Лівія (араб.ليبيا)— арабская дзяржава на поўначы Афрыкі. На захадзе мяжуе з Алжырам, на паўночным захадзе з Тунісам, на поўдні з Чадам і Нігерам, на ўсходзе з Егіптам. На поўначы амываецца водамі Міжземнага мора, агульная працягласць міжземнаморскага ўзбярэжжа — 1860 км. Тэрыторыя — 1,76 млн км² (85 % прыходзіцца на пустыню). Сталіца — Трыпалі.
Прырода
Узбярэжжа Міжземнага мора раздзелена слаба, уздоўж яго працягваецца нізінная раўніна. Большую частку тэрыторыі краіны займае нізкае плато.
98 % тэрыторыі краіны займаюць пустыні і паўпустыні — асобныя часткі Сахары. На паўночным захадзе і паўночным усходзе ўздоўж узбярэжжа цягнецца нізінная паласа з перарывістым поясам аазісаў (Гадамес і інш.). На захадзе — вапняковаеплато Эль-Хамра (выш. да 960 м), на поўдні — адгор'і Тыбесты (г. Бетэ, 2286 м), паміж імі — шырокія пясчаныя катлавіны Ідэхан-Убары і Ідэхан-Мурзук, на ўсходзе — Лівійская пустыня, на паўночным усходзе — плато Эль-Ахдар (выш. да 878 м). У Лівіі вялікія запасы нафты (1-е месца ў Афрыцы), ёсць прыродны газ, фасфарыты, калійная соль, жалезная руда.
Клімат пустынны трапічны, на поўначы пераходны да міжземнаморскага, сухі, з рэзкімі сезоннымі і сутачнымі ваганнямі тэмпературы. Сярэдняя тэмпература студзеня на поўначы 11-12 °C, на поўдні 15-18 °C, ліпеня адпаведна 27-29 і 32-35 °C. Надвор’е з вялікімі перападамі тэмператур паміж днём і ноччу. На ўзбярэжжа зімой ветранае надвор’е, якое прыносіць дажджы. За год выпадае менш за 50 мм ападкаў, на плато Эль-Ахдар — каля 500 мм ападкаў, у раёне г. Трыпалі — каля 300 мм.
Па выведаных запасах нафты (ацэньваюцца ў 39,1 млрд бар.) Лівія займае 1-е месца ў Афрыцы і 5-е сярод удзельнікаў ОПЕК (пасля Саудаўскай Аравіі, Ірака, Кувейта і ААЭ). Маюцца буйныя запасы прыроднага газу (1,43 трлн куб. м., 3-е месца ў Афрыцы).
Асноўныя галіны эканомікі — нафтагазаздабыча, нафтагазаперапрацоўчая і нафтахімічная галіны прамысловасці, на долю якіх прыходзіцца 95 % паступленняў ад экспарту. Лёгкая прамысловасць прадстаўленая ў асноўным невялікімі прадпрыемствамі па вытворчасці тканак, пашыву вопраткі і абутку, вырабу скур. Харчовая галіна развітая адносна слаба.
Па выніках 2008 ВУП вырас на 7,3 % (да 77,3 млрд дол.). Золатавалютныя рэзервы, па ацэнках экспертаў, павялічыліся да 89 млрд дол.
Па ўзроўні прыбытку на душу насельніцтва (больш 6 тыс. дол. у год) Лівія займае адно з першых месцаў у Афрыцы.
Асноўныя знешнегандлёвыя партнёры Лівіі: Італія, Германія, ЗША і Іспанія. Знешнегандлёвае абарачэнне ў 2008 склала 89,9 млрд дол. (экспарт — 69,3 млрд.). Аснову экспарту складае нафта, прадукты нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі. Асноўныя артыкулы імпарту — легкавыя машыны, станкі, нафтаабсталяванне, трубы, электраабсталяванне, піламатэрыялы і іншыя будматэрыялы, прамысловыя і харчовыя тавары, розныя гатовыя вырабы, а таксама хімічныя і сыравінныя тавары.
Унутраная палітыка
Дзяржаўны лад Лівіі быў вызначаны артыкуламі «трэцяй сусветнай тэорыі» М. Кадафі, яе сутнасць складаецца ў рэалізацыі прынцыпу «прамога народаўладдзя», т.б. непасрэднага ўдзелу народных мас у кіраванні краінай без такіх інстытутаў, як прэзідэнт, парламент, урад і партыі, якія ў ВСНЛАД афіцыйна скасаваныя.
Лівія падзеленая на 26 буйных адміністрацыйных адзінак — шаабій (правінцый), якія ў сваю чаргу падзеленыя на 378 камун (махалі), кіраваных праз першасныя народныя зборы і народныя камітэты.
Кіраўнік дзяржавы — М. Кадафі. Фармальна ён не займае дзяржаўных пасад, застаючыся толькі Вярхоўным Галоўнакамандуючым сіламі ўзброенага народу (УС ВСНЛАД). Яго юрыдычны статус вызначаецца Хартыяй рэвалюцыйнай законнасці (зацверджаная на надзвычайнай сесіі ВНК у сакавіку 1990), паводле якой М. Кадафі — «кіраўнік рэвалюцыі» і «крыніца рэвалюцыйнай законнасці».
Функцыі ўраду выконвае Вышэйшы народны камітэт (ВНК) на чале з сакратаром (з сакавіка 2006 — Аль-Багдадзі Алі Аль-Махмудзі), а міністэрстваў — галоўныя народныя камітэты (ГНК), куды ўваходзяць прадстаўнікі мясцовых народных камітэтаў, адказныя за дадзеную галіну на ўзроўні камуны. Сакратар Галоўнага народнага камітэта па знешніх сувязях і міжнароднаму супрацоўніцтву з сакавіка 2000 — Абдурахман Мухамед Шалькам.
Заканадаўчую ўлада прадстаўляе Усеагульны Народны Кангрэс (УНК), сесіі якога склікаюцца раз у год. Стала дзеючы орган УНК — Генеральны сакратарыят (з 2000 яго сакратар — Міфтах Мухамед Куэйба).