Географ Вадзім Жучкевіч звязваў назву Смілавічаў з балцкімі назвамі Смілгі, Смільгіні, якія ад балцка-літоўскага антрапоніма (імені-мянушкі) тыпу Smilgis, што звязаны з літоўскім smilga «расліна мятлік; хто высокі і тонкі (як мятлік)»[2]. Адсутнасць тлумачэння пераходу Смілг- > Сміл- ёсць слабым бокам гэтага меркавання.
Краязнавец Аляксей Ненадавец у напісанай ім легендзе пра паходжанне назвы Смілавічы падае слова «смілга», якое нібыта значыла «мяккі характарам»[3] (слова ў такім значэнні не фіксуецца слоўнікамі беларускай мовы, ёсць толькі балтызм смільга «расліна мятлік»[4]).
У літоўскай мове вядомыя роднасныя словы smilus («цікаўны, пранырлівы»), smailus («востры; тонкі; цікаўны»), ад іх сучасныя літоўскія прозвішчы (былыя імёны-мянушкі) Smilys, Smailys. Побач са Смілавічамі — Камейкі, Людвінова, ад балцка-літоўскіх імёнаў Kameikis, Liudvinas.
Гісторыя
Вялікае Княства Літоўскае
Ад пачатку сваёй гісторыі Смілавічы ўваходзілі ў склад Бакштанскай воласці, якая ўпершыню ўпамінаецца пад 1451 годам як уладанне Кезгайлаў. Па згасанні гэтага роду ў сярэдзіне XVI ст. маёнтак перайшоў у супольнае валоданне Завішаў і Шэметаў.
Першы пісьмовы ўпамін пра Смілавічы як сялоМенскага паветаМенскага ваяводства датуецца 1582 годам. Наступны раз паселішча ўпамінаецца пад 1592 годам, калі паміж жыхарамі некалькіх сёл адбылася бойка праз мёд.
Прыкладна ў гэты час на ўскрайку сённяшніх Смілавічаў пасяліліся татары. Назва мясцовасці Татарская Слабада захоўвалася яшчэ ў XIX ст.
У першай чвэрці XVII ст. у маёнтку Бакшты засталіся два ўласнікі: сын памерлага ў 1604 годзе Андрэя ЗавішыКрыштаф, які сканцэнтраваў у сваіх руках завішанскую частку воласці, і князь Багдан Агінскі, які нейкім чынам набыў тую частку, што папярэдне належала Шэметам. Па смерці апошняга ў 1625 годзе засталіся сыны Аляксандр, Ян і Самуэль. Саўладальнікі Бакштаў парадніліся паміж сабой: князёўна Аляксандра, дачка Аляксандра Агінскага, каля 1645 года выйшла за сына Крыштафа Завішы Андрэя Казіміра. Па смерці Аляксандра Агінскага ў 1667 годзе яго долю Бакштаў успадкаваў яго сын Марцыян (1632—1690). Нашчадкі Самуэля, памерлага ў 1657 годзе, таксама мелі долю ў Бакштах (у Дукоры і інш.) Іхнае ўладанне часам, супроць маёнтка Смілавічы-Бакшты, называлася Смілавічы-Дукора. На сродкі Крыштафа Завішы ў першай палове XVII ст. у Смілавічах-Бакштах збудавалі папяровы млын. У 1613—1644 гадах на ім вялася вытворчасць паперы з філігранямі з выявай герба «Лебедзь» і подпісам па краях «На Бакштах Завіша» (на 1735 год млын ужо не дзейнічаў).
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) войскі Маскоўскай дзяржавы разрабавалі і спустошылі Смілавічы. Паводле падымнага тарыфу Менскага павета за 1667 год, Крыштафу Завішы ў маёнтку Смілавічы-Бакшты належала 346 дымоў, а Марцыяну Агінскаму — 117. Значная частка ўладанняў Агінскіх — мястэчка Дукора з вёскамі ў памеры 170 дымоў — на той момант знаходзілася ў закладзе ў Казіміра Навацкага. У наступным 1668 годзе князь Марцыян Агінскі, крайчы вялікі, у сваёй частцы Смілавічаў, якія тады былі ўжо мястэчкам, ахвяраваў валоку зямлі (крыху больш 21 га) на карысць царквы. У створаным з гэтай нагоды дакуменце ўпамінаецца, што мястэчка і ўся воласць належаць яму і пану Завішу супольна, прычым падданыя розных паноў сяліліся ўперамешку — «хлоп праз хлопа сядзяць». Тая частка мястэчка, дзе пераважалі ўладанні Агінскага, называлася Шахоўнічы. Крыштаф Завіша памёр у 1670 годзе. Ягоная частка маёнтка перайшла да сыноў Андрэя Казіміра (1618—1678) і Яна Юрыя (каля 1620—1671). Марцыян Агінскі, які ў канцы жыцця даслужыўся да высокіх пасад ваяводы троцкага і канцлера вялікага, не пакінуў нашчадкаў. І ягоная доля Бакштаў па смерці ў 1690 годзе адышла да пляменніка Крыштафа Станіслава Завішы — сына ягонай сястры і Андрэя Казіміра Завішы. Такім чынам дзве часткі Смілавічаў сканцэнтраваліся, нарэшце, у адных руках.
У Вялікую Паўночную вайну ў 1710 годзе два палкі войска Вялікага Княства Літоўскага кватаравалі ў Смілавіцкім маёнтку. Прыкладна да гэтага часу належыць прывілей Крыштафа Станіслава Завішы (памылкова датаваны 1736 годам) мясцовым жыдам, у якім ён дазволіў ім адкрыць школу (малітоўны дом).
Сын Крыштафа Станіслава Завішы Ігнацы атрымаў графскі тытул — ён тытулаваўся графам на Бакштах, Бярдзічаве і Завішыне. З гэтай нагоды маёнтак Бакшты-Смілавічы часам называўся ў гэты час Бакштанскім графствам. Ігнацы, як і ягоны дзед, у 1727 годзе пабраўся шлюбам з прадстаўніцай роду Агінскіх — князёўнай Марцыбелай, дачкой ваяводы віленскага Казіміра Дамініка Агінскага (унука Самуэля). Ігнацы Завіша ў 1738 годзе памёр без нашчадкаў, а ягоныя маёнткі засталіся ў руках удавы. У 1747 годзе Марцыбела Агінская заснавала ў Смілавічах кляштар каталіцкага ордэна місіянераў і збудавала для яго мураваны касцёл. На забеспячэнне кляштара яна вылучыла фальварак і сяло Волма, а таксама сяло Клінок. З гэтага часу азначаныя паселішчы перасталі адносіцца да маёнтка Смілавічы-Бакшты, утвараючы ўласнасць манахаў-місіянераў.
Асноўная ж частка маёнтка Смілавічы па смерці Марцыбелы ў 1760 годзе адышла да князя Міхала Казіміра Агінскага (1728—1800), які быў сынам яе брата Юзафа, ваяводы троцкага. У 1791 годзе князь Агінскі прадаў маёнтак Смілавічы шляхціцу Станіславу Манюшку, які папярэдне працаваў у яго аканомам гэтага маёнтку. У гэты час у мястэчку было 85 двароў (43 хрысціянскіх, 31 іўдзейскіх і 13 татарскіх). Тут працавалі два вадзяныя млыны, адзін з якіх выкарыстоўваўся як лесапільня; дзейнічаў кляштар з мураваным касцёлам Святога Вінцэнта, а таксама дзве царквы — у гонар Святога Юрыя і Прачыстай Багародзіцы. Да Смілавіцкага маёнтка належалі 22 паселішчы.
Па смерці Станіслава Манюшкі пры падзеле бацькоўскіх уладанняў Смілавічы атрымаў ягоны сын Казімір, які значна пераабсталяваў сядзібу і заснаваў у ёй батанічны сад. Па смерці Казіміра Манюшкі маёнтак адышоў да ягонага малодшага брата Аляксандра, які пачаў будаваць у мястэчку новы мураваны палац. Адзіная дачка Аляксандра Манюшкі Паўліна выйшла за Лявона Ваньковіча, да якога ў выніку гэтага шлюбу перайшоў і маёнтак Смілавічы.
У выніку Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Смілавічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе з 1795 года сталі цэнтрам воласці Ігуменскага павета. На 1797 год у мястэчку існавала паштовая станцыя, у якой было 12 коней, 6 хурманаў. Асноўным відам транспарту быў гужавы.
На 1844 год у Смілавічах было 62 двары, у сярэдзіне XIX ст. працавала суконная фабрыка, прадукцыя якой прадавалася ў Мінску і Мінскай губерні. На 1859 год працавала Смілавіцкае паштова-тэлеграфнае аддзяленне. У 1863 годзе ў мястэчку адкрылася земскае народнае вучылішча, у якім на 1867 год навучалася 137 дзяцей (з іх 34 дзяўчынкі). У 1867 годзе ў Смілавічах дзейнічалі 2 касцёлы, адзін з якіх расійскія ўлады перарабілі пад царкву Маскоўскага патрыярхату.
У пачатку 1880-х гадоў у Смілавічах было 95 двароў, дзейнічалі валасная ўправа, 3 царквы, касцёл, мячэць, 3 іўдзейскія малітоўныя дамы, 2 вадзяныя млыны на рацэ Волме, вінакурны і піваварны заводы, суконная фабрыка, 30 крамаў, адзін раз на тыдзень праводзіўся таржок. Да канца XIX ст. межы мястэчка пашырыліся, а колькасць двароў і жыхароў значна вырасла, ажывіўся гандаль. Паводле Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх тут было 375 драўляных будынкаў (352 у мястэчку і 22 на прадмесці, званым Татарская Слабада), працавалі мужчынская і жаночая царкоўна-прыходскія школы, шпіталь, паштовая станцыя, паліцэйскі пастарунак, валасная ўправа, мячэць, 2 іўдзейскія дамы малітвы, суконная фабрыка і шматлікія невялікія татарскія гарбарні[5].
Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у Смілавічах было 498 двароў, працавалі валасная ўправа, 2 царквы (драўляная і мураваная), капліца, касцёл, мячэць, 5 іўдзейскіх малітоўных дамоў, 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае і мужчынскае), 2 царкоўна-прыходскія школы, прыёмны пакой на 2 ложкі для хворых, паштовая станцыя, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, хлебазапасны магазін, суконная фабрыка, некалькі гарбарняў, 58 дробных крамаў, 2 заезныя дамы, 9 корчмаў, устаноўка для прыгатавання сельтэрскай вады; таржкі ў нядзельныя і святочныя дні, быў рынкавы пляц. Побач з мястэчкам знаходзіўся аднайменны маёнтак: 1 двор, 83 жыхары, дзейнічаў вінакурны завод.
У пачатку XX ст. у Смілавічах было 454 двары. Большую частку насельніцтва складалі жыды. Тут бытавалі гарбарныя, кавальскія, млынавыя, бандарныя, ганчарныя, кравецкія, шавецкія, рымарскія, ткацкія і інш. промыслы і рамёствы. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, агародніцтвам і дробным гандлем. У нядзелі і святочныя дні адбываліся таржкі.
У час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў у Смілавіцкай воласці адбылося некалькі сялянскіх выступленняў. Яны праявіліся ў самавольных парубках лясоў, захопе сенажацяў зямянаў. У жніўні 1914 года група мабілізаваных на фронт у часе руху паштовым трактам з Ігумена ў Мінск разграмілі некалькі маёнткаў, у тым ліку і Смілавічы. Сялянскія хваляванні ў Смілавіцкай воласці адбыліся таксама ў верасні 1917 года.
На 1917 год у мястэчку Смілавічах было 633 двары; у аднайменным маёнтку быў 1 двор. За часамі Першай сусветнай вайны ў лютым 1918 года мястэчка занялі войскі Германскай імперыі.
З 31 ліпеня 1920 года ў БССР. У 1924—1931 і 1935—1938 гадах Смілавічы былі цэнтрам раёна, з 1924 года — цэнтр сельсавета. У 1926 годзе тут працавала беларуская сямігадовая школа. Апроч таго, у мястэчку дзейнічалі Народны дом, 3 клубы, 86 чырвоных куткоў, бібліятэка, некалькі гурткоў ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1930-я гады савецкія ўлады зруйнавалі помнік архітэктуры XVIII ст. касцёл і кляштар місіянераў. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 года мястэчка было пад акупацыяй Трэцяга рэйха. На тэрыторыі пасёлка было арганізаванае гета. У гэты час у Смілавічах і ваколіцах дзейнічалі савецкія партызаны.
З 1960 года Смілавічы ў складзе Чэрвеньскага раёна. 2 лістапада 1963 года яны атрымалі афіцыйны статус гарадскога пасёлка[7].
У 2018 годзе ў склад Смілавічаў увайшла вёска Жураўкавічы.
Насельніцтва
1791 год — 564 чал. (257 муж. і 307 жан.)
1881 год — 500 чал.;
1889 год — 1676 чал., з іх 464 хрысціян, 222 магаметан і 990 іўдзеяў;
1897 год — 3498 чал.
1901 год — 3335 чал.;
1917 год — 2766 чал., з іх 215 беларусаў, 73 палякі, 2102 яўрэі ў мястэчку Смілавічах і 126 чал. у маёнтку Смілавічах;
Апроч беларусаў у Смілавічах традыцыйна жылі яўрэі і татары. Большасць яўрэяў загінула ў часе Другой сусветнай вайны ці пераехала ў іншыя месцы, у тым ліку ў ЗША і Ізраіль. Татарская абшчына захавалася да нашага часу. У пасляваенны перыяд у сувязі з пабудовай валюшна-лямцавай прамысловасці ў Смілавічах таксама жывуць выхадцы з Башкартастана.
Эканоміка
Прадпрыемствы: валюшна-лямцавая фабрыка, гарбарны завод, механічныя майстэрні, прадпрыемства «Жылкампаслугі-Смілавічы», СКФ «Мантаж» (вытворчасць шклопакетаў для вокнаў), камбінат бытавых паслуг.
Значная частка насельніцтва займаецца таварным агародніцтвам.
Адукацыя. Культура
У Смілавічах працуюць саўгас-тэхнікум, завочны сельскагаспадарчы каледж, прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 203, 2 сярэднія агульнаадукацыйныя і дзіцячая музычная школы, школа-інтэрнат, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы. У сферы культуры дзейнічаюць дом культуры, кінатэатр, 2 бібліятэкі, дом дзіцячай творчасці, музей «Прастора Хаіма Суціна».
Помнікі: стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Савецкай (1980); стэла на магілах ахвяр нацызму на вуліцы Чкалава (1965); абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан (на могілках), якія загінулі ў баях з немцамі ці памерлі ад ран (1960); помнік-стэла на ўшанаванне памяці настаўнікаў і вучняў Смілавіцкай сярэдняй школы, якія загінулі ў час Другой сусветнай вайны (1968)
Смілавічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 676. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.