У 2011 годзе ў 16-гадовым узросце Раман Пратасевіч трапіў пад пераслед за ўдзел у маўклівых акцыях пратэсту і быў адлічаны з Ліцэя БНТУ. У 2011—2014 гадах яго неаднаразова затрымлівалі за тое, што адміністраваў апазіцыйныя суполкі ў сацсетках і прымаў удзел у пратэставых акцыях.
Раман Пратасевіч вучыўся на факультэце журналістыкі БДУ, але быў адлічаны, як ён сам распавядаў, па палітычных матывах. На працягу некалькіх гадоў супрацоўнічаў з шэрагам недзяржаўных выданняў, у тым ліку «Радыё Свабода» і «Еўрарадыё». У студзені 2020 года з’ехаў у Польшу і заявіў, што будзе прасіць там прытулак, бо ў Беларусі можа трапіць пад палітычна матываваны крымінальны пераслед. Эміграцыя нібыта была звязаная са «справай Чудзянцова», сябрам якога ён быў.
У Польшчы Раман Пратасевіч стаў рэдактарам тэлеграм-канала «NEXTA». Восенню 2020 года на хвалі масавых пратэстаў спецслужбы Рэспублікі Беларусь завочна выставілі яму абвінавачванне паводле арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»), арт. 130 («Распальванне варожасці») і арт. 342 («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»), Раман Пратасевіч і Сцяпан Пуціла былі абвешчаны ў вышук. Следчы камітэт абвінаваціў блогераў у тым, што ў тэлеграм-канале размяшчаліся «заклікі да пратэстаў, блакавання дарог, забастовак, каардынацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў з указаннем канкрэтных месцаў правядзення, а таксама маршрутаў перасоўвання». Следчы камітэт накіраваў у Польшчу дакументы на іх экстрадыцыю.
Паводле звестак беларускіх уладаў, раней ён ваяваў на ўсходзе Украіны ў складзе праўрадавага батаёна «Азоў», хоць са слоў камандзіра падраздзялення Андрэя Білецкага Пратасевіч дзейнічаў там як журналіст[10]. Прадстаўнікі самаабвешчаных ДНР і ЛНР абвінавачваюць беларуса ў здзяйсненні злачынстваў супраць мірнага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не пярэчыць супраць таго, каб паўстанцы прыехалі ў Мінск і дапыталі затрыманага[11]. 3 чэрвеня 2021 года на тэлеканале «АНТ» выйшла перадача з удзелам Пратасевіча і Марата Маркава, абазначаная як інтэрв’ю Пратасевіча[12]. Перадача выклікала шматлікую крытыку і была расцэненая многімі як элемент катавання палітвязня[13][14][15][16]. Радка Валерава з чэшскага партала расследаванняў «Seznam Zprávy(чэшск.) (бел.» ў сваім артыкуле ад 15 чэрвеня 2021 года лічыць, што ярлыкі накшталт «фашыст», «тэрарыст», «агент ЦРУ», што распаўсюдзіліся ў Інтэрнэце ў адносінах да Пратасевіча схільнымі да дезінфармацыі крыніцамі, цалкам ілжывыя[17].
3 мая 2023 года Раман Пратасевіч прысуджаны да 8 гадоў зняволення[18]. 22 мая 2023 года Пратасевіч быў памілаваны[19]. У маі 2024 года Пратасевіч паведаміў, што вывучыўся на электразваршчыка 3-га разраду[20].