Бялы́ніцкі раё́н — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Бялынічы. Плошча 1,4 тыс. км². Насельніцтва 28,1 тыс. чалавек (1996), гарадскога 37,2 %. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал/км². 199 сельскіх населеных пунктаў. 7 сельсаветаў.
Геаграфія
Знаходзіцца на захадзе Магілёўскай вобласці. Плошча 1400 км². Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінная. Пераважаюць вышыні 160—180 м, найвышэйшы пункт 207 м (каля вёскі Ясная Паляна). Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя тэмпература студзеня −7,3 °C, ліпеня 18 °C. Ападкаў 657 мм за год. Вегетацыйны перыяд 187 сутак. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-надзолістыя забалочаныя глебы. Лясы займаюць 30,7 % тэрыторыі раёна, пераважна хваёвыя, бярозавыя і яловыя; балотамі занята 7,2 % тэрыторыі. Гідралагічныя заказнікі Заазер’е і Астравы Дулебы.
Насельніцтва раёна паводле перапісу 2019 года складае 19 029 чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць 10 093 чалавекі. Усяго ў раёне налічваецца 181 населены пункт.
Эканоміка
Агульная плошча сельскагаспадарчых угоддзяў 65,9 тысяч га, з іх асушаны 14,1 тысяч га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 5 саўгасаў, аграгандлёвае прадпрыемства «Друць». Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры і бульбу. Прадпрыемствы харчовай (крухмал, сыры), дрэваапрацоўчай (дзелавая драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай (тэхнічны тлушч, травяная мука) прамысловасці. Крухмальны завод у вёсцы Цяхцін, філіял ТАА «Бабушкіна крынка».
У раёне 12 сярэдніх, 5 базавых, 10 пачатковых школ, ПТВ, цэнтральная дзіцячая школа мастацтва, 21 дашкольная ўстанова, 28 клубаў, 29 бібліятэк, 5 бальніц, 2 амбулаторыі, 18 фельчарска-акушэрскіх пунктаў. 2 музеі: мастацкі імя В. К. Бялыніцкага-Бірулі і краязнаўчы. Выдаецца газета «Зара над Друццю».
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.