«Чалавек дажджу» (англ.: Rain Man) ― амерыканскі мастацкі фільм (драма і роўд-муві) 1988 года, рэжысёра Бары Левінсана. Гісторыя пакутуючага аўтызмам Рэйманда (Дасцін Хофман) і яго эгацэнтрычнага брата Чарлі Бэбіта (Том Круз).
Сюжэт
Малады бізнэсмэн Чарлі Бэбіт нечакана даведваецца, што ў спадчыну ад памерлага бацькі-мільянера дасталіся толькі ружовыя кусты ды «Б’юік» 1949 года, а ільвіная доля шматмільённай маёмасці — яго брату-аўтысту Рэйманду, які жыве ў лякарні для псіхічнахворых і пра існаванне якога Чарлі не ведаў.
Захацеўшы адабраць «сваю долю», Чарлі вырашае вывезці свайго старэйшага брата з лякарні і не вяртаць яго, пакуль палова спадчыны не будзе аддадзена яму.
Па разумовым развіцці Рэйманд амаль дзіця і жыве ў сваім унутраным свеце, які абапіраецца на строгі расклад і звычкі. Але ў той жа час ён валодае фенаменальнай памяццю і ўважлівасцю, а таксама здольны рабіць самыя складаныя арыфметычныя разлікі. Калі Чарлі высвятляе гэта, то ён вырашае выкарыстоўваць Рэйманда ў сваіх карысных мэтах.