Ліццё ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы[ru]) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі механічнымі якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытворчасці пры вырабе адлівак масай да 100 кг.
Ліццё па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу[ru]. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.). Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю.
З бронзы, пазней і жалеза, адлівалі ўпрыгажэнні (спражкі, фібулы), наканечнікі коп’яў, стрэл. У XII ст. пашырыўся спосаб ліцця ў каменныя ці гліняныя раздымныя формы, падрыхтаваныя на васковай мадэлі. З медзі, бронзы, срэбра, радзей з золата адлівалі ўпрыгажэнні (бранзалеты , пярсцёнкі, спражкі, амулеты, падвескі ў выглядзе канькоў ці званочкаў), царкоўнае начынне (свяцільні, крыжы, энкалпіёны), дэталі адзення, конскай збруі; са свінцу выраблялі пячаткі і абразкі з гарэльефнымі сюжэтнымі выявамі. У познафеадальны перыяд адлівалі гарматы, ядры да іх, званы і іншыя вырабы. Выкарыстанне каляровых металаў і іх сплаваў, чыгуну, якія добра запаўняюць форму, спрыяла атрыманню высокамастацкіх вырабаў; гарматы аздаблялі рэльефнымі паяскамі, гербамі, выявамі жывёл, анёлаў і іншых, званы — расліннымі гірляндамі, арнаментальнымі надпісамі. Прыкладам высакаякаснага ліцця з’яўляюцца гарматы, адлітыя ў Нясвіжы, якія зберагаюцца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве і музеі артылерыі ў Стакгольме (Швецыя).
↑Гурын, М. Ф.Ліццё / М. Ф. Гурын // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 372. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.