Грак (Corvus frugilegus) — шырока распаўсюджаная ў Еўразіі птушка роду крумкачоў.
Апісанне
Даўжыня 45-47 см, размах крылаў 81-100 см. Пёры чорныя, з фіялетавым адценнем. У дарослых птушак пачатак дзюбы голы; ў маладых птушак пёры ў пачатку дзюбы ёсць, але пазней яны выпадаюць.
Пашырэнне
Арэал: ад Іспаніі, Францыі і Брытанскіх астравоў праз Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, Цэнтральную і Усходнюю Азію да Японіі і ўсходу Кітая.
Тыповыя біятопы: групы дрэў сярод палёў паблізу рачных далін, лугоў і сельскагаспадарчых земляў, а таксама высокія дрэвы ў населеных пунктах; на паўднёвым усходзе таксама зараснікі трыснягу паблізу культурных ландшафтаў. У Карпатах даходзіць да вышыні 700 м. У Азіі сустракаецца да вышыні 2000 м.
У паўночнай частцы арэала гракі — пералётныя птушкі, у паўднёвай — аселыя. Месца зімовак у межах гнездавога арэала і на поўдзень ад яго.
Асаблівасці біялогіі
Гракі ўсяедныя, але галоўным чынам сілкуюцца чарвякамі і лічынкамі насякомых, якіх яны знаходзяць, капаючыся ў зямлі сваёй моцнай дзюбай. Любяць вялікімі зграямі ісці за трактарамі, якія толькі ўзаралі зямлю.
Гняздуюць на дрэвах вялікімі калоніямі. Звычайная зімовая птушка буйных населеных пунктаў. Насельнік адкрытых ландшафтаў. У населеных пунктах каля старых дарог на дрэвах часта сустракаюцца «гракоўнікі» — каланіяльныя паселішчы, якія складаюцца з дзясяткаў гнёздаў, якія выкарыстоўваюцца шмат гадоў. Узімку сілкуецца ў асноўным расліннымі кармамі і харчовымі адкідамі чалавека. Узімку трымаюцца адзінкава і невялікімі групамі, часта разам з іншымі крумкачовымі.
Увесну грак прылятае вельмі рана, яшчэ ляжыць снег на палях. Перыяд прылёту ў розных месцапражываннях прыпадае на перыяд з лютага па красавік. Гняздо будуе з сухога вецця, высцілае сухой травой, часам жмуткамі воўны, тоненькімі галінкамі, а таксама выкарыстоўвае рознае смецце. Гнездавая калонія існуе вельмі доўга нават дзесяцігоддзі.
Адзін раз у год бывае адна кладка з 3-7 яек. Птушаняты з’яўляюцца ў пачатку-сярэдзіне красавіка. Інкубацыя граковых яек складае па розных дадзеных даследчыкаў 16-20 дзён. Вылет граканят адбываецца праз 30 дзён. Вылятаюць у пачатку траўня і ў першай палове чэрвеня.
Падвіды
- C. f. frugilegus — ад Іспаніі і Вялікабрытаніі да Алтая;
- C. f. pastinator — ад Алтая да Японіі і ўсходу Кітая.
У кулінарыі
Яшчэ ў канцы XIX стагоддзя мяса гракоў ўжывалася ў ежу «бедным класам» у Еўропе, у прыватнасці, у Германіі і на Украіне. У Германіі гракоў салілі ў бочках.
Літаратура
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. — ISBN 83-01-13187-X