Да жніўня 1991 года член КПСС, у 1995 годзе кіраўнік рэгіянальнага аддзялення «НДР», з 2008 па 2012 старшыня «Адзінай Расіі», пры гэтым не з’яўляўся членам партыі.
Продкі У. У. Пуціна па бацькаўскай і мацярынскай лініі (Пуціны, Шаломавы, Чурсанавы, Буянавы, Фаміны і іншыя) на працягу па меншай меры 300 гадоў былі сялянамі Цвярскога павета. Найбольш ранні вядомы продак У. У. Пуціна згаданы ў 1627—1628 гадах у Пісцовай кнізе Цвярскога павета. Гэта Якаў Нікіцін — бабыль вёскі Барадзіно прыходу вёскі Тургінава, вотчыны баярына Івана Нікіціча Раманава, дзядзькі цара Міхаіла Фёдаравіча.
У кнізе «От первого лица» («Ад першай асобы»), біяграфіі Пуціна паводле яго інтэрв’ю ў расійскай прэсе, распавядаецца пра бедныя гады дзяцінства будучага прэзідэнта, праведзеныя ў камунальнай кватэры.
У 1990 годзе вярнуўся ў Расію, працаваў памочнікам рэктара Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта па міжнародных пытаннях, потым — дарадцам старшыні Ленінградскага Савета (гарадскі заканадаўчы сход) вядомага расійскага дэмакрата Анатоля Сабчака.
У чэрвені 1991 года Пуцін быў прызначаны старшынёй Камітэта па Знешніх Сувязях мэрыі (бурмістарства) Санкт-Пецярбурга. На гэтай пасадзе ён займаўся прыцягненнем у горад замежных інвестыцый, адкрыцця сумесных прадпрыемстваў. Пуцін быў куратарам стварэння ў Пецярбургу валютнай біржы, пры яго судзеянні (як кажуць, з дапамогай яго кантактаў у былым савецкім КГБ і ўсходнегерманскай Stasi) было адчынена прадстаўніцтва BNP-Dresdner Bank. Адначасова з 1994 года Пуцін быў першым намеснікам старшыні ўрада Санкт-Пецярбурга.
У жніўні 1996 года пачалася «маскоўская» кар’ера Уладзіміра Пуціна — ён быў прызначаны намеснікам упраўляючага справамі прэзідэнта Расіі. У сакавіку 1997 года Пуцін прызначаны намеснікам кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, начальнікам галоўнага кантрольнага ўпраўлення прэзідэнта РФ. З мая 1998 года Пуцін — першы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Расіі.
Наступным моцным узлётам пецярбурскага палітыка было прызначэнне яго дырэктарам ФСБ — расійскай спецслужбы. З сакавіка 1999 года Пуцін стаў сакратаром Савета Бяспекі Расіі.
Першае прэм’ер-міністарства
У жніўні 1999 года прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын прызначыў Уладзіміра Пуціна прэм’ер-міністрам Расіі. 31 снежня 1999 года Ельцын сышоў у адстаўку і Пуцін стаў выканаўцам абавязкаў прэзідэнта да наступных выбараў.
Першы прэзідэнцкі тэрмін
26 сакавіка 2000 года былі праведзеныя прэзідэнцкія выбары, у якіх Пуцін перамог у першым туры.
Уладзімір Пуцін з самога пачатку дасягнуў шалёнай папулярнасці ў расійскім грамадстве дзякуючы свайму іміджу маладога, энергічнага прэзідэнта-спартсмена на фоне старога і хворага Барыса Ельцына. З пункту гледжання сваёй палітычнай платформы Пуцін здолеў аб’яднаць вакол сябе прыхільнікаў часам дыяметральна супрацьлеглых ідэй. Для дэмакратаў ён быў колішнім сябрам і паплечнікам Анатолія Сабчака і, мяркуючы па прамовах маладога прэзідэнта, прыхільнікам далейшых і больш радыкальных дэмакратычных і рынкавых рэформ. Для кансерватараў і нацыяналістаў Пуцін быў сімвалам адраджэння «Вялікай Расіі», новым «правадыром».
Аб’яднанне расійскіх эліт вакол кандыдатуры У. Пуціна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў беларускі публіцыст Аляксандр Лукашук ацаніў як пачатак «кансалідацыі дзяржаўнасьці Расеі паводле аўтарытарнага ўзору, якая будзе суправаджацца ўсталяваньнем больш шчыльнага і бязьлітаснага кантролю над зонай расейскіх інтарэсаў — былымі савецкімі рэспублікамі»[13].
Адным з першых рашэнняў Пуціна было прыняцце новага гімна на музыку гімна СССР і зацверджанне чырвонай савецкай харугвы для расійскага войска. У 2004 годзе Пуцін назваў распад Савецкага Саюза «найбуйнейшай геапалітычнай катастрофай стагоддзя».
Прадстаўнікі палітычнай эліты ельцынскай эпохі паступова выціскаліся з улады. За махінацыі пачалося пераследаванне буйных бізнесменаў-алігархаў Барыса Беразоўскага і Уладзіміра Гусінскага. 24 лютага 2004 года, менш чым за месяц да парламенцкіх выбараў, Пуцін звольніў з пасады прэм’ер-міністра Міхаіла Касьянава, прадстаўніка эліты ельцынскага часу, і прызначыў на яго пазіцыю дыпламата Міхаіла Фрадкова.
У 2003 годзе быў сарваны гешэфт па зліцці нафтавых кампаній «ЮКОС» і «Сибнефть», у выніку якога меў бы з’явіцца найбуйнейшы ў свеце нафтавы канцэрн. Быў арыштаваны кіраўнік «ЮКОС» Міхаіл Хадаркоўскі, пачаўся працэс знішчэння гэтай некалі найбуйнейшай і найбольш паспяховай расійскай карпарацыі.
У сферы знешняй палітыкі Пуцін узяў курс на ўзмацненне адносін з краінамі СНД з мэтай стварэння процівагі пашыраючымся НАТА і ЕС, да якіх далучыліся многія краіны цэнтральнай і ўсходняй Еўропы і пачалі далучацца краіны былога СССР. Разам з лідарамі Еўрапейскага Саюза Пуцін асудзіў амерыканскую кампанію ў Іраку. Увогуле, прэзідэнт падтрымлівае добрыя, «сяброўскія» адносіны з прэзідэнтам ЗШАДжорджам Бушам, нямецкім канцлерам Герхардам Шродэрам, італьянскім прэм’ерам Сільвіа Берлусконі.
Ва ўнутранай палітыцы Пуцін усталяваў рэжым асабістай улады шляхам кантролю за электроннымі сродкамі масавай інфармацыі і паступовага выціскання дэмакратычнай апазіцыі з органаў дзяржаўнай улады. Былі зачыненыя ці падпарадкаваныя Крамлю незалежныя тэлеканалы НТВ, ТВ6 і ТВС, на парламенцкіх выбарах у 2003 годзе створаная ўладай партыя «Адзіная Расія» атрымала больш за палову месцаў у Дзяржаўнай Думе Расіі дзякуючы манаполіі на тэлевізійны эфір і іншыя буйныя прэферэнцыі падчас перадвыбарчай кампаніі. Адначасова ў парламент упершыню за гісторыю новай Расіі не прайшлі дэмакратычныя партыі «СПС» і «Яблака».
За Пуцінам працягнулася і ўзмацнілася расійская актыўнасць у Чачні. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі сведчаць пра ўзмацненне парушэнняў правоў чалавека ў паўночна-каўказскай рэспубліцы.
Другі прэзідэнцкі тэрмін
14 сакавіка 2004 года Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін 71% выбаршчыкаў быў у першым туры абраны на другі тэрмін прэзідэнцтва. Як і на парламенцкіх выбарах некалькі месяцаў да гэтага, зноў па Расіі ішла актыўная кампанія на карысць Пуціна. Расійская канстытуцыя не дазваляе адной асобе займаць пасаду прэзідэнта больш, чым два тэрміны запар, таму Пуцін не мае права балатавацца на выбарах у 2008 годзе.
13 верасня 2004 года, з нагоды крызы з закладнікамі ў Беслане і тэрарыстычных актаў у Маскве, Пуцін пачаў рэформу дзяржаўнага кіравання, у ходзе якой былі адмененыя выбары губернатараў расійскіх рэгіёнаў. Гэты крок быў многімі раскрытыкаваны, у тым ліку Міхаілам Гарбачовым як адступ ад прынцыпаў дэмакратыі і вяртанне да цэнтралізацыі ўлады, як за савецкім часам. Разам з гэтым былі ўскладненыя ўмовы праходу незалежных дэпутатаў у Дзяржаўную Думу.
Падчас прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне ў канцы 2004 года Пуцін двойчы наведваў Украіну з мэтай падтрымаць кандыдата ад улады Віктара Януковіча і адзіны разам з прэзідэнтам БеларусіАляксандрам Лукашэнкам павіншаваў Януковіча з перамогай у выбарах.
4 чэрвеня 2021 года заявіў, што не ведае, хто такі Раман Пратасевіч, але не супраць, каб той і далей змагаўся з рэжымам Лукашэнкі[18]:
Нейкі Раман Пратасевіч, я ведаць яго не ведаю і ведаць не хачу. Няхай ён робіць, што хоча — змагаецца з рэжымам Лукашэнкі
Арыгінальны тэкст(руск.)
Какой-то Роман Протасевич! Я знать его не знаю. И знать не хочу. Пускай он делает, что хочет, борется с режимом Лукашенко
У кастрычніку 2021 года вядоўца тэлеканала СТБ Яўген Пуставы заявіў, што Лукашэнка «адзіны прэзідэнт, які не хаваўся ад народа па бункерах, а ад міністраў і журналістаў з дапамогай тэлеканферэнцый». Таксама, паводле яго слоў, у Беларусі «абышлося без лакдаўнаў, без бяздумнага каранціну». У яшчэ адной рэпліцы пра Лукашэнку Пуставы адзначыў, што ў беларускага аўтарытарнага лідара «бяссонныя ночы і перажыванні адбіваліся на твары. Ботаксам не карыстаецца». Гэтыя рэплікі падобныя на простую адсылку да Уладзіміра Пуціна, хоць сам Пуставы неўзабаве заявіў, што не меў Пуціна на ўвазе, лічыць яго «красунчыкам» і выступае за саюз з Расіяй[19].
21 лютага 2022 года ўхваліў законапраект аб афіцыйным прызнанні самаабвешчаных Данецкай Народнай Рэспублікі і Луганскай Народнай Рэспублікі на ўсходзе Украіны незалежнымі дзяржавамі[20] і падпісаў указы аб прызнанні ДНР і ЛНР, а таксама падпісаў дагаворы аб дружбе, супрацоўніцтве і дапамозе з рэспублікамі[21].
З маладосці займаўся дзюдо. Пуцін з’яўляецца кандыдатам эканамічных навук, свабодна валодае нямецкай і англійскай мовамі. Да 2013 году быў жанаты з Людмілай Пуцінай, у мінулым настаўніцай нямецкай мовы. Мае дзвюх дачок — Кацярыну (нар. 1985) і Марыю (нар. у 1986).