Аб'екты астраноміі вельмі разнастайныя, і спіс іх няспынна расце. Традыцыйнымі аб'ектамі з'яўляюцца Сонца, зоркі, планеты і іх спадарожнікі, метэорныя целы, туманнасці, зорныя скопішчы, зорныя сістэмы і Сусвет наогул. З рухам навукі наперад з'явіліся новыя аб'екты — пульсары, квазары, касмічныя прамяні, мікрахвалевае фонавае (рэліктавае) выпрамяненне, тэарэтычна прадказаныя чорныя дзіркі і гравітацыйныя хвалі.
З пазіцый тэорыі будовы Сусвету ў цэлым астраномія вывучае таксама структуру прасторы-часу Сусвету. З астраноміяй звязаныя праблемы пошуку пазазямных цывілізацый і наладжвання кантакту з імі.
У XX ст. астраномія падзялілася на дзве галоўныя галіны: назіральную(англ.) (бел. і тэарэтычную. Назіральная астраномія - гэта атрыманне назіральных дадзеных аб нябесных целах і наступны іх аналіз. Тэарэтычная астраномія арыентавана на распрацоўку камп'ютэрных, матэматычных або аналітычных мадэлей для апісання астранамічных аб'ектаў і з'яў. Гэтыя дзве галіны дапаўняюць адна адну: тэарэтычная астраномія шукае тлумачэнні вынікам назіранняў, а назіральная астраномія дае матэрыял для тэарэтычных вывадаў і гіпотэз і магчымасць іх праверкі.
2009 год быў абвешчаны ААН Міжнародным годам астраноміі (IYA2009). Асноўны ўпор робіцца на павышэнне грамадскай зацікаўленасці астраноміяй і яе разумення. Гэта адна з нешматлікіх навук, дзе непрафесіяналы ўсё яшчэ могуць гуляць актыўную ролю. Аматарская астраномія прыўнесла свой уклад у рад важных астранамічных адкрыццяў.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пор года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астранамічных ведаў адлюстраваўся ў народных назвах касмічных аб'ектаў (напрыклад, Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астранамічных «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля возера Янова ў Полацкім раёне.
У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 стагоддзіУлугбек пабудаваў паблізу Самарканда астранамічную абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі.
У 18—пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фізічную прыроду зорак і іншых касмічных аб'ектаў, што спрыяла стварэнню навуковай карціны свету. Выкарыстанне ў астранамічных даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорк. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У. Гершэля (Вялікабрытанія), Ж. Лагранжа, П. Лапласа, У. Левер'е (Францыя), М. В. Ламаносава, В. Я. Струвэ, Ф. А. Брадзіхіна (Расія), К. Доплера (Аўстрыя) і інш.
Сярэдзіна 20 стагоддзя характарызавалася з'яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касмічнай тэхнікі, што значна расшрыла магчымасці астранамічных даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўздел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—1980 гады выявіць і даследаваць новыя касмічныя аб'екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў.
Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касмічную прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты.
Астраномiя: вучэбны дапаможнiк для 11 кл. агул.-адукац. устаноў з беларускай моввай навучання / І. В. Галуза, У. А. Голубеў, А. А. Шымбалеў — 2-е выд. — Мн.: Народная асвета, 2009. — 214 с. ISBN 978-985-03-1084-2
Астраномія: атлас: вучэбны дапаможнік для 11-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання / А. А. Шымбалёў, І. В. Галуза, У. А. Голубеў; рэд. Г. С. Малышава. — Мн.: Белкартаграфія, 2011. — 31 с. ISBN 978-985-508-114-3