Магілёўтрансмаш (Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання) — беларускае прадпрыемства па выпуску паўпрычэпаў, аўтамабільных кранаў і спецыяльных фургонаў, размешчанае ў горадзе Магілёў. У цяперашні час з’яўляецца філіялам Мінскага аўтамабільнага завода.
Гісторыя
У 1975 годзе ў Магілёве пачалося будаўніцтва завода сельскагаспадарчага машынабудавання «Магілёўсельмаш». У 1982 годзе завод быў уведзены ў эксплуатацыю. Першапачаткова падпарадкоўваўся Міністэрству машынабудавання для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці СССР. З 1991 года — у падпарадкаванні Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях, з 1994 года — у падпарадкаванні Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь. 28 сакавіка 1994 года перайменаваны ў Магілёўскі завод транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». 31 ліпеня 2000 года ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства, 31 снежня 2003 года — у адкрытае акцыянернае таварыства[5][6]. У 2003 годзе завод быў перададзены ў падпарадкаванне Мінскаму аўтамабільнаму заводу[7]. У 2006 годзе ААТ «Магілёўтрансмаш» скасавана як самастойная юрыдычная асоба[8].
Прадукцыя
Першапачаткова завод займаўся вытворчасцю сельскагаспадарчай тэхнікі: прыстасаванняў для перавозкі здробненай зялёнай масы, пагрузчыкаў для трактара К-700. У 1991 годзе завод пачаў асвойваць вытворчасць прычапной тэхнікі і аўтакранаў «Машэка». У 1991 годзе былі выраблены першыя аўтамабільныя паўпрычэпы, у 1993 годзе завод выпусціў першыя 15-тонныя аўтакраны. У далейшым прадпрыемства вырабляла кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, панелевозы, паўпрычэпы з тэнтаваным верхам, прычэпы-роспускі лесавозаў[6][9]. У 2012 годзе «Магілёўтрансмаш» сабраў партыю мікрааўтобусаў МАЗ-182[10]. У 2017 годзе на незадзейнічаных плошчах завода была арганізавана зборка аўтакранаў на шасі МАЗ сумесна з кітайскай кампаніяй Zoomlion[11]. У 2019 годзе «Магілёўтрансмаш» пачаў вытворчасць рубільна-драбільнай машыны на шасі МАЗ[12]. У 2020 годзе завод выпусціў першы смеццявоз на сціснутым прыродным газе і смеццявоз магутнасцю 8,3 т адходаў[13][14].
Спорт
У 1988—1998 гадах пры заводзе дзейнічала ўласная футбольная каманда «Трансмаш» (у 1998 годзе аб’яднаная з асноўнай магілёўскай камандай «Дняпро» ў «Дняпро-Трансмаш»).
Заўвагі
Спасылкі