дубравенка працякае па старой добра распрацаванай даліне, шырынёй да 150 м. Крутыя схілы карэннага берага падымаюцца на 18—20 м, прарэзаны шматлікімі ярамі. Рэчышча ракі моцна меандыруе і падмывае карэнныя берагі. Паблізу вусця схілы Дубравенкі маюць шматлікія сляды аплывін і апоўзняў. У цяперашні час гэтыя працэсы тармозяцца ненатуральнымі насаджэннямі дрэў і кустоў ці тэхнічным спосабам (забіўка свай, цэментаванне водаатводаў і г. д.). Зімою рака амаль не памяншае свой дэбет, замярзае толькі ў самыя моцныя маразы, ды і то не цалкам, заўсёды застаюцца праталіны. Пры паслабленні марозу ўтвораны лёд зноў растае, паводкі на Дубравенцы звычайна праходзяць хутка, за некалькі дзён. Пасля таго, як выйдзе з берагоў Днепр, Дубравенка ў нізоўях амаль спыняе цячэнне, яе падпіраюць воды Дняпра.
Струшня — прыток Дубравенкі, які пачынаецца 2 вытокамі ў раёне станцыі Магілёў II з невялікіх лагчын. У межах горада даліна ракі мае крутыя схілы і шырыню днішча 5—7 м. Ніжэй элеватара ў Струшню справа ўпадае ручай, пасля чаго пачынаецца яго пастаянны вадаток, які хутка расце за кошт крыніц. Набліжаючыся да вусця, даліна Струшні прыкметна пашыраецца і ўступае ў крутыя, моцна расчлянёныя схілы, зложаныя рыхлымі пародамі, схільнымі да працэсаў апоўзняў і асыпкаў.
Дзебра — правы прыток Дняпра. Цалкам працякае ў межах горада. Пачынаецца ў раёне станцыі Магілёў III з плоскай лагчыны, дзе калісьці было балота. На ўсім працягу даліна Дзебры добра выражаная. Схілы крутыя, сфарміраваныя рыхлымі пародамі, моцна расчлянёныя і зрэзаныя ярамі.
Азёр у наваколлях Магілёва няма. Ёсць сажалкі — Пашкаўская і Любужская[15].
У 6 км на паўночны ўсход ад Магілёва са шчыліны здабываюць сульфатна-хларыдныя, кальцыева-натрыевыя воды сярэдняй мінералізацыі, рэкамендаваныя для лячэння страўнікава-кішачных захворванняў. У 15 км на паўднёвы захад ад Магілёва здабываюць сульфатныя магніева-кальцыевыя маламінералізаваныя воды. Выкарыстоўваюцца ў якасці лекавых сталовых водаў пры страўнікава-кішачных захворваннях. У 5 км на поўнач ад Магілёва здабываюцца маламінералізаваныя сульфатныя магніева-кальцыевыя воды[16].
Клімат Магілёва ўмеранна-кантынентальны. Больш за 100 дзён у год няма сонца. У сярэднім у зімовым месяцы няма сонца 17—20 дзён. Найбольш халодны месяц — студзень. Вясна пачынаецца ў канцы сакавіка, калі сярэднесутачная тэмпература паветра становіцца плюсавой. Лета цёплае, сонечнае. Дажджы ў асноўным ліўневыя, кароткатэрміновыя. Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца — ліпеня — +18 градусаў, у чэрвені і жніўні на 1,5 градуса ніжэй, чым у ліпені. Усяго ў летнія месяцы ў сярэднім бывае 22 гарачыя дні з сярэднесутачнай тэмпературай вышэй +20 градусаў. Восень пачынаецца пры пераходзе сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз +10 градусаў (22 верасня) да меншага значэння і завяршаецца пры пераходзе праз 0 градусаў (14 лістапада). У першай палове восені шмат сонечных дзён, для другой паловы найбольш характэрна пахмурнае надвор’е з зацяжнымі імжачымі дажджамі.
Для Магілёва, як і для ўсёй Беларусі, характэрна высокая адносная вільготнасць, якая з кастрычніка па сакавік перавышае 80 % і такой застаецца ў начныя часы астатніх месяцаў, толькі днём паніжаецца да 50—60 %. Усяго за год у горадзе бывае 134 вільготныя дні (з вільготнасцю больш як 80 %) і толькі 12 сухіх (вільготнасць хаця бы на кароткі час роўная ці ніжэйшая за 30 %). 62 % часу года над горадам захоўваецца пахмурнае неба, 22 % — яснае. У астатні час пануе пераменная воблачнасць. У сярэднім за год выпадае 679 мм ападкаў, адзначаецца 182 дні з ападкамі. 2/3 ападкаў прыпадае на красавік — кастрычнік. З агульнай колькасці ападкаў 72 % выпадае ў вадкім відзе, 15 % — у цвёрдым і 13 % — у змешаным.
Сярэдняя шматгадовая велічыня атмасфернага ціску ў раёне метэаралагічнай станцыі Магілёў —745 мм рт. сл. (993 гПа). Змяненні ціску на працягу года невялікія. Са змяненнем ціску звязана ўзмацненне ветру. Вятры ўсіх напрамкаў амаль раўнападобныя, у халодны перыяд года трохі пераважаюць паўднёвыя і паўднёва-ўсходнія, летам — паўночна-заходнія, восенню — заходнія. Максімальная хуткасць ветру — 25—30 м/с. Туманы бываюць 65 дзён за год[17].
Сярод млекакормячых лесапарку сустракаюцца вавёрка, крот, вожык, на ўскраінах горада сустракаецца заяц, вядомы выпадкі заходу ў горад лася, янотападобнага сабакі. З драпежнікаў сустракаюцца гарнастай, чорная тхара, ласка. Часам у межах горада на вадаёмах паяўляюцца бабры. Шматлікія пацукі (чорны і шэры), мышы (хатняя, палявая, лясная), палёўка (рыжая, звычайная).
У горадзе і наваколлі сустракаюцца прадстаўнікі жывёльнага свету, якія занесены ў Чырвоную кнігу і патрабуюць аховы. З адзначаных для Магілёўшчыны ахоўных жывёл у прыгараднай зоне могуць сустракацца: з млекакормячых — барсук; з птушак — чорнаваллёвая гагара, звычайны зімародак, звычайная пустальга, шэры саракуш; з земнаводных і паўзуноў — балотная чарапаха, мядзянка; з рыб у Дняпры і яго прытоках — рыбец, вусач; з насякомых — матылі.
Магілёў — перспектыўны цэнтр турызму Беларусі міжнароднага значэння. Гасцініцы: «Магілёў», «Турыст», «Космас-Корт», «Кім», «Ліра», «Севяранка», «Сігнал», гасцініца ААТ «Магілёўхімвалакно», «Славянская», «Губернская», «Metropol», «Славянская традиция».
У 1998/99 навучальным годзе ў Магілёве: 100 дашкольных устаноў (больш за 18 тыс. дзяцей), у т.л. 18 дашкольных устаноў з паглыбленымі кірункамі дзейнасці (замежная мова, экалагічнае выхаванне, музычная і тэатральна-мастацкая творчасць), 2 санаторныя сады (пульманалагічнага профілю і для тубвіражных дзяцей); 48 навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 35 тыс. навучэнцаў), у т.л. 3 ліцэі і 3 гімназіі з фізіка-матэматычным, філалагічным, грамадска-эканамічным, хіміка-біялагічным, эканамічна-прававым і інш. профілямі; 6 музычных і 23 дзіцяча-юнацкія спартыўныя школы; 16 прафесесійна-тэхнічных вучылішчаў (больш за 7 тыс. навучэнцаў); 10 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў (больш за 7 тыс. студэнтаў), у т.л. школа міліцыі, вучылішчы медыцынскага і алімпійскага рэзерву; 4 ВНУ, у т.л. недзяржаўны фінансава-эканамамічны інстытут[29].
Адміністрацыйны падзел
Магілёў падзяляецца на 2 адміністрацыйныя раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. Цэнтральны раён скасаваны ў 2003 годзе.
Кастрычніцкі раён г. Магілёва заснаваны 25 снежня 1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. У 1980-я гады пачалося жыллёвае будаўніцтва для хімікаў. У раёне сканцэнтравана больш за палову прамысловага і тэрытарыяльнага патэнцыялу Магілёва. Два прадпрыемствы Кастрычніцкага раёна — вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно» і сумеснае прадпрыемства «Белпак» — вырабляюць 77 % прадукцыі раёна, а разам з аўтазаводам імя С. Кірава і мясакамбінатам — 90 %. Гэтыя прадпрыемствы вызначаюць палажэнне не толькі ў раёне, але і ў горадзе ў цэлым. Акрамя гэтага, у раёне знаходзіцца яшчэ 27 прадпрыемстваў: аўтобусны парк, АП «Вольт» і інш. Працуе больш за 30 магазінаў, бібліятэкі, дзіцячы парк, кінатэатры «Ветразь» і «Космас», Палац культуры «Хімвалакно», «Лядовы палац», Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, Сучасны гуманітарны інстытут[30].
Ленінскі раён Магілёва заснаваны 25 снежня1962 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, згодна з якім у горадзе было створана два раёны: Ленінскі і Кастрычніцкі. У 1979 годзе Ленінскі раён даў нараджэнне яшчэ адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы — Цэнтральнаму раёну. Плошча Ленінскага раёна — 24,9 км², у тым ліку каля 500 га зялёных насаджэнняў, у прыватнасці — Пячэрскі лесапарк. Колькасць жыхароў раёна паводле перапісу 1999 г. — 95958 чалавек.
У раёне размешчана 22 прамысловыя прадпрыемствы. Яго эканоміка прадстаўлена наступнымі галінамі: машынабудаванне, прыборабудаванне, дрэваапрацоўчая вытворчасць, лёгкая і харчовая прамысловасць і інш. Да паслуг жыхароў раёна — Дом спорту, спорткомплекс «Лакаматыў», фізкультурна-аздараўляльны камбінат, 23 спартыўныя залы, 3 басейны і г. д. Вельмі папулярныя масавыя святы, якія праходзяць на стадыёне «Лакаматыў».
У Ленінскім раёне дзейнічаюць абласны тэатр лялек, Цэнтр культуры і вольнага часу, два Домы культуры, 6 клубаў, 11 творчых калектываў, працуе дзіцячая школа мастацтваў, музыкальная школа, 5 масавых бібліятэк, ведамасныя бібліятэкі і інш.[31].
Цэнтральны раён быў створаны 7 снежня 1979 г. ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР шляхам разбуйнення ўжо існуючых Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў. На тэрыторыі раёна знаходзіліся: Магілёўскі ўніверсітэт імя А. Куляшова, Магілёўскі недзяржаўны фінансава-эканамічны інстытут, педагагічны факультэт Беларускай акадэміі музыкі, 6 сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, 7 прафесійна-тэхнічных вучылішчаў, 17 школ; абласны драматычны тэатр і 3 кінатэатры; 5 музеяў; касцёл Св. Станіслава (18 ст.), жаночы манастыр (17—18 стст.), архіярэйскі і архіепіскапскі палацы (18 ст.). На тэрыторыі раёна знаходзілася больш за 35 прадпрыемстваў: завод «Зеніт» па вытворчасці апаратуры высокачастотнай сувязі, завод «Электрарухавік», Магілёўская фабрыка марожанага, ПКФ «Валеры», адкрытае акцыянернае таварыства «Лента» і інш.[32]. Раён скасаваны ў 2003 годзе.
У выніку археалагічных раскопак на ўсходняй ускраіне Магілёва выяўлены стаянка позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.), старажытныя гарадзішчы Пелагееўскае (6 ст. да н.э. — 13 ст. н.э.) і Магіла (5 ст.)[29].
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
↑В. Б. Караткевіч, Т. І. Чарняўская. Магілёў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Беларуская савецкая энцыклапедыя, [1986—1988]. — С. 44—50.
↑Беларускія летапісы і хронікі: пер. са старажытнарус., старабел., пол. / склад. У. Арлоў; рэд. В. Чамярыцкі. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997. С. 294.
↑Физико-географические условия и особенности города // Климат Могилёва. — Л., 1982. — С. 5—8.
↑Поверхностные воды // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 10.
↑Гидрогеология месторождений полезных ископаемых // Кудельский, А. В. Подземные воды Беларуси / Кудельский А. В., Пашкевич В. И., Ясовеев М. Г. — Мн., 1998. — С. 222—235.
↑Общая характеристика климата Могилёва // Климат Могилёва. — Л., 1982. — С. 120—127.
↑Животный мир // Могилёв : энцикл. справочник. — Мн., 1990. — С. 11—12.
↑Птушкі паркаў і садоў Магілёўшчыны. Іх ахова // Радзімазнаўства. — Магілёў, 1992. — Вып. 6. — С. 163
Агееў, А. Р. Фарміраванне і дзейнасць Магілёўскага Беларускага Камітэта (1917—1918): манаграфія / А. Р. Агееў, І. А. Пушкін. — Магілёў : МДУ імя А. А. Куляшова, 2017. — 292 с.