Шчыгол чорнагаловы, шчыгол, шчыгел[1] (Carduelis carduelis) — птушка сямейства ўюрковых атрада вераб’інападобных.
Апісанне
Даўжыня цела 12-16 см, размах крылаў 21-25,5 см, маса каля 20 г. Палавы дымарфізм адсутнічае. Стракаты, апярэнне яркае: вакол дзюбы шырокае чырвонае кальцо, крылы і хвост чорныя, на крылах папярочная жоўтая паласа, спіна карычневая, цемя і патыліца чорныя. Маладыя больш карычневыя, з падоўжнымі рыскамі і без чырвонага на галаве.
Выдзяляецца шэраг падвідаў.
Пашырэнне
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы), Малая Азія, Блізкі Усход, Цэнтральная і Паўднёва-Заходня Азія, на ўсход да воз. Байкал і на поўдзень да паўночна-заходняй Манголіі і Непала, Паўночная Афрыка. Інтрадуцыраваны на Азорах і Астравах Зялёнага Мыса, Бермудах, на поўдні Аўстраліі і Тасманіі, Новай Зеландыі і месцамі ў паўднёва-ўсходняй частцы Паўднёвай Амерыкі.
Насяляе групы дрэў на не вельмі сухіх месцах і паміж палямі, ускрайкі вільготных дрэвастояў, прырэчныя дрэвы, а таксама могілкі, паркі і сады, маладыя лесапасадкі, зараснікі ўздоўж вадацёкаў, берагі лясных тарфянікаў, часта паблізу ад чалавечага жылля. У Швейцарыі даходзіць да 1000—1300 м (у канцы лета і ўвосень — да 2400 м), у Татрах — да 950 м, у Туркменіі і Таджыкістане — да 2500-3500 м над у.м. У паслягнездавы перыяд — палі з пасевамі складанакветных раслін і збожжавых.
Паўночныя папуляцыі рэгулярна вандруюць, папуляцыі з цэнтральнай і паўднёвай частак арэала — аселыя. Насяляе лісцевыя і мяшаныя разрэджаныя лясы, культурныя ландшафты. На Беларусі звычайны на гнездаванні і на зімоўцы від.
Асаблівасці біялогіі
Корміцца насеннем траў, насякомымі.
Гняздо: моцна «ўціснутае» ў развілку галінак, звычайна на канцы гарызантальнай галіны лісцевага дрэва. Знешняя частка з расліннага пуху і воўны, якія шчыльна пераплецены з сухімі траўкамі, мохам, лішайнікам, бярозавай карой, расліннымі валокнамі і карэньчыкамі; унутраная — з расліннага пуху і воўны. Высцілка з расліннага пуху з прымессю валосся, шэрсці або некалькіх пёраў.
Нясе 4—6 яец. Яйкі даволі падоўжаныя, з завостраным вузейшым канцом, белыя або светла-блакітна-белыя з даволі рэдкімі плямкамі: глыбокія — ружова-чырвоныя, рэдка шэра-фіялетавыя; паверхневыя — цёмна-чырвоныя або вішнёвыя, утвараюць кальцо на шырэйшым канцы (рэдка без плямак). Памеры: 17,5 х 13 мм.
Шчыгел чорнагаловы // Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X