«12 гадоў рабства» (англ.: 12 Years a Slave) — брытана-амерыканская гістарычная драма 2013 года; экранізацыя аднайменнай аўтабіяграфіі Саламона Нортапа, вольнага чарнаскурага амерыканца, народжанага ў Нью-Ёрку, выкрадзенага ў Вашынгтоне ў 1841 годзе і прададзенага ў рабства. Ён працаваў на плантацыях у штаце Луізіяна на працягу 12 гадоў да таго, як дамогся вызвалення. Першае выданне мемуараў Нортапа было выпушчана ў 1968 годзе амерыканскімі гісторыкамі Сью Ікінам і Джозефам Логзданам.
Фільм з’яўляецца трэцяй работай рэжысёра Стыва Мак-Куіна, сцэнарый напісаны Джонам Рыдлі. Чыветэл Эджыафор, які сыграў Саламона Нортапа, быў удастоены высокай ацэнкі сваёй працы ад кінакрытыкаў. Асноўная частка здымак праходзіла ў Новым Арлеане, штаце Луізіяна з 27 чэрвеня па 13 жніўня 2012 года. Бюджэт карціны склаў $20 мільёнаў. Для здымак былі выкарыстаны чатыры гістарычныя даваенныя плантацыі: Фелісіці, Магнолія, Бокейдж і Дэстрэхан. З усіх чатырох Магнолія знаходзіцца бліжэй за ўсіх да рэальнага месца, дзе жыў Нортап.
Прэм’ера фільма адбылася 30 жніўня 2013 года на кінафестывалі ў горадзе Тэлюрайд, штат Каларада. Карціна адразу ж атрымала захопленыя водгукі ад крытыкаў. У ЗША фільм быў выпушчаны ў пракат 18 кастрычніка 2013 года.