Еўра быў уведзены ў безнаяўнае абарачэнне 1 студзеня 1999 года, а 1 студзеня 2002 года былі ўведзены ў наяўнае абарачэнне банкноты і манеты. Еўра замяніў у суадносінах 1:1 еўрапейскую валютную адзінку (ЭКЮ), якая выкарыстоўвалася ў еўрапейскай валютнай сістэме з 1979 па 1998 год.
Еўра кіруецца Еўрапейскай сістэмай цэнтральных банкаў (ЕСЦБ) на чале з Еўрапейскім цэнтральным банкам (ЕЦБ), размешчаным у Франкфурце-на-Майне (Германія). У ЕСЦБ, акрамя ЕЦБ, уваходзяць нацыянальныя цэнтральныя банкі ўсіх дзяржаў-членаў ЕС, незалежна ад таго, ці прынялі яны еўра ў якасці нацыянальнай валюты. ЕЦБ належыць выключнае права вызначаць грашова-крэдытную палітыку ў еўразоне. ЕСЦБ займаецца друкаваннем банкнот і чаканкай манет, размеркаваннем наяўных грошай па краінах еўразоны, а таксама забяспечвае функцыянаванне плацежных сістэм у еўразоне.
Усе члены Еўрасаюза маюць права ўвайсці ў еўразону, калі яны задавальняюць вызначаным патрабаванням да крэдытна-грашовай палітыцы, а для ўсіх новых членаў Еўрасаюза абавязак раней ці пазней перайсці на Еўра з’яўляецца абавязковай умовай уступлення.
Назва
Лацініцай назва валюты запісваецца як Euro (з вялікай ці маленькай літары — па-рознаму ў розных мовах), па-літоўску — euras, па-латышску — eiro, па-грэчаску — ευρώ. Кірылічнае напісанне ў балгарскай, македонскай, рускай і сербскай мовах — евро, у Чарнагорыі ўжываецца варыянт еуро, у беларускай мове — еўра, ва ўкраінскай — євро. На банкнотах назва валюты напісана вялікімі лацінскімі і грэчаскімі літарамі. Назва чытаецца ў адпаведнасці з арфаграфіяй канкрэтных моў, звычайна на ўзор таго, як вымаўляецца ў гэтай мове слова Еўропа: па-французску прыкладна ёро́, па-нямецку — о́йро, па-іспанску — э́уро, па-англійску — ю́ро і г. д.
Гісторыя
Еўра для безнаяўных разлікаў быў уведзены ў 1999 годзе. 1 студзеня2002 года з’явіліся банкноты і манеты. Наяўныя еўра замянілі нацыянальныя валюты 19 з 28 краін Еўрапейскага саюза.
У Швецыі і Даніі прайшлі рэферэндумы, на якіх большасць выказалася супраць прыняцця еўра. Вялікабрытанія таксама вырашыла не замяняць нацыянальную валюту. Латвія і Літва планавалі перайсці на еўра ў 2009 годзе, але з прычыны эканамічнага крызісу гэты пераход прыйшлося адкласці. У адрозненне ад Літвы і Латвіі, Эстонія змагла споўніць усе крытэрыі, неабходныя для пераходу на еўра, да 2011 года, і 12 мая 2010 года Еўракамісія выступіла з афіцыйнай прапановай аб далучэнні гэтай краіны да еўразоны 1-га студзеня 2011 года, што Эстонія і зрабіла.[1] З 1 студзеня 2014 года да еўразоны далучылася Латвія, 1 студзеня 2015 года — Літва[2], а 1 студзеня 2023 года — Харватыя.
Манеты і банкноты
Еўра складаецца са 100 цэнтаў (еўрацэнтаў). Усе манеты еўра, у тым ліку памятныя манеты вартасцю 2 еўра, маюць адзін агульны бок, на якім пазначана вартасць манеты на фоне схематычнай карты Еўропы. З другога, «нацыянальнага», боку знаходзіцца выява, абраная той краінай, дзе адчаканена манета. Усе манеты могуць выкарыстоўвацца ва ўсіх краінах, у якіх еўра з’яўляецца афіцыйнай валютай.
Усе банкноты еўра маюць агульны дызайн для кожнай вартасці на абодвух баках ва ўсіх краінах. Выпускаюцца банкноты вартасцю 500 €, 200 €, 100 €, 50 €, 20 €, 10 € и 5 €. Некаторыя банкноты вялікай вартасці, такія, як 500 € и 200 €, не выпускаюцца ў некаторых краінах, але ўсюды з’яўляюцца законным плацежным сродкам.