Кляштар марыявітак — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у Мінску. Дзейнічаў у 1771—1850 гадах. Знаходзіўся на Францысканскай вуліцы.
У шэрагу публікацый[1][3] сустракаецца памылковая лакалізацыя кляштара на Траецкай Гары, дзе напраўдзе знаходзіўся касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і шпіталь сясцёр міласэрнасці.
Гісторыя
У Менску жыў і памёр заснавальнік кангрэгацыі марыявітак віленскі ксёндз Юзаф Турчыновіч-Сушыцкі (1697—1773)[1].
Кляштар каталіцкай кангрэгацыі марыявітак — «дом марыявітак», заснаваны 26 чэрвеня 1771 года жонкай старосты паройскага Кунегундай з Матушэвічаў Рушчыц, якая ахвяравала на яго пляц на Францысканскай вуліцы. У канцы XVIII ст. Менск заставаўся ледзь не адзіным горадам, дзе інтэнсіўна пашыралася дзейнасць сясцёр-марыявітак. Кангрэгацыя не патрабавала пажыццёвай адмовы ад свецкага жыцця і аб’ядноўвала набожных жанчын, якія хацелі прысвяціць сябе пропаведзі хрысціянства сярод іўдзеяў.
Паводле візітацый пачатку XIX ст., на тэрыторыі кляштара быў вялікі драўляны жылы дом на падмурку, які законніцы здавалі ў арэнду, драўляная афіцына (пабудаваная ў 1817 годзе), дзе яны самі жылі, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі гарод. Тэрыторыю кляштара аддзяляў ад Францысканскай вуліцы драўляны паркан з брамай, завершанай каванай манаграмай Імя Дзевы Марыі[4].
Пры кляштары працавала школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводству і арыфметыцы. Была невялікая бібліятэка з 26 кніг. У кляштары стала жыло 3—4 законніцы, якія не мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касцёл езуітаў.
У 1850 годзе расійскія ўлады закрылі кляштар марыявітак[5], а яго пляц разам з будынкамі прадалі пад гарадскую забудову[6].
Зноскі
Літаратура
- Каталіцкія святыні : Мінска-Магілеўс. архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота Яроменкі А.; Уводз. Трацэўскага У.. — Мн.: Про Хрысто, 2003. — 255 с. — ISBN 985-6628-38-5, 985-6628-37-7.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мінск: Харвест, 2007— 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
- Chodzko J. Diecezja Mińska około 1830 roku : [2 t.] / J. Chodzko; oprac. i wyd. M. Radwan. — Lublin : Inst. Europy Środkowo-Wschod., 1998. — T. 2 : Struktury zakonne. — 213 s.
Рымска-каталіцкія сакральныя збудаванні Мінска |
---|
Касцёлы | |
---|
Кляштары | |
---|
Капліцы | |
---|