Мінскі езуіцкі калегіум — архітэктурны комплекс рымска-каталіцкай навучальнай установы ў Мінску, што давала адукацыю на ўзроўні гуманітарнага ўніверсітэта.[1]
Езуіты аселі ў Мінску ў 1654 годзе па фундацыі смаленскага біскупа Гераніма Сангушкі, які набыў для іх рэзідэнцыі мураваную сядзібу з драўлянай капліцай на рагу вуліцы Койданаўскай і плошчы Высокі Рынак. Да 1686 года супольнасць езуітаў у Мінску мела статус місіі, пасля — рэзідэнцыі, а з 1714 года — калегіі.
У 1723 годзе пачалася рэканструкцыя дома Гегера і ўзвядзенне справа ад касцёла 2-павярховага мураванага будынка калегіума, у якім знаходзіліся пакоі прафесараў і магістраў. Пазней з боку вуліцы Койданаўскай было яшчэ прыбудавана 3-павярховае крыло, дзе размясціліся рэфектар, кухня і інш. Канчатковы выгляд комплекс калегіума набыў у 1750 годзе, калі ў цэнтры яго фасада скончылася ўзвядзенне высокай 3-яруснай, перакрытай барочным купалам складанай формы вежы, у ёй быў усталяваны гадзіннік. У 1749[2] року побач з касцёлам з’явіўся будынак аптэкі з лабараторыяй, былі ўзведзеныя гаспадарчыя і дапаможныя пабудовы. У гэты час у езуіцкім калегіуме выкладалі рыторыку, паэзію, сінтаксіс, граматыку, тэалогію, старажытнаяўрэйскую мову, этыку, матэматыку, фізіку, логіку, метафізіку. Дзейнічаў школьны тэатр і найлепшая ў горадзе бібліятэка.
У 1770 годзе быў рэканструяваны будынак школы — уваход у яго быў пазначаны квадратнай у плане вежай з купалам.
У 1773 годзе папская була скасавала ордэн, на базе калегіума была ўтвораная 6-гадовая павятовая свецкая школа, а касцёл перайшоў у ранг парафіяльных і праз пяць гадоў стаў кафедральным касцёлам Мінскай дыяцэзіі.
Ад 1799 года ў колішняй езуіцкай школе размясціўся Дом губернатара, будынак быў цалкам перабудаваны ў стылі класіцызм. Да 1820 року калегіум займалі Прысутныя месцы, пасля — Гарадская дума, а з 1852 року — Казённая палата. Вежа калегіума страціла свой купал і ператварылася ў дазорную вежу пажарнай аховы.
У 1951 годзе на касцёле былі разабраныя вежы, ліквідавана ўпрыгожанне святыні, храм быў перабудаваны ў спарткомплекс таварыства «Спартак». Будынак калегіума і яго вежа былі зруйнаваныя, на іх месцы збудавалі жылы дом (пл. Свабоды, 11). Крыху пазней, у 1968 годзе была цалкам перабудаваная езуіцкая школа.
Паводле прывілею ад 11 сакавіка 1773 года, пасля скасавання закона езуітаў у Мінску, аптэку пры калегіуме ўзначальваў Міхал Карыцкі. 12 сакавіка 1781 года быў унесены яго тэстамент. На час смерці Міхал Карыцкі займаў пасаду рэктара ўсіх школ горада Мінска.
Вядомыя выкладчыкі
Адам Крупскі — прафесар філасофіі, святар Каталіцкай Царквы, эксперт права ў заканадаўстве Вялікага Княства Літоўскага, аўтар школьнага дыялогу.
Зноскі
↑Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006. С. 168
Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Денисов В. Н. Площадь Свободы в Минске. — Мн.: Полымя, 1985. — 80 с.