Першы каталіцкі храм на месцы сучаснага касцёла быў пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, калі Кальварыйскія могілкі размяшчаліся далёка за межамі Мінска[4]. Касцёл быў «драўляны, на падмурку», меў дзве высокія трох'ярусныя вежы. На могілках кармелітскага ордэна, чый манастыр знаходзіўся ў Мінску, арганізавалі «кальварыю», гэта значыць Крыжовы шлях з капліцамі ў месцах стаяння.
У 1798 годзе пасля стварэння Мінскай епархіі, Кальварыйскі касцёл перайшоў да мінскіх францысканцаў, а могілкі сталі агульнагарадскімі каталіцкімі могілкамі.
У 1836 годзе струхлелы драўляны будынак раскідалі, а на яго месцы ў 1839—1841 гадах пачалі будоўлю мураванага храма ў неагатычным стылі. У 1842 годзе касцёл быў асвячоны.
У 1930-я гады касцёл застаўся адзіным дзеючым у Мінску, але нават у ім не было плябана. Аднак перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны зачынілі і яго. Набажэнствы аднавіліся у час нацысцкай акупацыі Мінска, але адразу па заканчэнні вайны будынак быў прыстасаваны пад майстэрні. У 1980 годзе касцёл вярнулі вернікам, тады ж адрамантавалі.
Архітэктура
Касцёл Узвіжання Святога Крыжа аднанефны, з прамавугольнай апсідай, перакрыты цыліндрычным, з распалубкамі, скляпеннем, пад двухсхільным дахам[4]. Дзве маленькія капліцы, прыбудаваныя да бакавых фасадаў, утвараюць нешта накшталт невялікага трансэпта. Галоўны ўваход мае выгляд спічастага партала, над ім знаходзіцца вежа-званіца.