Палац уяўляе сабой мураваны трохпавярховы будынак, прамавугольны ў плане з сіметрычнымі двухпавярховымі рызалітамі па баках, накрыты высокім ламаным дахам. Галоўны і дваровы фасады маюць крывалінейныя пераходы да рызалітаў. Сцены аздоблены з глыбокім гарызантальным рустам і руставанымі пілястрамі на вуглах, прамавугольнымі аконнымі праёмамі з ліштвамі, філянговымінішамі, тонкапрафіляванымі карнізамі. Трэці паверх атыкавы ў цэнтральнай частцы[1]. Галоўны ўваход вылучаецца арачным парталам з казырком на металічных калонках[2].
Цэнтральнае месца ў інтэр'еры палаца займаў вестыбюль з трохмаршавай лесвіцай. На першым паверсе знаходзілася парадная зала для прыёмаў і службовыя пакоі, на другім — асабістыя пакоі ахіепіскапа: спальня, кабінет, бібліятэка, на трэцім — гаспадарчыя памяшканні[2]. У XX ст. унутраная планіроўка была зменена[1].
Агароджа
Пасля 1853 г. на тэрыторыі архірэйскага двара на галоўнай восі палаца як галоўны ўезд пабудавана мураваная брама[1]. Брама ўяўляе сабой два масіўныя пілоны, аздобленыя дзвюма калонкамі дарычнага ордара і завершаныя франтонамі, накрыты двухсхільным дахам. Далучаныя да яе паўкругам слупы злучаны металічнай агароджай[2].