Інстытут літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі навук (1931—1935)
У пачатку 1931 года склалася агульная структура Інстытута як навуковай установы акадэмічнага профілю ў сістэме Акадэміі, вызначаліся асноўныя напрамкі яго дзейнасці. У тым жа годзе была ўдакладнена назва — Інстытут літаратуры і мастацтва. Былі працягнуты даследаванні, пачатыя на кафедрах Інстытута беларускай культуры і кафедры літаратуры Акадэміі.
Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы АН БССР (1935—1941)
У ліпені 1935 года ў сувязі са змяненнем структуры АН БССР была прынята пастанова ЦК КП(б)Б, у якой, у прыватнасці, адзначалася, што «з мэтай канцэнтрацыі і павышэння якасці навкова-даследчай работы, а таксама ўмацавання кіраўніцтва і ўкамплектавання кадрамі навукова-даследчых устаноў лічыць неабходным правесці рэарганізацыю наступных навукова-даследчых устаноў:
па Беларускай акадэміі навук:
1. Стварыць на базе інстытутаў літаратуры, мастацтва і мовы адзін інстытут — літаратуры, мастацтва і мовы.
2. Зацвердзіць часова выконваючым абавязкі дырэктара інстытута т. Вольскага.
3. Паставіць перад інстытутам у якасці бліжэйшай і асноўнай задачы — падрыхтоўку высокакваліфікавных кадраў і хутчэйшы выпуск падручніка беларускай мовы, слоўнікаў і кіраўніцтва па гісторыі беларускай літаратуры і мастацтва».
У 1936—1937 гг. Інстытут літаратуры, мастацтва і мовы ўзначальваў А. Александровіч. У 1937 годзе некаторы час абавязкі дырэктара інстытута выконваў Р. В. Краснеўскі, а з 1937 г. па 1941 г. дырэктарам быў В. В. Барысенка.
У перадваенныя гады ў Інстытуце былі выдадзены «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939), «Курс сучаснай беларускай мовы» (1940), «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. А. Александровіча (1937). З канца 30-х гадоў у друку сталі з’яўляцца артыкулы літаратуразнаўцаў В.Барысенкі, М.Ларчанкі, Ю.Пшыркова, Н.Перкіна, С.Майхровіча, В.Івашына, прысвечаныя розным праблемам гісторыі беларускай літаратуры ХІХ — пачатку ХХ ст., жыццю і творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча.
У 1940 годзе ў складзе аб’яднага інстытута было 20 чалавек. У іх ліку 1 акадэмік, 2 члены-карэспандэнты, 1 прафесар, 10 старшых навуковых супрацоўнікаў, 2 работнікі навукова-тэхнічнага персаналу. Дзевяць супрацоўнікаў мелі вучоныя ступені кандыдатаў навук. Інстытут складаўся з дзвюх секцый (літаратуры і мовы) і працаваў над 5-цю навуковымі тэмамі, з якіх тры былі мовазнаўчага профілю: 1) беларуска-рускі слоўнік; 2) вывучэнне беларускіх народных гаворак; 3) удасканаленне беларускага правапісу.
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР (1944—1952)
Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў адноўлены ў ліпені 1944 года (да 1946 года яго часова ўзначальваў член-карэспандэнт М. Ц. Лынькоў) у складзе трох сектараў: беларускай літаратуры, беларускай мовы і мастацтва. У 1945 г. у яго складзе налічвалася 26 супрацоўнікаў. Асноўнымі навуковымі напрамкамі, над якімі працаваў Інстытут у гэты перыяд, былі пытанні гісторыі беларускай літаратуры, беларускай лексікаграфіі, беларускага выяўленчага мастацтва ў дні Вялікай Айчыннай вайны. З 1946 г. па 1952 г. дырэктарам Інстытута зноў быў В. В. Барысенка. У 1952 годзе ў Інстытуце літаратуры і мастацтва замест аднаго літаратуразнаўчага сектара было ўтворана два: сектар савецкай літаратуры і сектар дарэвалюцыйнай літаратуры. Адбыўся своеасаблівы падзел супрацоўнікаў па асноўных напрамках даследаванняў, па навуковых інтарэсах. Пашырылася тэматыка і паглыбіўся характар навуковых распрацовак, працягвалася далейшая спецыялізацыя навукоўцаў, у літаратуразнаўства прыйшлі свежыя сілы, якія былі накіраваны на даследаванне новых, яшчэ не вывучаных праблем і пытанняў гісторыі, тэорыі і тэксталогіі беларускай літаратуры; аднавілася вывучэнне і выданне даўняй пісьмовай спадчыны беларускага народа.
У 1952 годзе адбылося вылучэнне Інстытута мовазнаўства ў асобную арганізацыю, і таму Інстытут літаратуры, мовы і мастацтва быў пераўтвораны ў Інстытут літаратуры і мастацтва.
Інстытут літаратуры і мастацтва АН БССР (1952—1957)
У сярэдзіне 1954 года на базе сектара беларускай дарэвалюцыйнай літаратуры ў Інстытуце літаратуры і мастацтва быў створаны сектар рукапісаў і выданняў, што было выклікана патрэбамі больш інтэнсіўнай і шырокай падрыхтоўкі збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Папоўнены новымі сіламі (у 1960 годзе ў ім працавала 14 чалавек, у тым ліку А.Коршунаў, Э.Гурэвіч, М.Мушынскі), сектар атрымаў магчымасць разгарнуць больш актыўную працу па зборы, вывучэнні і выданні беларускай літаратурнай спадчыны. Пачалася падрыхтоўка, а затым і выданне новых шматтомных збораў твораў Янкі Купалы (1961—1964) і Якуба Коласа (1961—1964), былі выдадзеныя выбраныя творы М.Багдановіча (1957) і В.Дуніна-Марцінкевіча (1958), зборнік «Беларускія пісьменнікі другой палавіны ХІХ ст.» (1956). Гэтая праца стала своеасаблівай навуковай школай падрыхтоўкі нацыянальных кадраў тэкстолагаў, а яе практычныя вынікі мелі важнае навукова-асветніцкае і агульнакультурнае значэнне.
Вянцом даследчыцкіх намаганняў супрацоўнікаў Інстытута літаратуры было стварэнне першай навуковай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» ў 2-х тамах (1968, 1969). Яна была высока ацэнена ў Беларусі і за яе межамі, з’явілася важкім дасягненнем не толькі калектыву Інстытута літаратуры, але і ўсяго беларускага літаратуразнаўства, засведчыла іх навуковую сталасць. У гэтай «Гісторыі…» на вялікім фактычным матэрыяле ўпершыню шырока, грунтоўна і аб’ектыўна быў прасочаны шматвяковы, вельмі складаны шлях развіцця літаратуры на беларускіх землях, неадлучны ад лёсу народа, раскрыта вялікае ідэйна-мастацкае багацце яе здабыткаў, высокі, сапраўдны еўрапейскі ўзровень творчай спадчыны найбольш выдатных яе прадстаўнікоў.
На грунце беларускамоўнай «Гісторыі…» была напісана і апублікавана аднатомная «История белорусской дооктябрьской литературы» (1977). Яна шмат у чым была арыгінальнай працай, месцамі значна пераўзыходзіла папярэднюю і адыграла важную навукова-асветніцкую ролю ў азнаямленні больш шырокага кола чытачоў з багатай гісторыяй літаратуры беларускага народа. Асноўнымі аўтарамі раздзелаў пра літаратуру ХІ — пач. ХХ ст. былі А. Коршунаў, А.Мальдзіс, М.Мушынскі, Ю. Пшыркоў, П. Дзюбайла, В. Каваленка, В. В. Барысенка, Н. Перкін, М. Ярош, за што ўсе яны былі адзначаны ў 1980 г. Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.
Сапраўднай падзеяй у навуковым жыцці рэспублікі сталі манаграфіі А. М. Адамовіча «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), Н. С. Перкіна «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Человек в советском романе» (1975), М. І. Мушынскага «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гг.» (1975), І. Д. Ралько «Вершаскладанне» (1977), «Верш і мова» (1986), У. В. Гніламёдава «Традыцыі і наватарства» (1972), «Сучасная беларуская паэзія» (1983), В. П. Жураўлёва «Структура твора: Рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978), А. П. Матрунёнка «Псіхалагічны аналіз ў сучасным беларускім рамане» (1972), «Псіхалагічная проза: Традыцыі і час» (1988), А. С. Яскевіча «Грані майстэрства» (1974), «У свеце мастацкага твора» (1977), «Становление белорусской художественной традиции» (1987), І. С. Шпакоўскага «Структура вершаванага вобраза» (1972), А. К. Кабаковіч «Беларускі свабодны верш» (1984), «Фальклорныя і анталагічныя традыцыі ў беларускай паэзіі» (1989), Л. Я. Гараніна «Праблемы мемуарнага жанра» (1981), «Философские искания в белорусской литературе» (1984) і інш.
Шмат увагі ў аддзеле аддавалі даследчыкі праблемам паэтыкі і творчага стылю: У. В. Гніламёдаў «Іван Мележ» (1984), «Янка Купала: Новы погляд» (1995), В. П. Жураўлёў «Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана» (1991), А. К. Кабаковіч «Максім Багдановіч: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага» (1978), Э. М. Мартынава «Мастацкая дэталь у літаратурным творы» (1977), І. С. Шпакоўскі «Тыпізацыя ў лірыцы» (1980), Т. К. Чабан, «Крылы рамантыкі» (1982), Т. К. Чабан, Я. А. Гарадніцкі «Сучасная паэзія і фальклор» (1988), А. С. Яскевіч «Ритмическая организация художественного текста» (1991).
У 1981 годзе Інстытут літаратуры імя Янкі Купалы першым у краіне сярод навуковых устаноў падобнага профілю быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.