У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з прозвішчам
Кулагін.
Анатоль Мікалаевіч Кулагін (нар. 23 студзеня 1947, Барысаў) — беларускі мастацтвазнавец, гісторык архітэктуры. Кандыдат (1986), доктар мастацтвазнаўства (2005).
Біяграфія
Скончыў у 1960 годзе архітэктурнае аддзяленне будаўнічага факультэта БПІ. Працаваў архітэктарам у інстытуце «Белмясцпрампраект», асістэнтам мастака на кінастудыі «Беларусьфільм». З 1970 года — малодшы, з 1988 года — старшы навуковы супрацоўнік у Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Архітэктура палацава-сядзібных комплексаў Беларусі (другая палова XVIII — першая палова XIX ст.)».
У 2004 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Архітэктура і мастацтва ракако Беларусі ў кантэксце агульнаеўрапейскай мастацкай культуры (да праблемы стылю)».
Член Саюза архітэктараў Беларусі з 1979 года, навуковага савета ІМЭФ НАН Беларусі і Таварыства аховы помнікаў з 1986 года.
Навуковая дзейнасць
Працы гісторыі і тэорыі архітэктуры і мастацтва Беларусі: «Архітэктура палацава-сядзібных ансамбляў Беларусі. Другая палова XVII — пачатак XIX ст.» (Мінск, 1981), «Помнікі Слоніма» (у сааўт. з В. Б. Караткевіч, 1983), «Ambony rokokowe w kosciołach na Białorusi» (Biuletyn Historii Sztuki[pl]. 1988, № 1—2), «Архітэктура і мастацтва ракако на Беларусі: У кантэксце агульнаеўрапейскай культуры» (1989), «Архітэктары Савецкай Беларусі: Біяграфічны даведнік» (у аўтарскім калектыве, 1991), «Шэдэўры архітэктуры ракако. Гісторыка-архітэктурны нарыс» (1991), «Адраджэнне готыкі» (1993), «Элітная архітэктура барока Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце» (1998).
Аўтар кніг «Страчаная спадчына» (у аўтарскім калектыве, 1998, 2003), «Хрысціянскія храмы Беларусі на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя» (у сааўтарстве з У. А. Герасімовічам, 2000), «Эклектыка» (2000) «Беларусь у малюнках Напалеона Орды. Другая палова XIX стагоддзя» (у сааўтарстве з У. А. Герасімовічам, 2001), «Каталіцкія храмы на Беларусі» (2000), «Праваслаўныя храмы на Беларусі» (2001), «Праваслаўныя храмы Беларусі» (2007), «Каталіцкія храмы Беларусі» (2008). Адзін з аўтараў «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—1988; Дзяржаўная прэмія Беларусі 1990), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 2—3, 1988—1989), «Архітэктуры Беларусі», кнігі «Страчаная спадчына» (1998). У суаўтарстве з А. Валахановічам выдаў кнігу «Дзержинщина: Прошлое и настоящее» (1986, з А. І. Валахановічам). Працуючы над кнігай, аб’ездзіў усе архітэктурныя помнікі і помнікі прыроды раёна, зрабіў замеры, замалёўкі, фотаздымкі іх і змясціў у кнізе.
Узнагароды
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1990), прэміі «За духоўнае адраджэнне» (2002), польскай прэміі «Przegląd Wschodni 2001». Узнагароджаны дыпломам XIV Рэспубліканскага конкурсу лепшых архітэктурных твораў (2009), Ганаровай граматай архібіскупа Т. Кандрусевіча (2009).
Творы
- Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
- Помнікі Слоніма. Мн., 1983 (разам з В. Б. Караткевіч);
- Дзержинщина: Прошлое и настояшее. Мн., 1986 (разам з А. І. Валахановічам),
- Шэдэўры архітэктуры ракако. Мн., 1991.
- Элітная архітэктура барока Беларусі ў агульнаеўрапейскім кантэксце // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998;
- Ambony rokokowe w kościołach na Białorusi // Biuletyn Historii Sztuki (польск.) (бел.. 1988. № 1—2.
Крыніцы
Літаратура