Конка — гістарычны від грамадскага транспарту, які шырока прымяняўся да пераводу чыгункі на паравую, цеплавую, электрычную або канатную цягу. Найбольш распаўсюджанай вобласцю прымянення конкі быў гарадскі транспарт; такім чынам, конка была папярэднікам электрычнага трамвая.
Конка ўяўляла сабой адкрыты або часцей закрыты экіпаж, часам двухпавярховы з адкрытым верхам (імперыял). Вагон па рэйкавых шляхах цягнула пара коней, кіраваная фурманам. У месцах, дзе лініі конкі перасякалі стромкія ўздымы, экіпажы чакалі фарэйтары (звычайна хлопчыкі-падлеткі), якія падпрагалі яшчэ 1-2 пары коней і дапамагалі пераадолець цяжкае месца, затым на роўным участку выпрагалі дадатковых коней.
Мінская конка дзейнічала з 1892 па 1928 гады (з перапынкам з 1918 па 1921 год у сувязі з грамадзянскай вайной). Ліквідавана ў 1928 годзе з мэтай даць магчымасць развіцця ў горадзе электрычнага транспарту, трамвая.