Слава́кія (славацк.: Slovensko), Слава́цкая Рэспу́бліка (славацк.: Slovenská republika), таксама Слава́ччына[2] — дзяржава ва Усходняй[заўв 1] (Цэнтральнай[заўв 2]) Еўропе, якая не мае выхаду да мора. Плошча складае 49 036 км², а насельніцтва — прыкладна 5,43 мільёнаў чалавек. Мяжуе з Чэхіяй (працягласць меж складае 251,8 км), Аўстрыяй (працягласць меж — 107,1 км), Польшчай (працягласць меж — 541,1 км), Украінай (працягласць меж — 97,8 км) і Венгрыяй (працягласць меж — 654,8 км)[3]. Сталіца і найбуйнейшы горад — Браціслава.
Назва Славакіі ў значэнні «краіна, заселеная славакамі» ўпершыню адзінкава згадвалася ў 1029 г. у словазлучэнні «dux Sclavonie», а пазней часта ў розных варыянтах і мовах з XV ст. Аднак дакладна незразумела, ці мелася на ўвазе ў цэлым «славянская» ці канкрэтна «славацкая» тэрыторыя, як гэта часта бывала і са «славенскімі»тапонімамі. Славацкая гістарыяграфія часта сыходзіць з таго, што тэрмін «славен», або «славэн», «славенскі», ці «славэнскі», яшчэ з часоў Вялікамаравіі паказвае на генетычных продкаў славакаў.
Сучасная славацкая форма — «Slovensko» — была ўпершыню зафіксавана ў 1675 г. у дакуменце броўмаўскай шляхты, накіраваным гетману краю ў горад Угерске-Градзіштэ[4]. Часцей гэту назву пачалі ўжываць у пачатку XIX ст. Для пазначэння тэрыторыі ў гістарычных дакументах часта карысталіся варыянтам «Верхневугорскія славацкія ваколіцы» (славацк.: Hornouhorské slovenské okolie), напрыклад у «Мемарандуме славацкай нацыі» або «Венскім мемарандуме(славацк.) (бел.», у якіх прадстаўнікі славацкага народа дамагаліся пэўнай аўтаноміі на ўласнай этнічнай тэрыторыі.
Першае сведчанне аб засяленні тэрыторыі Славакіі людзьмі паходзіць з канца палеаліту — прыкладна 250 тыс. гадоў таму. Чэрапнеандэртальца быў знойдзены на тэрыторыі вёскі Ганаўцы(славацк.) (бел., статуя Венеры — на тэрыторыі вёскі Мораваны-над-Вагам(славацк.) (бел.. Прыкладна 5000—4000 гадамі да н. э. датуюцца першыя земляробныя прылады, знойдзеныя на тэрыторыі сучаснай Славакіі ў пячоры Доміца — каменныя сякеры, кліны, скрабкі і інш.
З канца IV ст. да н. э. тэрыторыю сучаснай Славакіі ў некалькі хваль засяляе адна з першых вядомых аформленых этнічных груп таго часу — кельты. Аб прысутнасці ў Славакіі кельтаў існуюць пісьмовыя сведчанні ў рымскіх крыніцах. У I ст. да н. э. на тэрыторыю Славакіі прыходзяць дакі, пад іх ціскам кельты адступаюць далей на поўнач, таму прадстаўнікі гэтых двух этнічных груп змешваюцца між сабой, утвараючы таксама змешаную культуру.
З пачатку н. э. дакаў і кельтаў выштурхоўваюць плямёны германцаў. На тэрыторыі Славакіі было ўтворана каралеўства Ванія(славацк.) (бел. — аднаго з правадыроў германцаў — рака Дунай утварала яго мяжу з Рымскай імперыяй.
У 1918 г. Славакія стала часткай Чэхаславакіі. Падчас хаосу, які адбываўся пасля распаду Аўстра-Венгрыі, на частцы тэрыторыі Славакіі кароткі тэрмін існавала дзяржаўнае ўтварэнне з камуністычнай ідэалогіяй — т. зв. Славацкая Савецкая Рэспубліка (сталіца знаходзілася ў Прэшаве). Славакія ў межах Чэхаславакіі развівалася асобна ў галіне культуры. У канцы 1930-х гадоў Адольф Гітлер пачаў выкарыстоўваць факт этнічнай рознасці славакаў і чэхаў, а таксама наяўнасць на тэрыторыі Чэхаславакіі нямецкай меншасці ва ўласных знешнепалітычных мэтах: спачатку ён заняў частку зямель Чэхаславакіі, а потым цалкам анексаваў гэту краіну, у выніку перамоў дапамогшы славакам стварыць Першую Славацкую Рэспубліку. Такім чынам, падчас Другой сусветнай вайны Славакія выступала як саюзнік Трэцяга рэйха. У адказ на ўступленне нямецкай арміі на тэрыторыю Славакіі ў 1944 г. славацкае супраціўленне ўзняла Славацкае нацыянальнае паўстанне з палітычным і вайсковым цэнтрам у Банска-Бістрыцы. Адкрытае паўстанне было задушана, таму паўстанцы перайшлі да партызанскай тактыкі. Ад нацыстаў Славакія была вызвалена Чырвонай арміяй, якая прыйшла з усходу.
Пасля Другой сусветнай вайны адбылося аднаўленне Чэхаславакіі, якая трапіла пад сферу ўплыву СССР. Пасля 1948 г., калі да ўлады ў выніку Лютаўскага перавароту прыйшлі камуністы, пачалася нацыяналізацыя прыватных прадпрыемстваў і распачалася прымусовая калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Эканамічная адсталасць і незадаволенасць дзеяннямі камуністычнай партыі прывялі ў 1968 г. да падзей, якія ўвайшлі ў гісторыю як Пражская вясна, пасля якой у краіне адбыліся пэўныя палітычныя змены. 21 жніўня1968 г. гэтыя працэсы былі задушаны ўварваннем у Чэхаславакію войскаў Варшаўскага дагавора(славацк.) (бел.. У выніку распачалася, т. зв. палітыка нармалізацыі, якую ў хуткім часе змяніла брэжнеўская палітыка. У 1989 г. камуністычны рэжым быў зрынуты ў выніку Аксамітнай рэвалюцыі, і Чэхаславакія стала дэмакратычнай дзяржавай.
Славакія знаходзіцца ў Цэнтральнай Еўропе і характарызуецца горным ландшафтам на поўначы і раўнінамі на поўдні.
Населеныя пункты
Славакія мае параўнальна густую сетку населеных пунктаў: на яе тэрыторыі знаходзяцца 2891 афіцыйна зарэгістраваныя месцы пражывання людзей, з якіх 138 маюць статус гарадоў (інфармацыя станам на 2009 г.)[6]. Найбуйнейшымі гарадамі па колькасці насельніцтва з’яўляюцца Браціслава і Кошыцы, потым Прэшаў, Жыліна, Нітра, Банска-Бістрыца і Трнава. У гарадах пражывае больш за 57 % насельніцтва.
Клімат Славакіі займае прамежкавае становішча паміж кантынентальным і акіянічным. Паводле Кёпена мяжа між імі праходзіць паміж усходняй і цэнтральнай Славакіяй. Клімат Славакіі можа быць падзелены на 3 зоны:
Нізіны
Нізінная падзона з пераважным акіянскім уплывам: прыкладная сярэднегадавая тэмпература складае каля 10 °C; прыкладная сярэднегадавая тэмпература найцяплейшага месяца — каля 20 °C, а найхаладнейшага месяца — каля −3 °C. Гэта Дунайская і Загарская нізіны. Тыповымі гарадамі з такім кліматам з’яўляюцца Браціслава і Гурбанава(славацк.) (бел..
Нізінная падзона з пераважным кантынентальным уплывам: прыкладная сярэднегадавая тэмпература складае каля 9 °C; прыкладная сярэднегадавая тэмпература найцяплейшага месяца — каля 20 °C, а найхаладнейшага месяца — каля −3 °C. Гэта Усходнеславацкая нізіна і Кошыцкая катлавіна(славацк.) (бел.. Тыповым горадам з такім кліматам з’яўляюцца Кошыцы.
Катлавіны: прыкладная сярэднегадавая тэмпература складае ад 5 °C да 8,5 °C; прыкладная сярэднегадавая тэмпература найцяплейшага месяца — 15—18,5 °C, а найхаладнейшага месяца — −3… −6 °C. Тыповымі гарадамі з такім кліматам з’яўляюцца Попрад, Сліяч(славацк.) (бел. і Жыліна.
Горы: прыкладная сярэднегадавая тэмпература складае каля 5 °C; прыкладная сярэднегадавая тэмпература найцяплейшага месяца — 15 °C, а найхаладнейшага месяца — каля −5 °C. Тыповы клімат горнай зоны характэрны для Шчырбскага возера(славацк.) (бел., гары Хопак(славацк.) (бел. і гары Ломніцкі Шціт(славацк.) (бел..
Большую частку тэрыторыі Славакіі займаюць Заходнія Карпаты з характэрным горным тэктанічным покрывам, які з’яўляецца адной з частак Міжземнаморскага складкаватага пояса(славацк.) (бел.. Заходнія Карпаты падзяляюцца на некалькі зон[7]. Верхнія Заходнія Карпаты(славацк.) (бел. (якія ляжаць на вонкавай — паўночнай частцы Карпацкай дугі) праходзілі тэктагенез(славацк.) (бел. у канцы палеагену і ў пачатку неагену. Яны складаюцца пераважна з карпацкага флішу(славацк.) (бел.. Геалагічна складаная скальная зона(славацк.) (бел. ўтварае вонкавую мяжу Цэнтральных Заходніх Карпатаў(славацк.) (бел.. Да Цэнтральных Заходніх Карпатаў адносяцца Фатранска-Татранская вобласць, вэпарская зона(славацк.) (бел. і гэмарская зона(славацк.) (бел., якія разам утвараюць самую высокую і вялікую частку Славакіі. Менавіта таму горная парода ў Славакіі дужа разнастайная. На поўдзень ад іх знаходзяцца Унутраныя Заходнія Карпаты(славацк.) (бел., утвораныя мэліяцкай зонай(славацк.) (бел.. Сярод іншых больш паўднёвых зон Заходніх Карпатаў на тэрыторыі Славакіі знаходзіцца толькі зэмплінская зона(славацк.) (бел., якая знаходзіцца ў раёне Зэмплінскіх гор(славацк.) (бел.. Прыкладна з поўдня на поўнач адбываецца наслаенне зон адна на адну. Найважнейшыя тэктагенныя рухі паўплывалі на Заходнія Карпаты ў перыяд верхняй юры, сярэдняга мелу і міяцэну. Па заканчэнні асноўных гораўтваральных рухаў, у палеагене і неагене пачалі з’яўляцца разломы(славацк.) (бел., некаторыя з якіх утварылі, так званыя, палеагенавыя і неагенавыя катлавіны. Пэўны перыяд у выніку вулканічнай актыўнасці ўтвараліся эфузіўныя горныя пароды, асабліва шырока прадстаўленыя ў цэнтральнай і ўсходняй Славакіі. У пачатку антрапагену вулканічная актыўнасць у Славакіі сціхла. Падчас ледавіковай эпохі ў найвышэйшых гарах узніклі ледавікі. З апошняй трэці антрапагену і дагэтуль назіраецца эразіўнае дзеянне ветру і рэк на горныя пароды.
Карысныя выкапні
Здабыча мінеральных рэсурсаў з’яўляецца адной з асноў металургічнай вытворчасці, хімічнай і будаўнічай прамысловасці, а таксама істотна ўплывае на іншыя галіны эканомікі. У 2009 г. кошт горназдабываючай прамысловасці Славакіі склаў 329,59 млн еўра ў бягучых цэнах, што склала 0,52 % ВУП[8].
Сярод энергетычных рэсурсаў сёння ў Славакіі ўжываюцца нафта, прыродны газ і буры вугаль. Здабыча нафты пакрывае толькі каля 1 % дзяржаўнай патрэбнасці ў энергарэсурсах, здабыча прыроднага газу — 3 %, калі здабыча бурага вугалю пакрывае 80 % унутранага спажывання. Астатнія энергарэсурсы, як і ўвесь чорны вугаль, імпартуюцца ў Славакію з Чэхіі. Іншыя энергарэсурсы, як антрацыт, бітум, гліністы сланец і несмалісты газ, здабываць пры сучасных цэнах нерэнтабельна. Знойдзены эканамічна цікавыя запасы ўрану (напрыклад, унутры гары Ягадна(славацк.) (бел.), аднак іх распрацоўка яшчэ не пачалася. Сярод руд Славакія пэўны час здабывала толькі жалезную руду (сідэрыт), здабыча якой пакрывала 11 % унутранага спажывання, аднак летам 2008 г. здабыча была спынена. У Славакіі, у адрозненні ад суседніх краін, ёсць запасы сурмы, але ў сучаснасці яны не распрацоўваюцца. Краіна мае значныя запасы нярудных карысных выкапняў, з якіх галоўным па прыярытэтнасці здабычы з’яўляецца магнезіт, які Славакія экспартуе, пакрываючы такім чынам 6 % сусветнага рынку гэтага мінерала. У глабальным маштабе значнай з’яўляецца і здабыча перліту і цэалітаў. Важную ролю граюць і нядаўна адкрытыя радовішчы тальку ў вёсцы Гэмарска-Полама(славацк.) (бел.. Іншыя славацкія нярудныя карысныя выкапні ўключаюць у сябе барыт, бентаніт, каалін (пакрываецца 26 % унутранага спажывання), керамічныя гліны, базальт, будаўнічы і абліцовачны камень, даламіт, вапняк, галіт (пакрываецца 20 % унутранага спажывання), ангідрыт (пакрываецца 45 % унутранага спажывання), кварц, пясок і інш. У мінулым краіна была адным з вядучых вытворцаў самародных золата, срэбра, медзі і іншых руд, запасы якіх былі цалкам вычарпаны да нашага часу.
44,3 % тэрыторыі рэспублікі (2,17 млн га) пакрытыя лясамі[9]. 60 % раслін ліставыя, 40 % — хвойныя, прычым пераважаюць расліны ва ўзросце ад 60 да 100 гадоў. Сярод парод, якія выкарыстоўваюцца ў дрэваапрацоўцы, пераважае (займае ⅓ долю ад усіх) бук, затым елка і дуб. 60 % плошчы лясоў знаходзяцца ў падпарадкаванні дзяржаўных арганізацый.
У Славакіі ахову прыроды забяспечваюць 9 нацыянальных паркаў, прычым найвялікшым і найстарэйшым з’яўляецца Татранскі нацыянальны парк. Увогуле на тэрыторыі Славакіі знаходзяцца 1082 невялікія прыродаахоўныя тэрыторыі[10], 382 тэрыторыі агульнаеўрапейскага значэння[11] і 38 тэрыторыі для аховы птушак[12].
З 1996 г. Славакія дзеліцца на 8 краёў, якія з 2002 г. маюць пашыраныя правы самакіравання і называюцца ў Канстытуцыі рэспублікі найвышэйшымі тэрытарыяльнымі адзінкамі (славацк.: vyššie územné celky). Назвы краёў надаваліся ў адпаведнасці з іх адміністрацыйнымі цэнтрамі.
Доля цыганоў паводле апошняга перапісу (або ў адпаведнасці з іх уласнымі дэкларацыямі) складае 1,7 %, але паводле вынікаў інтэрв’ю з прадстаўнікамі мясцовага самакіравання (задавалася пытанне этнічнай прыналежнасці насельніцтва, якое пастаянна пражывае на падкантрольнай тэрыторыі) гэта лічба складае 5,6 %. Трэба, аднак, адзначыць, што ў выпадку прымання на веру вышэй згаданых 5,6 % варта зменшыць агульную колькасць славакаў і венграў у табліцы на 4 %.
Мовы
Мовы этнічных меншасцей могуць выкарыстоўвацца ў кантакце з уладамі ў тых базавых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках, дзе доля прадстаўнікоў этнічнай меншасці ў структуры насельніцтва перавышае 20 %. На практыцы гэта тычыцца больш чым сотні венгерскіх вёсак, дзесяці русінскіх/украінскіх вёсак, цыганскіх абшчын і адной нямецкай вёскі.
Родная мова
Моўны склад насельніцтва Славакіі паводле роднай мовы[13]:
Славацкая Рэспубліка з’яўляецца плюралістычнай дэмакратыяй парламенцкага тыпу — парламенцкай рэспублікай.
Заканадаўчая ўлада
Парламент (Нацыянальная Рада Славацкай Рэспублікі) з’яўляецца найвышэйшым заканадаўчым органам дзяржавы. Ён складаецца з 150 членаў — пасланцаў, абраных у дэмакратычных выбарах, якія адбываюцца (за выключэннем выпадкаў датэрміновых выбараў) адзін раз на чатыры гады. Выбарчая сістэма падчас выбараў у Нацыянальную Раду Славакіі з’яўляецца прапарцыянальнай, такім чынам вынікі выбараў у вялікай ступені залежаць ад галасоў выбаршчыкаў. Калі кандыдаты вылучаюцца ў выбарчыя спісы ад партый, яны здымаюцца з выбараў у тых выпадках, калі іх праграма супярэчыць праграме партыі або калі яны выйшлі са складу партыі, г. зн. што дзейнічае імператыўны мандат.
Выканаўчая ўлада
Кабінет міністраў складаецца з міністраў, што паходзяць з палітычных партый, якія сфарміравалі кааліцыю большасці, г. зн. маюць больш за 75 месцаў у Нацыянальнай Радзе Славацкай Рэспублікі. Кіраўніком урада з’яўляецца прэм’ер-міністр, які не мае непасрэднай міністэрскай улады над асобнымі міністэрствамі. У выпадках, калі дэпутаты становяцца міністрамі, яны часова адмаўляюцца ад сваіх дэпутацкіх мандатаў і замяняюцца намеснікамі (для параўнання: у Чэхіі ў міністраў застаюцца дэпутацкія мандаты, што, у сваю чаргу, прыводзіць да частай адсутнасці міністраў на рабочых месцах праз неабходнасць галасаваць у парламенце).
У выпадку адстаўкі ці звальнення міністр мае права вярнуцца ў парламент у якасці звычайнага дэпутата.
Прэзідэнт
Прэзідэнт у Славакіі з’яўляецца кіраўніком дзяржавы. Прэзідэнт Славацкай Рэспублікі разам з прэм’ер-міністрам і спікерам парламента — найвышэйшыя канстытуцыйныя чыноўнікі ў краіне (таму дзейнічаюць некаторыя абмежаванні: напрыклад, яны не могуць адначасова лятаць у адным самалёце). Функцыі прэзідэнта ў Славакіі носяць, хутчэй, фармальны характар. Яго паўнамоцтвы, напрыклад, уключаюць зацвярджэнне пасады прэм’ер-міністра, які абіраецца. Акрамя гэтага, прэзідэнт валодае, так званым правам «малога вета» — можа вярнуць закон на паўторны разгляд Нацыянальнай Радай. Для ажыццяўлення права «малога вета» ў Радзе павінна быць абсалютная большасць пасланцаў — г. зн. мінімум 76 чалавек. Для дасягнення парламенцкага кворуму з нагоды «малога вета» павінна прысутнічаць простая большасць галасоў, г. зн. мінімум 38. Акрамя іншых правоў, прэзідэнт выбірае канстытуцыйных суддзяў з ліку колькасці кандыдатаў, якая ў два разы перавышае колькасць суддзяў: кандыдаты ці атрымліваюць гранты Нацыянальнай Рады, ці вылучаюцца з ліку людзей, якія маюць пэўныя ўзнагароды. Станам на 2014 г. прэзідэнтам Славакіі з’яўляецца Андрай Кіска.
Знешняя палітыка
Славацкая Рэспубліка — член Еўрапейскага Саюза з 2004 г. Славакія прымае актыўны ўдзел у вайсковых аперацыях НАТА (член з 2004 г.). Існуе злучэнне славацкіх міратворцаў (разам з чэшскімі) у Косаве. Пасля тэрактаў 11 верасня 2001 г. у ЗША ўрад Славакіі адкрыў сваю паветраную прастору для самалётаў антытэрарыстычнай кааліцыі. У чэрвені 2002 г. Славакія абвясціла, што накіруе інжынерную брыгаду ў Афганістан.
Дыпламатычныя адносіны ўрады ўстанавілі 14 студзеня1993 года. 1 кастрычніка2000 года ўрад Славакіі ператварыў сваё генеральнае консульства ў Мінску ў пасольства. 28 жніўня2002 года генеральнае консульства Беларусі ў Браціславе пераўтворана ў пасольства. Першым беларускім паслом у Славакіі быў Валерый Варанецкі[18].
У мінулым у Славакіі вырабляліся пераважна прадукты цяжкага машынабудавання для краін СЭУ і іншых саюзнікаў СССР, аднак пасля 1989 г. гэты рынак абваліўся.
Нізкія выдаткі на працоўную сілу і падатковая рэформа ў пачатку XXI ст. зрабілі Славакію прывабнай краінай для замежных інвестараў, асабліва ў галіне аўтамабільнай прамысловасці, якая займае ў эканоміцы рэспублікі надзвычай моцныя пазіцыі: менавіта ў Славакіі вырабляецца найбольшая на планеце колькасць аўтамабіляў на аднаго грамадзяніна. Тут знаходзяцца заводы «Volkswagen» у Браціславе, «PSA Peugeot—Citroën» у Трнаве і «Kia» ў Жыліне. Другой найбольш важнай галіной прамысловасці з’яўляецца электратэхнічная прамысловасць: у Нітры знаходзіцца завод «Sony», каля Галанты — «Samsung». Славацкая прамысловасць мае пазітыўныя перспектывы развіцця і дэманструе стабільны штогадовы рост. Напрыклад, у 2011 г. у Славакіі былі выраблены 926 555 аўтамабіляў (менавіта тады краіна заняла першае месца на планеце па колькасці вырабленых аўтамабіляў на душу насельніцтва — 171 машыны на тысячу грамадзян), а ўжо ў 2013 г. вытворчасць павялічылася прыкладна да 980 000 аўтамабіляў[19].
Славакія мае развітую сельскую гаспадарку, якая выкарыстоўвае 19 350 км² сельскагаспадарчых угоддзяў (39,5 % плошчы краіны). У пачатку XX ст. у гэтай сферы былі заняты 60 % насельніцтва. Сёння ў сельскай гаспадарцы, паляванні і сумежных галінах занятыя каля 4,9 % эканамічна актыўнага насельніцтва (100 050 чалавек)[21]. Найлепшыя ўмовы для вырошчвання сельскагаспадарчых культур у нізінах, прычым вырошчваюцца пераважна збожжавыя (60 % ад занятай зямлі), насенне алейных культур, адна- і шматгадовыя кармавыя расліны. Бульба, бабовыя, гародніна (асабліва памідоры, белая капуста, цыбуля, папрыка і морква) займаюць разам каля 3 % раллі[22]. У Славакіі вылучаюць 6 рэгіёнаў вінаградарства. Большасць сартоў вінаграду вырошчваецца пераважна ў заходняй, цэнтральнай і, у меншай ступені, ва ўсходняй Славакіі. Землі на ўзвышшах выкарыстоўваюцца ў якасці паш для буйнога рагатага быдла і авечак, але найбольшая частка пагалоўя канцэнтруецца ў нізінах, бо там лепшая кармавая база.
Колькасць жывёл большасці відаў ужо даўно мае тэндэнцыю да зніжэння, пераважна з прычыны зніжэння попыту на ўнутраным рынку і нізкай пакупніцкай здольнасці мясцовага насельніцтва[22].
Структура зямельнага фонду Славацкай Рэспублікі ў перыяд 2007—2012 гг. была наступная (уся інфармацыя прыведзеная ў гектарах на 1 студзеня дадзенага года)[24]:
Славакія прыцягвае сваёй прыроднай прыгажосцю, асабліва ў гарах, пячорах, але таксама і такімі культурнымі і гістарычнымі славутасцямі, як сярэдневяковыя Грады і гарады, народная архітэктура, крыніцы і гарналыжныя курорты. Па некаторых дадзеных, краіна мае найбольшую канцэнтрацыю замкаў (тут іх традыцыйна прынята называць «Грады») на душу насельніцтва. У 2006 г. Славакію наведалі больш за 1,6 млн чалавек. Найбольшая колькасць наведванняў прыйшлася на сталіцу і Татры[25]. Турысты прыязджаюць пераважна з Чэхіі (каля 26 % ад усіх турыстаў), Польшчы (15 %) і Германіі (11 %). З прычыны адсутнасці гор у Беларусі Славакія карыстаецца попытам у беларускіх аматараў горных лыж праз адносна нізкія кошты і выгоднае геаграфічнае знаходжанне.
Сфера паслуг
Сфера паслуг у Славакіі пасля атрымання ёю незалежнасці развіваецца хутка. У сферы паслуг працуе каля 57 % насельніцтва краіны. 59 % ВУП Славацкай Рэспублікі складаецца за кошт іменна гэтай сферы. Асабліва дынамічна развіваецца турызм: за перыяд з 2001 г. па 2005 г. прыбыткі ў гэтай галіне выраслі ў 2 разы.
Энергетыка
Богуніцы
Мохаўцы
Актыўныя АЭС у Славакіі.
Першаснае энергетычнае ўжыванне Славакіі складала 194 ТВт·г (каля 36 ТВт·г на мільён чалавек) у 2009 г. Славацкая Рэспубліка — тыповы энергетычны імпарцёр: у краіну імпартуецца 63 % ад першасна ўжыванай энергіі[26].
Славакія мае 4 дзеючыя ядзерныя рэактары на 2 АЭС, уведзеныя ў эксплуатацыю ў перыяд паміж 1984 г. і 1999 г. На долю ядзернай энергіі прыходзіцца прыкладна 52 % электрычнасці Славацкай Рэспублікі[27].
Па дадзеных на канец 2010 г. аб’ём энергіі ветру, які выкарыстоўваўся ў Славакіі, склаў 3 МВт·г, што з’яўлялася найніжэйшым паказчыкам сярод краін ЕС, акрамя бадай што Мальты і Славеніі[28].
«Slovnaft» — найбуйнейшая нафтаапрацоўчая кампанія ў рэспубліцы. «Славацкая газавая прамысловасць» (славацк.: Slovenský plynárenský priemysel) — асноўная кампанія, якая забяспечвае прыродным газам краіну.
Транспарт
Паветраны транспарт
У Славакіі знаходзяцца 36 аэрапортаў (у тым ліку 20 з цвёрдым пакрыццём)[29]. Славакія мае 6 міжнародных аэрапортаў: у Браціславе, Кошыцах, П’ешцянах, Попрадзе, Сліячы і Жыліне. Найвялікшы аэрапорт у Славакіі знаходзіцца ў Браціславе. У 2009 г. гэтым аэрапортам былі перавезены 1 710 018 пасажыры[30].
Чыгунка Славацкай Рэспублікі ў 2007 г. мела працягласць 3690 км[31] нармальных, шырокіх і вузкіх каляін і 1923 км ліній з блакіровачным абсталяваннем. Акрамя таго, ёсць 1159 перасячэнні чыгуначных пуцей з сігналізацыяй, 8773 пераключальнікі каляін, 76 тунэлі агульнай працягласцю 43,3 км, 2283 масты агульнай даўжынёй 46,7 км і 2344 чыгуначныя пераезды. Кампанія «Славацкая чыгунка» юрыдычна кантралюе ўсю чыгунку Славакіі. Найбуйнейшыя чыгуначныя вузлы: Браціслава, Жыліна, Кошыцы, Зволен і Нове-Замкі. Найдаўжэйшы тунэль у Славакіі, а таксама ў былой Чэхаславакіі — Чрэмашнянскі тунэль(славацк.) (бел. даўжынёй 4697 м.
Сярод славутасцей чыгуначнага транспарту можна вылучыць Кісуцка-ораўскую лясную чыгунку(славацк.) (бел.. Яна функцыянавала з 1926 г. па 1971 г., а зараз з’яўляецца турыстычным аб’ектам.
Аўтамабільны транспарт
Агульная працягласць дарог складае 42 993 км: 37 533 км з удасканаленым пакрыццём (у тым ліку 415,5 км дарог для аўтамабіляў і 259 км хуткасных дарог) і 5460 км з неўдасканаленым пакрыццём. Вылучаюць наступныя катэгорыі дарог: I класа, II класа, III класа, хуткасныя дарогі, дарогі для аўтамабіляў (D1, D2, D3, D4).
Водны транспарт
У Славакіі няма мораў. Водны транспарт ажыццяўляецца толькі па рэках (у дужках пазначана працягласць прыдатных для транспарту ўчасткаў рэк):
Рачныя парты знаходзяцца ў гарадах Браціслава і Комарна. Іншыя водныя вузлы выкарыстоўваюцца пераважна ў рэкрэацыйных і тэхналагічных мэтах. Быў рэалізаваны праект міжнароднага значэння па злучэнні Дуная праз Ваг з Одэрам і Віслай[32].
Трубаправоды
Праз Славакію праходзяць два трубаправоды — «Дружба» (працягласць складае 506,6 км) і «Адрыя» (працягласць — 8,5 км). Скрозь краіну таксама праходзіць «Брацтва» — галоўны трубаправод славацкай размеркавальнай сістэмы, які аб’ядноўвае ў сабе больш за 30 650 км труб[33].
Сувязь
Асноўнай кампаніяй, якая забяспечвае насельніцтва як стацыянарнай, так і мабільнай сувяззю (уключаючы таксама лічбавае ТБ, інтэрнэт і г. д.) з’яўляецца кампанія «Slovak Telekom», 51 % акцый якой належыць нямецкай кампаніі «Deutsche Telekom», а 49 % — ураду Славацкай Рэспублікі. Па дадзеных на 2010 г. больш за 100 кампаній мелі ліцэнзіі на забеспячэнне насельніцтва тэлекамунікацыйнымі паслугамі[34]. Праз шырокае пранікненне ў славацкае грамадства мабільных тэлефонаў колькасць функцыянуючых стацыянарных ліній пастаянна зніжаецца: з 1 655 380 у 1999 г. да 994 421 у 2010 г.[35] У Славакіі існуе каля 6 млн мабільных абанентаў. Сувязь стандарту GSM (па стане на 2010 г.) пакрывала 95,9 % тэрыторыі краіны і 99,6 % яе насельніцтва[36].
Ахова здароўя
Сучасная сістэма аховы здароўя ў Славакіі засноўваецца на дзяржаўным фінансаванні і ажыццяўляецца праз абавязковае для грамадзян Славацкай Рэспублікі медыцынскае страхаванне. Медыцынскае абслугоўванне кантралюецца Міністэрствам аховы здароўя Славацкай Рэспублікі і Бюро па наглядзе аховы здароўя.
У Славакіі існуе 5 страхавых кампаній, якія маюць права займацца медыцынскім страхаваннем, прычым 2 з іх — найбуйнейшыя — з’яўляюцца дзяржаўнымі. Грамадзяне Славацкай Рэспублікі маюць права свабодна выбіраць кампанію: насельніцтва амаль раўнамерна размяркоўваецца паміж імі, таму канкурэнцыя ў гэтай галіне нязначная. Кожны працуючы грамадзянін абавязаны плаціць страхавыя ўзносы, акрамя наступных ільготных катэгорый грамадзян (за іх узносы плаціць дзяржава з бюджэту):
беспрацоўныя і асобы, якія знаходзяцца ў стане пошуку працы;
Работадавец абавязаны рэгістраваць кожнага новага супрацоўніка ў адной са страхавых кампаній. Пры гэтым для работніка страхавы ўзнос складае 4 % ад базавага акладу, а работадавец плаціць астатнія 10 %. Пры гэтым працуючыя інваліды плацяць толькі 2,6 %: рэшта субсідзіруецца дзяржавай; а індывідуальныя прадпрымальнікі — усе 14 %. Мінімальная заработная плата, з якой вылічваюцца грошы на медыцынскую страхоўку, устаноўлена ў памеры 91 еўра. Варта адзначыць, што максімальная сума страхавога ўзносу з’яўляецца лімітаванай, што робіць сістэму аховы здароўя Славацкай Рэспублікі дужа прывабнай для багатых людзей. Страхаванне пакрывае ўсе медыцынскія паслугі (нават рэабілітацыю), акрамя стаматалагічных і неабавязковых (эстэтычная медыцына).
Хранічна хворыя асобы, цяжарныя жанчыны і ветэраны войнаў маюць права на бясплатнае забеспячэнне лекавымі сродкамі. Шмат іншых катэгорый грамадзян маюць права на частковае субсідзіраванне кошту лекаў[37].
Адукацыя
Абавязковая пачатковая 6-гадовая школьная адукацыя была ўведзена ў Славакіі ў 1868 г. З 1922 г. яна была падоўжана да 8-гадовай. У эру сацыялізму, якая надышла ў хуткім часе, тэрмін быў павялічаны да 10 гадоў, прычым атрымоўваць адукацыю можна было ці ў пачатковых і сярэдніх школах, ці ў васьмігадовых гімназіях. Узровень непісьменнасці складае каля 0,6 % ад агульнай колькасці насельніцтва, старэйшага за 15 гадоў. Дзейнічаюць дзяржаўныя, царкоўныя і прыватныя школы. Забяспечваецца таксама навучанне на некалькіх мовах нацыянальных меншасцей. У пачатковых школах навучаюцца дзеці ад 6 (або 7) да 14 (або 15) гадоў.
Усе стандартныя ступені адукацыі, у тым ліку дзяржаўная вышэйшая, прадастаўляюцца бясплатна. У Славакіі дзейнічаюць некалькі дзясяткаў ВНУ і ўніверсітэтаў. У 2006 г. вышэйшую адукацыю ў Славакіі атрымалі 34 535 выпускнікі[38], аднак аніводны ўніверсітэт Славакіі не ўваходзіць у лік 500 найлепшых універсітэтаў свету[39].
Навуковая дзейнасць і даследаванні ў Славакіі, як правіла, заказваюцца дзяржавай і фінансуюцца ўніверсітэтамі, навукова-даследчымі інстытутамі і Акадэміяй навук Славакіі. Прыватны сектар у навукова-даследчай галіне практычна адсутнічае. Сферамі ведаў, у якіх славацкія вучоныя маюць высокую кваліфікацыю, параўнальную з сусветным узроўнем, можна назваць тэхнічныя навукі і фізіку. Выдаткі на навуку і даследаванні, нягледзячы на намаганні павысіць іх да 2010 г. да 3 % ад ВУП, не паднімаюцца на працягу некалькіх гадоў вышэй за 0,5 % ад ВУП, прычым у 2008 г. нават назіраўся спад: выдаткі склалі ўсяго 0,47 % ад ВУП[41]. Варта адзначыць для параўнання, што ў 1989 г. выдаткі на навукова-даследчую дзейнасць складалі 3,9 % ад ВУП, што адпавядала сусветнаму ўзроўню[42][43].
Сілавыя структуры
Узброеныя сілы
Узброеныя сілы Славацкай Рэспублікі (да 2002 г. Армія Славацкай Рэспублікі) служаць найперш для аховы бяспечнасці дзяржавы, яе свабоды і суверэнітэту. Яны таксама выкарыстоўваюцца для дапамогі ў ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў або іншых надзвычайных здарэнняў. Са студзеня 2006 г., калі было вырашана скасаваць усеагульную вайсковую павіннасць, Узброеныя сілы Славацкай Рэспублікі сталі прафесійнай арміяй[44]. Узрост добраахвотнага далучэння да шэрагаў Узброеных сіл абмежаваны інтэрвалам паміж 18 і 30 гадамі. У арміі маюць права служыць як мужчыны, так і жанчыны. Адміністрацыйна Узброеныя сілы Славацкай Рэспублікі падзяляюцца на Сухапутныя, Паветраныя сілы і Сілы навучання і падтрымкі. Выдаткі на Узброеныя сілы Славакіі складаюць каля 2 % ВУП (у 2011 г. — 1,1 % ВУП, гэта былі на той час 655,79 млн еўра)[45]. У 2013 г. Узброеныя сілы Славацкай Рэспублікі складаліся з 14 501 ваенных і 6989 грамадзянскіх служачых.
Паліцыя
Абавязкі паліцыі размяркоўваюцца на дзяржаўны і мясцовы ўзроўні: акрамя Паліцыі Славацкай Рэспублікі (славацк.: Policajný zbor Slovenskej republiky), якая з’яўляецца па сутнасці агульнадзяржаўным паліцэйскім органам, існуюць разнастайныя муніцыпальныя паліцэйскія сілы. Пагатоў, кожны грамадзянін Славакіі, калі ён адпавядае пэўным крытэрыям, можа служыць у добраахвотнай паліцыі — своеасаблівай народнай дружыне па ахове парадку, за службу ў якой не надаюцца ніякія прывілеі. Зрэшты, паліцэйскія сілы Славакіі на агульнадзяржаўным узроўні не абмяжоўваюцца Паліцыяй Славацкай Рэспублікі: існуюць незалежныя Ваенная паліцыя, Чыгуначная паліцыя, Фінансавая паліцыя, а таксама спецыялізаваныя сілы, якія падпарадкоўваюцца розным міністэрствам у адпаведнасці з іх прызначэннем. Паводле дадзеных на 2012 г. у Славакіі служылі: 21 407 паліцэйскіх у Паліцыі Славацкай Рэспублікі, 2500 муніцыпальных паліцэйскіх і 750 добраахвотных паліцэйскіх — такім чынам, агульная колькасць паліцэйскіх у Славацкай Рэспубліцы ў 3 разы перавысіла колькасць паліцэйскіх у Фінляндыі, насельніцтва якой прыкладна такое жа па колькасці, як і насельніцтва Славакіі[46].
Пасля знікнення чэхаславацкага тэлебачання ў Славакіі з’явілася непасрэдна Славацкае тэлебачанне, якое мае два каналы — «Першы» і «Другі» («Трэці» канал спыніў вяшчанне ў 2011 г.). У 2011 г. «Першы» канал (да 2004 г. меў назву «STV 1») адзначыў сваё 55-годдзе. «Другі» канал (да 2004 г. меў назву «STV 2») транслюе пераважна славацкія дакументалістыку, спорт, славацкія і некамерцыйныя замежныя фільмы.
У 1996 г. пачала вяшчанне камерцыйная тэлекампанія «TV Markíza», якая доўгі час карысталася найбольшай папулярнасцю ў краіне. Яе дырэктар — Маціяс Сетале. Праз пэўны час быў запушчаны другі канал — «TV Doma» (мэтавая аўдыторыя — жанчыны), а затым і трэці — «TV Dajto» (мэтавая аўдыторыя — мужчыны). Быў таксама створаны і чацвёрты канал з назваю «TV Foor», аднак яго згарнулі ў 2014 г.
Колішні канал «TV Global» у 2002 г. трансфармаваўся ў «TV JOJ», які пашырыўся да яшчэ аднаго канала «JOJ Plus», а ў 2013 г. запусціў яшчэ два каналы: «TV WAU» і «TV SENZI». Дырэктар — Францішак Бораўскі.
Канал «TA3» транслюе навіны са Славакіі і замежжа.
У дадатак да гэтых каналаў у Славакіі вяшчаюць «TVA» (бізнес-адміністраванне), «Nautik TV» (раней спецыялізаваўся на акіянічным і марскім свеце, а цяпер ажыццяўляе перад усім інтэрактыўную трансляцыю), «MusicBox» (музыкальны канал), «Ring TV» (транслюецца ўночы замест «TA3», мае інтэрактыўнае вяшчанне), а таксама іншыя рэгіянальныя і лакальныя каналы.
Найбольш папулярныя тэлевізійныя каналы Славакіі (дадзеныя за 3—4 кварталы 2010 г.)[49]:
«TV Markíza» — 57,33 %;
«TV JOJ» — 36,80 %;
«Першы» — 21,17 %;
«TA3» — 4,88 %.
У сакавіку 2011 г. Славакія пачала пераход ад аналагавага тэлебачання да лічбавага[50].
Друк
Найбольш чытаныя перыядычныя выданні Славакіі (дадзеныя за 3—4 кварталы 2010 г.)[51]:
Цэнтрам біятлону ў Славакіі з’яўляецца маленькая вёска Осрбле(славацк.) (бел., дзе ў 1997 г. праходзіў Чэмпіянат свету па біятлоне. Спаборніцтвы ў вяслярным слаламе рэгулярна арганізоўваюцца ў Чунаве. У лыжнай зоне Шцірбскага возера знаходзяцца два трампліны, на каторых адбываліся Чэмпіянаты свету па скоках на лыжах у 1935 г. і ў 1970 г.
Зборная Славакіі па футболе не паказвае паспяховых вынікаў як на еўрапейскім, так і на сусветным узроўнях, нягледзячы на высокую папулярнасць футболу ў краіне. Футбольная асацыяцыя Славакіі арганізоўвае і праводзіць спаборніцтвы між славацкімі камандамі: Вышэйшая ліга, Першая ліга і г. д. У 2010 г. славацкая зборная ўпершыню ў гісторыі незалежнай Славакіі прайшла ў ⅛ фіналу на Чэмпіянаце свету па футболе ў ПАР. Найбольш знакамітыя славацкія футбольныя клубы — «ФК Слован Браціслава», «Жыліна» і «ФК Спартак Трнава».
Зборная Славакіі па хакеі дэманструе значныя поспехі: напрыклад, залаты медаль у 2002 г., сярэбраныя медалі на Чэмпіянатах свету ў 2000 г. і ў 2012 г., бронзавы медаль у 2003 г.). Федэрацыя хакею Славакіі з’яўляецца асноўным кіруючым органам у Славакіі ў галіне хакею і праводзіць шматлікія спаборніцтвы: Слаўнафт Экстраліга, Першая ліга, Першая жаночая ліга, Юніёрская ліга і г. д. У 2011 г. у Браціславе і Кошыцах праходзіў Чэмпіянат свету па хакеі, а ўпершыню гэта мерапрыемства ў Славакіі адбылося ў 1925 г. у Высокіх Татрах на натуральных прыродных катках.
↑Некрашэвіч, С., Байкоў, М. Расійска-беларускі слоўнік / Сьцяпан Некрашэвіч, Мікола Байкоў; [рэд. В. Булгакаў; прадм. С. Запрудскага]. — Смаленск: Інбелкульт, 2014. — 703 с. — С. 184. — ISBN 978-5-00076-013-0. Выданне распрацавана пад грыфам слоўнікавай камісіі гуманітарнай секцыі Інстытута беларускай культуры
↑Kováč, M., Plašianka, D., 2003: Geologická stavba oblasti na styku Alpsko-karpatsko-panónskej sústavy a priľahlých svahov Českého masívu. Univerzita Komenského, Bratislava, 88 s.
↑Baláž, P., Kúšik, D., 2010: Nerastné suroviny Slovenskej republiky, stav k roku 2009. Štátny geologický ústav Dionýza Štúra, Bratislava, 158 s. Dostupné onlineАрхівавана 14 снежня 2013.
↑ абThe World Factbook(нявызн.)(недаступная спасылка). Central Intelligence Agency. Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2020. Праверана 15 снежня 2014.
↑Štatistické údaje(нявызн.)(недаступная спасылка). Letisko M.R.Štefánika Bratislava. Архівавана з першакрыніцы 1 лістапада 2011. Праверана 15 снежня 2014.
↑Výdavky na výskum a vývoj(нявызн.)(недаступная спасылка). Štatistický úrad Slovenskej republiky (15 кастрычніка 2009 г.). Архівавана з першакрыніцы 12 лістапада 2014. Праверана 16 снежня 2014.
↑Počúvanosť rádií na Slovensku 2010(нявызн.)(недаступная спасылка). strategie.hnonline.sk (3 чэрвеня 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 12 сакавіка 2012. Праверана 16 снежня 2014.
↑Čítanosť tlače (MML + OMV)(нявызн.)(недаступная спасылка). strategie.hnonline.sk (3 чэрвеня 2011 г.). Архівавана з першакрыніцы 26 красавіка 2012. Праверана 17 снежня 2014.