Верхні Горад спланаваны ў 1560—1570 гады як новы цэнтр Менска. Прычынай стварэння новага плана былі вялікія пажары (1505, 1547), а таксама шматразовае спусташэнне горада і ваколіц крымскімі татарамі ў 1-й чвэрці XVI ст.
У канцы XVI ст. на Высокім Рынку была пабудавана ратуша, магчыма яна была перанесена сюды з іншага месца, бо Магдэбургскае права Менск атрымаў яшчэ ў 1499 годзе. У 1564 годзе ў Менску ўзнікла кальвінісцкая супольнасць. У апошняй чвэрці XVI ст. кальвіністы пры агульнай падтрымцы князя Мікалая Радзівіла (Чорнага) і фундацыяў менскіх заможных пратэстантаў пабудавалі ў горадзе свой малельны дом (збор) і заснавалі вуліцу Зборавую. Аднак у XV — XVІ стст. раён меў перыферыйнае значэнне.
Інтэнсіўнае мураванае будаўніцтва на Высокім Рынку пачалося толькі ў пачатку XVII ст. Існуе меркаванне, што ўзвядзенне будынкаў стрымлівалася праз адсутнасць умацаванняў. Апроч таго, радыяльнае пашырэнне Менска вакол Замчышча да пачатку XVII ст. ужо вычарпала свае тапаграфічныя і сацыяльныя перспектывы. Суседняя Траецкая гара ў якасці новага цэнтра горада не асвойвалася, бо яе размяшчэнне было нязручным для абароны. Менск у такім выпадку быў бы падзелены на дзве часткі Свіслаччу, што, нягледзячы на сістэму плацін і мастоў, вельмі ўскладніла б камунікацыю і абарону ў часе ваенных дзеянняў.
Да пачатку XVIII ст. скончылася забудова Высокага Рынка, склаўся галоўны архітэктурны ансамбль і індывідуальнае аблічча горада.