Стары адрас — Захар'еўская 33/4 на скрыжаванні з вуліцай Каломенскай. Да 1912 года — дом № 35[2].
Даходны дом Людвіга Уніхоўскага быў пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя паводле праекта Генрыха Гая. Частка памяшканняў здавалася пад кватэры. Да 1915 года на першым паверсе размяшчаўся прыёмны кабінет зубнога ўрача Анекштэйна Ю. А., да 1921 — прыёмны кабінет Анекштэйн Х. Ш.-М. З 1908 года — бакалейная лаўка Гірыса Эльяша Абрамавіча. З 1910 — аптэкарская крама Левіна Арона Якаўлевіча.
У 1920 годзе ўласнікі выехалі за мяжу. З восені 1920 года ў будынку размяшчаецца штаб Чырвонага паветранага флоту(руск.) (бел.. У 1920—1924 у будынку размяшчаецца Менская павятовая міліцыя і Галоўнае ўпраўленне міліцыі з амаль усімі яе аддзяленнямі, Цэнтрвышук. У 1921 годзе маёмасць нацыяналізавана. У 1922 уласнік — гарадскі жыллёвы пададдзел аддзела камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэта. У 1926 годзе тут размяшчаецца кабінет намесніка наркама ўнутраных спраў Хацкевіча Аляксандра Ісакавіча. З 1926 уласнік — БДУ. На 1926 год дом падзелены на 5 кватэраў і памяшканні праўлення БДУ. У 1926—1929 тут размяшчаюцца ўпраўленне і канцылярыя БДУ, кабінет намесніка рэктара БДУ Самуіла Слоніма.
У часе Другой сусветнай вайны будынак не быў пашкоджаны. Пры пасляваеннай рэканструкцыі забудова гэтай часткі вуліцы Савецкай захавалася і пазней была ўключана ў ансамбль плошчы Леніна разам з прылеглым Домам Абрампольскага і Чырвоным касцёлам. У 1950-х гадах паводле праекта архітэктара М. Дабужскай была праведзена рэканструкцыя будынка, выканана перапланіроўка. Замест драўляных канструкцый мансарднага паверха быў надбудаваны чацвёрты паверх з цаглянымі сценамі, накрыты двухсхільным дахам з невялікай вежай, завершанай шатровым пакрыццём. Архітэктурнае вырашэнне чацвёртага паверха было зроблена так, каб не парушыць існуючы вобраз будынка і захаваць першапачатковыя фасады. Пры рэканструкцыі была захавана ранейшая функцыя жылога дома — у ім размясцілася 19 кватэр, якія мелі поўнае інжынернае абслугоўванне. У вуглавой частцы будынка размяшчаўся невялікі аптэкарскі магазін № 3 з асобным уваходам (з 2-й паловы 1960-х тут месцілася філія магазіна № 2 Белмедтэхніка (оптыка))[6].
У канцы 1970-х гадоў паводле праекта С. Сеня будынак быў рэканструяваны як адміністрацыйны і прыстасаваны для размяшчэння Галоўнага архітэктурнага ўпраўлення Мінгарвыканкама. Рэканструкцыя праводзілася толькі ў рамках нутранай перапланіроўкі, фасады былі цалкам захаваныя, аднак было страчанае шатровае завяршэнне вуглавой вежы[6].
У жніўні 2006 года была адноўлена вуглавая вежа, якая была знішчана ў пачатку 1980-х у часе рэканструкцыі жылога дома пад адміністрацыйны будынак[7]. Цяпер у доме размяшчаецца камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама[3].
На фотаздымках
Другая палова 1930-х
Чэрвень 1943 года, Другая сусветная вайна
Архітэктура
Дом Уніхоўскага і дом Абрампольскага злучаны паміж сабой тарцамі і ўтвараюць адзіны фронт забудовы, але ў адрозненне ад суседняга будынка, галоўны фасад Дома Уніхоўскага больш насычаны дэкаратыўнымі элементамі[8].
Даходны дом уяўляе прамавугольны ў плане чатырохпавярховы будынак са зрэзаным усходнім вуглом. Сцены галоўнага фасада на першым і трэцім паверхах прарэзаныя прамавугольнымі, на другім — паўцыркульнымі вокнамі, чацверты паверх аддзелены карнізам[8]. Лучковыя аконныя праёмы чацвертага паверху фланкіраваныя пілястрамі і завершаныя сандрыкамі. Пластыку фасада ўзбагачаюць сіметрычна размешчаныя балкончыкі з узорыстай агароджай (чыгуннае ліццё)[8]. На галоўным фасадзе будынка таксама змешчаны фамільны герб Уніхоўскіх «Астоя». Шырокая лесвічная клетка вылучаная на фасадзе пілястрамі, ляпнымі дэталямі, лучковым праёмам чацвертага паверху, абапал якога размешчаныя дэкаратыўныя вазы на пастаментах[8]. Прамавугольны ўваходны партал вырашаны дзвюма шырокімі пілястрамі, злучанымі дэкаратыўнай лучковай аркай[8]. Дваровы фасад вырашаны ў лаканічных формах, без дэкору. Жывапіснасць кампазіцыі галоўнага фасада ўзмацняецца кантрасным колеравым рашэннем: белыя дэкаратыўныя элементы выразна чытаюцца на цёмна-чырвоным фоне сцяны[8].
Планіроўка будынка змененая.
Мемарыяльныя дошкі
На доме ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар дырыжора Рыгора Шырмы і кампазітара Юрыя Семянякі, якія жылі ў ім.
Блытаніна ў прыналежнасці
Часам у публікацыях СМІ дом называюць домам Умінскага[7][9]. Хутчэй за ўсё, у дадзеным выпадку ёсць гістарычная недакладнасць. У Менску пражываў Антон Умінскі, але за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў у 1866 годзе быў сасланы ў Сібір з канфіскацыяй маёмасці. Магчыма, даходны дом быў пабудаваны на месцы драўлянага, які і належаў Умінскаму да канфіскацыі[10].
Таксама блытаніна адбываецца праз падобнасць фамільных гербоў Уніхоўскіх (Астоя) і Умінскіх (Халева). У гербе Астоя мячом раздзеленыя 2 залатыя паўмесяцы, а ў гербе Халева жалезныя клямкі.
↑ абвгдеЛазука Б.А.Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 339-340. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.