Праспект Незалежнасці — галоўная магістральМінска, вядзе ад яго цэнтра на паўночны ўсход. Даўжыня праспекта — каля 15 км.
Гісторыя
Вуліца спланавана і пракладзена на месцы зрытай часткі гарадскі валоў XVI-XVII стагоддзяў пры першым расійскім грамадзянскім губернатары Мінска і Мінскай губерні Захары Карнееве і названа ў яго імя Захар’еўскай.
У савецкі час вуліца пераназвана ў Савецкую.
Праспект таксама ўключаў Барысаўскі тракт (у 1937 годзе пераназваны ў Пушкінскую вуліцу). Падчас акупацыі назва была Хаўптштрасэ.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны горад быў моцна разбураны, на вуліцы Савецкай ацалелі толькі 10 дамоў. Было прынята рашэнне пра карэнную рэканструкцыю горада, у тым ліку да 1952 года спраектаваны праспект Сталіна, які праходзіў па больш шырокай і выпрастаннай трасе. У 1961 годзе ён перайменаваны ў Ленінскі праспект.
У 1991 годзе пасля атрымання незалежнасці праспект быў пераназваны ў праспект Францыска Скарыны, у 2005 годзе — у праспект Незалежнасці.
Забудова
Па характары планіроўкі і забудовы праспект Незалежнасці дзеліцца на 3 часткі:
1-я (цэнтральная) — ад плошчы Незалежнасці да плошчы Перамогі;
2-я — ад плошчы Перамогі да плошчы Калініна;
3-я — ад плошчы Калініна да ўезду ў горад з боку Маскоўскай шашы.
1-ая частка
1-ю частку, даўжыня якой каля 3 км, адкрываюць два будынкі: атэль «Мінск» — злева і Мінскі паштамт — справа. У гэтай частцы шырыня праспекта — 48 м. Суадносіны вышыні будынкаў і шырыні праспекта — 1:2, якія ствараюць уражанне прасторы, святла і некаторай параднасці, ствараюць цэласны характар забудовы. Тут усе будынкі ўзяты пад адзін карніз. Праспект добра ўпісаны ў прыроднае асяроддзе ракі Свіслач.
Будаўніцтва на цэнтральным участку праспекта Незалежнасці вялося ў дзве чаргі:
1940—1950-я гады — ад плошчы Незалежнасці да Кастрычніцкай плошчы;
1950—1960-я гады — ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Перамогі.
Забудовай кіравалі архітэктары М. Паруснікаў і М. Баршч.
Пры будаўніцтве большасці жылых дамоў, размешчаных на гэтай частцы праспекта, выкарыстана адна серыя тыпавых секцый № 7 (распрацоўка маскоўскага інстытута «Горстройпроект», архітэктар З. Кавікаў), з прычыны чаго дасягнута мастацкае адзінства забудовы.
На ўчастку праспекта Незалежнасці ад плошчы Перамогі да плошчы Калініна разам з даваеннымі будынкамі (1937—1941 гады, архітэктары А. Брэгман, Г. Якушка) узведзены новыя жылыя будынкі (1952—1958 гады, архітэктары М. Баршч, Л. Аранаускас, А. Духан, С. Баткоўскі, Н. Макляцова, Н. Шпігельман). Вядучую ролю на гэтым участку і ў структуры горада адыгрывае плошча Якуба Коласа[2]
Месца пад домам 16 нефармальна называюць месцам "пад гадзіннікам", кафэ "Світанак" (д.23, зараз не існуе) атрымала ад мінчан мянушку "памыйніца", падземны пераход паміж Нацыянальным банкам і ГУМам празвалі "трубой", адлегласць ад вул. Энгельса да вул. Леніна назвалі "цэнтр", а адлегласць ад Белдзяржцырка да плошчы Перамогі "стомятроўка[5]". Калі праспект называўся Сталінскім, чатырохвугольнік, які складаўся з яго і вуліц Маркса, Энгельса і Леніна, меў нефармальную назву "Квартал чатырох святых".