Аддзяленне адыграла вялікую ролю ў вывучэнні сусветных калекцый пладовых і ягадных раслін і іх суродзічаў. За перыяд з 1925 па 1931 гг. А. Я. і Э. П. Сюбаравымі былі сабраны пароды і сарты, якія належалі да розных экалога-геаграфічных груп, а таксама прадстаўнікі дзікіх і родапачынальных формаў — усяго больш за 3 тыс. сортаўзораў, у тым ліку 500 па яблыні, з асноўных пладовых раёнаў СССР і 47 замежных краін[2].
23 лютага1931 г. Пастановай Саўнаркама БССР на базе аддзялення Усесаюзнага інстытута раслінаводства ў «Лошыцы-1» створана Беларуская занальная доследная станцыя плодаагародніннай гаспадаркі, якая ўвайшла ў склад Наркамзема БССР. 14 сакавіка1931 года Усесаюзны інстытут раслінаводства выдаў Загад аб выкананні Пастановы ў 10-дзённы тэрмін[1].
Аляксей Сюбараў у гады Вялікай Айчыннай вайны застаўся ў Лошыцы і працягваў даглядаць свае калекцыі. Нямецкія акупанты выкарыстоўвалі Лошыцкую сядзібу для размяшчэння свайго штаба і кватаравання і, каб пазбегнуць нечаканага нападу партызан і для лепшага абстрэлу, хацелі высекчы ўсе дрэвы навокал. Толькі дзякуючы намаганням Сюбарава, які пераканаў немцаў, што агародніна, якая вырошчвалася для іх харчавання, будзе лепш расці пад кронамі дрэў, пладовы сад удалося выратаваць. Але савецкая ўлада пасля не ацаніла намаганняў навукоўца: за «сувязь з акупантамі» ён быў рэпрэсіраваны[3].
14 лютага1956 г. Пастановай ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР № 253 ухвалена і 5 красавіка Пастановай Саўміна БССР і ЦК КПБ № 174 зацверджана сетка навукова-даследчых устаноў БССР па сельскай гаспадарцы, сярод якіх быў і Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбы. 30 жніўня1956 года на базе Беларускай плодаагародніннай доследнай станцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР і Русінавіцкай гародніна-бульбяной селекцыйнай станцыі Міністэрства прамысловасці харчовых тавараў БССР створаны Беларускі НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбаводства[1].
6 сакавіка1972 года Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства, агародніцтва і бульбы перайменаваны ў Беларускі навукова-даследчы інстытут бульбаводства і плодаагародніцтва[1].
31 кастрычніка2000 г. інстытут ператвораны ў Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускі навукова-даследчы інстытут пладаводства». У адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка2002 г. № 7 інстытут увайшоў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 27 верасня2002 г. — Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Інстытут пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі»[1].
Асноўнымі кірункамі навуковай і навукова-інавацыйнай дзейнасці інстытута з’яўляюцца селекцыя і інтрадукцыяпладовых, ягадных, арэхаплодных культур, вінаграда і іх прышчэп; стварэнне банка генетычных рэсурсаў пладовых, ягадных, арэхаплодных культур і вінаграда з мэтай практычнага выкарыстання ў селекцыі, вытворчасці і для міждзяржаўнага абмену; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій вытворчасці, захоўвання і перапрацоўкі пладоў і ягад; дыягностыка вірусных, вірусападобных і бактэрыяльных патагенаў і стварэнне базавых калекцый бязвірусных раслін; распрацоўка і ўдасканаленне тэхналогій і вытворчасць аздароўленага пасадачнага матэрыялу; селекцыйнае паляпшэнне племянных і прадуктыўных якасцей пчол і ўдасканаленне тэхналогій іх утрымання і выкарыстання; распрацоўка рэспубліканскіх стандартаў на пасадачны матэрыял, сыравіну пладовых і ягадных культур і прадукты іх перапрацоўкі; распрацоўка навуковых і эканамічных прагнозаў і комплексных праграм па развіцці пладаводства і пчалярства ў Рэспубліцы Беларусь; праектаванне і закладка садоў і ягаднікаў; ажыццяўленне патэнтава-ліцэнзійнай і вынаходніцкай працы, правядзенне шырокай прапаганды вынікаў навуковых даследаванняў шляхам інфармацыйнай, рэкламнай і выдавецкай дзейнасці[4].
Калекцыя
Калекцыі пладовых, ягадных арэхаплодных культур і вінаграда Інстытута пладаводства ўключаны ў 2012 годзе Дзяржаўны рэестр навуковых аб’ектаў, якія складаюць
нацыянальны здабытак, пад рэестравым нумарам 6. Калекцыі, якія ўключаюць самы паўночны ў Еўропе фонд грэцкага арэха і вінаграда, адносяцца да ліку найбуйнейшых у Еўропе і налічваюць 5576 узораў 40 культур 110 відаў, у тым ліку 3427 — пладовых, 1391 — ягадных, 248 — арэхаплодных і 510 — вінаграда (станам на 2018 год). Калекцыйныя фонды захоўваюцца ў жывым выглядзе ex situ, на плошчы 20 га і па складзе культур і відаў не маюць аналагаў у Беларусі[5].
Бібліятэка РУП «Інстытут пладаводства» існуе з 1946 г. Асноўны фонд бібліятэкі налічвае 47113 асобнікі літаратуры, з іх 27941 кніга і 19172 часопісы. У бібліятэцы прадстаўлены сабраныя за шмат гадоў і найноўшыя навуковыя працы па раздзелах, якія з’яўляюцца навуковай асновай сельскай гаспадаркі: біялогія і фізіялогія раслін, генетыка, глебазнаўства, аграхімія і інш[7].
Музей гісторыі пладаводства Беларусі
Музей адкрыты 10 кастрычніка1995 г. у дзень 70-годдзя інстытута. Размяшчаецца ў галоўным корпусе. У аснову экспазіцыі пакладзены прадметна-храналагічны прынцып. Яна складаецца з пяці буйных раздзелаў і адлюстроўвае развіццё пладаводства на тэрыторыі Беларусі з XI стагоддзя па цяперашні час[8].