За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Кобрынскага раёна былі забітыя, а нешматлікія выратаваныя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.
Самыя масавыя забойствы адбыліся ў Кобрыне, вёсках Дзівін, Гарадзец (269 чалавек), Патрыкі (200 чалавек), Павіцце (57 чалавек), Імяніны (180 чалавек) і іншых.
Ажыццяўляючы палітыку юдэнфрай, нацысты прыкладалі любыя намаганні для вышуквання, злову і забойства нават асобных прадстаўнікоў народа. Некаторыя з гэтых выпадкаў задакументаваныя — напрыклад, былі высочаныя і забітыя 3 чалавекі каля вёскі Закалнечча, 3 каля вёскі Балота, 2 пры дарозе Хабовічы—Кобрын.
Увесну 1944 года немцы, спрабуючы схаваць доказы сваіх злачынстваў, прымушалі ваеннапалонных раскопваць магілы забітых яўрэяў ля Дзівінскай шашы і спальваць іх астанкі. Гэта працягвалася некалькі тыдняў, пасля чаго ваеннапалонных таксама забілі і спалілі.
Немцы, рэалізуючы гітлераўскую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна 4 гета: Гарадзецкае (да 26 ліпеня 1942 годзе, забітыя 269 чалавек), Дзівінскае (кастрычнік 1941[12][13] — канец лета 1942, загінулі 1450 чалавек), два кобрынскіх (жнівень 1941 — 14 кастрычніка 1942, забітыя каля 3500 чалавек).
У Кобрынскім раёне тры чалавекі былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага мемарыяльнага інстытута «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны»:
- Чырук (Марчук) Вольга[15],
- Назарук Ганна і Іосіф[16].
Помнікі забітым яўрэям раёна ўстаноўлены ў Гарадцы, у Дзівіне, ля Дзівінскай шашы на месцы расстрэлаў, у Кобрыне.
Крыніцы
Літаратура
- Г.К. Кисялёў (галоўны рэдактар), Ю.А. Барысюк, Н.М. Кладчанка i iнш. (рэдкал.), Л.Р. Казлоў (укладальнік). «Памяць. Кобрынскi раён». — Мн.: «БЕЛТА», 2002. — 624 с. — ISBN 985-6302-44-7.
- Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
- Свидетельствуют палачи. Уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941—1944 гг. / Составители В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. — 2-е издание. — Мн.: НАРБ, 2010. — 199 с. — ISBN 978-985-6372-67-7.
- Адамушко В. И., Бирюкова О. В., Крюк В. П., Кудрякова Г. А. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси 1941—1944. — Мн.: Национальный архив Республики Беларусь, Государственный комитет по архивам и делопроизводству Республики Беларусь, 2001. — 158 с. — 2000 экз. — ISBN 985-6372-19-4.