Share to: share facebook share twitter share wa share telegram print page

Замбія

Рэспубліка Замбія
англ.: Republic of Zambia
Дэвіз: «Адна Замбія, Адна нацыя (англ.: One Zambia, One Nation
Гімн: «Стой і спявай пра гордую і свабодную Замбію»
Дата незалежнасці 24 кастрычніка 1964 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Лусака
Найбуйнейшыя гарады Ндола, Кабвэ, Кітвэ
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Эдгар Лунгу
Тэрыторыя
 • Агулам 752 614 км² (38-я ў свеце)
 • % воднай паверхні 1
Насельніцтва Замбіі
 • Ацэнка (2013) 14 222 233 чал. (71-я)
 • Перапіс (2009) 12 935 000[1] чал.
 • Шчыльнасць 17,2 чал./км²
ІРЧП 0.481 (нізкі)
Валюта Замбійская квача (ZMK)
Інтэрнэт-дамен .zm
Код ISO ZM
Код МАК ZAM
Тэлефонны код +260
Часавы пояс +2
Аўтамабільны рух злева[d][2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

За́мбія (англ.: Zambia), Рэспу́бліка За́мбія (англ.: Republic of Zambia) — дзяржава ў Паўднёвай Афрыцы. Мяжуе паўночным захадзе з Дэмакратычнай Рэспублікай Конга, на поўначы з Танзаніяй, на ўсходзе Малаві і Мазамбікам, на поўдні з Зімбабве, Батсванай, Намібіяй і Анголай. Выхаду да акіяну не мае. Сталіца — горад Лусака. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці (24 кастрычніка).

Дзяржаўны лад

Паводле Канстытуцыі, прынятай у 1996 годзе, Замбія — прэзідэнцкая рэспубліка. Прэзідэнту належыць уся паўната вышэйшай заканадаўчай і выканаўчай улады. Выбіраецца ўсеагульным і прамым галасаваннем тэрмінам на пяць гадоў. Прэзідэнт узначальвае ўрад — кабінет міністраў, і з’яўляецца галоўнакамандуючым узброенымі сіламі краіны. На пасаду прэзідэнта можа быць абраны любы грамадзянін Замбіі, які дасягнуў узросту 35 гадоў, калі яго бацькі былі грамадзянамі Замбіі, і калі ён з’яўляецца членам партыі або прадстаўляе адну з дзеючых партый, сабраў подпісы не менш за 200 зарэгістраваных выбаршчыкаў.

Заканадаўчая ўлада ў Замбіі ажыццяўляецца прэзідэнтам і аднапалатным парламентам — Нацыянальнай асамблеяй (150 дэпутатаў, абраных шляхам усеагульных выбараў на пяць гадоў).

Геаграфія

вадаспад Вікторыя

Амаль усю краіну займае хвалістае пласкагор’е (вышыня 1000—1500 м), складзенае з дакембрыйскіх гранітаў, гнейсаў, крышталічных сланцаў. На ўсходзе хрыбет Мучынга (вышыня да 1893 м, гара Мумпу). Замбія мае запасы медзі сусветнага значэння на мяжы з ДРК, кобальт, поліметалы, ванадый, уран, золата, жалеза, каменны вугаль. Клімат субэкватарыяльны з трыма сезонамі — дажджлівым і цёплым (лістапад-красавік), сухім і халаднаватым (май-ліпень), сухім і гарачым (жнівень-кастрычнік). Сярэдняя тэмпература самага цёплага месяца (кастрычнік) каля 20-25 °C, самага халоднага (ліпень) каля 15-20 °C. Ападкаў 750—1500 мм за год. Бываюць засухі. Рачная сетка густая: рака Замбезі, з прытокамі Кафуэ, Луангва і іншыя (рака Чамбешы), вытокі Конга з азёрамі Бангвеулу і Мверу, паўднёвая частка возера Танганьіка. На Замбезі вадасховішча Карыба, ёсць парогі і вадаспады, у тым ліку вадаспад Вікторыя. Агульныя запасы гідраэнергіі больш за 50 млн кВт. Пераважае саванная расліннасць на чырвона-карычневых глебах. Жывёльны свет разнастайны: ёсць буйныя траваедныя — сланы, насарогі, буйвалы, зебры, антылопы; драпежнікі — ільвы, леапарды, гіены. Нацыянальныя паркі: Кафуэ, Сіёма-Нгвезі, Паўночная і Паўднёвая Луангва і іншыя.

Гісторыя

Гэта адно з настаражытнейшых месцаў апрацоўкі жалеза. Бушменаў, якія прыйшлі сюды, верагодна, у 1-м тысячагоддзі да н.э., з VI ст. н.э. пачалі выцясняць на поўдні плямёны банту. У XVII—XIX стагоддзях тут фарміраваліся раннефеадальныя дзяржавы плямён лунда, баротсэ, бемба, нгоні. Першыя еўрапейцы (партугальцы) на тэрыторыі Замбіі з’явіліся ў канцы XVIII стагоддзя. У 1880-я гады на тэрыторыю дзяржавы баротсэ праніклі прадстаўнікі Брытанскай паўднёва-афрыканскай кампаніі, заснаванай Сесілем Родсам. У 1890 годзе кампанія атрымала ад уладара баротсэ Леванікі I выключнае права на эксплуатацыю прыродных багаццяў. У 1891 годзе англічане стварылі пратэктарат дзяржаве баротсэ, потым лунда. У 1895 годзе гэтыя тэрыторыі атрымалі афіцыйную назву Радэзіі (ад прозвішча Родса).

Насельніцтва

Каталіцкі храм у горадзе Манса

99 % насельніцтва складаюць афрыканцы моўнай сям’і банту, у тым ліку народы групы цэнтральнай банту — бемба (жывуць на поўначы і ў цэнтральнай частцы, 34 %) і тонга (поўдзень, 16 %), групы ўсходняй банту — малаві (усход, 18 %), іншых груп — балунда (паўночны захад), балозі (паўднёвы захад), нгоні (усход), чэва (усход). Жывуць таксама англічане і выхадцы з Індыі. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне, у тым ліку пратэстанты (35 %), каталікі (27 %), ёсць невялікія групы прыхільнікаў ісламу і традыцыйных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3 %. Найбольш заселены «Медны пояс» і раёны на поўдзень ад яго да Лусакі. У гарадах жыве каля паловы насельніцтва. Набольшыя гарады: Лусака, Ндола, Кітвэ-Нкана, Кабвэ, Чынгола, Муфуліра, Луанш’я.

Дзіцячая смяротнасць у 2008 годзе — 100 на 1.000 родаў, мацярынская смяротнасць — 830 на 100.000 нараджэнняў. Працягласць жыцця для жанчын 37 год, мужчын 38 год[3].

Беларуска-замбійскія адносіны

Дыпламатычныя адносіны з Замбіяй Беларусь устанавіла 13 кастрычніка 1993 года. Пасольства Замбіі ў Расійскай Федэрацыі прадстаўляе інтарэсы гэтай краіны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтву. Візіты на вышэйшым і высокім узроўнях не ажыццяўляліся. Дагаворна-прававая база двухбаковых адносін не сфарміравана. На разглядзе замбійскага боку знаходзіцца праект Пагаднення аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Замбія. Гандлёвыя адносіны практычна адсутнічаюць.

Зноскі

  1. Department of Economic and Social Affairs, Population Division. World Population Prospects, Table A.1 (PDF). United Nations (1 верасня 2009). Праверана 12 сакавіка 2009.
  2. http://chartsbin.com/view/edr
  3. Länderdatenbank der Deutschen Stiftung Weltbevölkerung

Літаратура

Спасылкі

Kembali kehalaman sebelumnya