У склад комплексу ўваходзілі мураваныя касцёл і калегіум, за якімі ўздоўж Шклоўскай вуліцы размяшчаўся двор, абкружаны мураваным будынкам школы і гаспадарчымі збудаваннямі[1]. У глыбіні двара знаходзіўся кляштарны сад.
Касцёл і часткова[2] калегіум зруйнавалі ў 1950-я гады. У наш час замест аднаўлення бажніцы з’явіўся праект збудавання на месцы яе падмуркаў (якія захаваліся[3]) офіснага гмаху холдынга «Сервалюкс»[4][5], які, аднак, быў пабудаваны ў іншым месцы.
Гісторыя
У 1678[1][6][7] года (паводле іншых звестак — у 1673[2]) смаленскі канонік і магілёўскі пробашч Я. Здановіч заснаваў езуіцкую рэзідэнцую, якая адкрылася ў 1680 годзе. З 1682 года пачала дзейнічаць найніжэйшая школа (у 1732—1738 для яе збудавалі мураванае памяшканне)[2]. Каля 1684 года з’явілася музычная бурса і канвікт (інтэрнат), з канца XVII ст. дзейнічаў тэатр.
У 1684 годзе збудавалі мураваную капліцу Святога Францыска Ксаверыя і Анёлаў-Ахоўнікаў, а ў 1686 годзе (паводле іншых звестак — у 1779[7]) пачалося ўзвядзенне мураванага калегіума[6]. Імёны яго архітэктараў-езуітаў: Я. Алендскі, прафесар матэматыкі і архітэктуры В. Абрампольскі і інш.
Першы драўляны касцёл пры рэзідэнцыі збудавалі ў 1687 годзе (згарэў у 1708). У 1699 годзе распачалося будаванне мураванага касцёла Анёлаў-Ахоўнікаў, Святога Тадэвуша і Святога Францыска Ксаверыя (кансекрацыя святыні адбылася ў 1725[6]). У 1720 годзе адкрылася аптэка[7], каля 1780 — музей, дзе выстаўляліся выкапні, матылі, манеты, медалі, дзейнічалі фізічны і хімічны кабінеты. У 1799 годзе рэзідэнцыю пераўтварылі ў калегіум з 6 класаў[2]. Станам на 1820 год езуіцкая бібліятэка налічвала 5 тысяч кніжак[7]. Магілёўскім езуітам падпарадкоўваліся місіі ў Гомелі, Фашчаўцы, Хальчы, Чачэрску і іншыя. Калегіуму належалі маёнткі Бялянічы, Варатынічы, Галынец, Дабрасневічы, Дубнікі, Куты, Параеўка, Паўлаўка, Турэц, Цёплае, Хронеў, Ямны і іншыя.[7]
Пасля здушэння вызваленчага паўстання — у 1833 годзе гвалтоўна перарабілі касцёл у Васкрасенскую царкву Маскоўскага патрыярхату. У 1848 годзе над дахам будынка ўзвялі несапраўдны шматгранны барабан, які даволі ўдала паўтараў завяршэнні вежаў і ўзбагачваў сілуэт святыні[6].
16 красавіка 1929 года гарадскім саветам Магілёва прынята рашэнне аб канфіскацыі ад групы веруючых Васкрасенскай царквы і перадачы яе Магпрамсаюзу[9].
Мураваны касцёл з’яўляўся творам архітэктуры стылю барока і меў блізкую архітэктоніку да Мінскага касцёла езуітаў[6]. Гэта была 3-нефнаябазіліка з паўкруглай апсідай, да якой далучаліся трапецападобныя ў плане сакрысціі. Стылістыка галоўнага фасада адпавядала пераходнаму этапу ад сталага да позняга барока: ордарная пластыка адначасова насычаная і строгая. Ён завяршаўся дзвюма вежамі (1-ярусныя чацверыкі[10]) з шмат’яруснымі барочнымі купаламі маляўнічага абрысу. Франтальны фасад дэкаравала ордарная пластыка: слаёныя пілястры, выгнутыя карнізы[7].
Будынак калегіума далучаўся да касцёла тарцовай сцяной і ўяўляў 2-павярховы прамавугольны ў плане аб’ём. Гладкія сцены праразалі прамавугольныя аконныя праёмы.
У наш час на падмурках калегіума стаіць будынак Магілёўскага музея этнаграфіі. Унутраная сцяна, якая выходзіць у двор музея, з’яўляецца аўтэнтычнай сцяной XVIII ст., колішняй часткай езуіцкага калегіума[5].
Слюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций: Наследие архитектуры Беларуси (руск.) / Рос. акад. архитектуры и строит. наук. — М.: Прогресс-Традиция, 2002. — 600 с.: ил. — ISBN 5-89826-093-5.