Брэ́сцкая во́бласць [ˈbrɛsʦkaja ˈvɔblasʲʦʲ] ⓘ — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Рэспубліцы Беларусь . Размешчана на паўднёвым захадзе краіны, мяжуе з Польшчай і Украінай .
Гісторыя
Брэсцкая вобласць БССР у студзені 1940 года
Вобласць створана 4 снежня 1939 г., узбуйнена ў 1954 г. Падзяляецца на 16 раёнаў.
У 1983 на тэрыторыі вобласці 20 гарадоў, 7 гарадскіх пасёлкаў, 2 рабочыя пасёлкі. У 1995 колькасць насельніцтва склала 1518 тыс. чал. У вобласці налічвалася 20 гарадоў у т.л. 5 абласнога падпарадкавання, 9 гарадскіх пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода
Рэльеф
Для Брэсцкай вобласці характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на поўдні — пераважна нізінны . Вылучаюцца на паўднёвым захадзе раўніннае Брэсцкае Палессе , на ўсходзе нізіннае Прыпяцкае Палессе , паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе , на паўночным захадзе Прыбугская раўніна , на поўначы Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша , дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На паўночным усходзе адгор’і Капыльскай грады [ 3] .
Карысныя выкапні
Карысныя выкапні : будаўнічы камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім раёне ), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок , Гарадное і інш.) і цагельныя гліны , шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і будаўнічыя пяскі , мел , жвір , сапрапель , бурштын , гаручыя сланцы і буры вугаль [ 3] .
Клімат
Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная тэмпература паветра ў студзені ад −4,4 °C (Брэст ) да −6,1 °C (Баранавічы ), у ліпені ад 18 °C на захадзе да 19 °C на ўсходзе. Вегетацыйны перыяд 195—208 сутак. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на паўднёвым захадзе да 645 мм на паўночным усходзе, за летні перыяд — 400—450 мм[ 3] .
Гідраграфія
Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна , Ясельда , Бобрык , Цна , Лань , Случ , Стыр , Гарынь , Сцвіга ), Віслы (пагранічны Буг з прытокамі Мухавец , Лясная , Спанаўка , Капаёўка ), Нёмана (прыток Шчара ). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал , Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі . Густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў . З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае , Чорнае , Спораўскае , Бабровіцкае ; вадасховішчы Лактышы , Сялец , Пагост [ 3] .
Глебы
Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8 %), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8 %), дзярнова-падзолістыя (15,5 %), тарфяна-балотныя (19,5 %), паводле механічнага складу пераважна пясчаныя (каля 40 %) і супясчаныя (каля 35 %). Асушаныя землі на поўдні складаюць каля 50 %, у асобных раёнах — больш за 70 %[ 3] .
Лясы
Сярэдняя лясістасць 36 %, ад 10—20 % у Пінскім , Драгічынскім , Кобрынскім , Жабінкаўскім раёнах да 43—53 % у Лунінецкім , Івацэвіцкім , Ганцавіцкім . Лясы пераважна хваёвыя (каля 60 %), бярозавыя (17 %) і чорнаальховыя (15 %), значныя плошчы пад дубровамі . Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская , Ружанская і Шарашоўская пушчы .
Балоты
Балоты , найчасцей нізінныя , займаюць каля 20 % тэрыторыі, значная частка асушана . Пад лугамі 18,2 % тэрыторыі, 2/3 з іх нізінныя [ 3] .
Ахоўныя прыродныя тэрыторыі
Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біялагічнай разнастайнасці вялікае значэнне маюць нацыянальны парк Белавежская пушча , 12 заказнікаў [ 3] , 31 ахоўны помнік прыроды рэспубліканскага значэння .
Экалогія
У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. 4270 км (13 % тэрыторыі вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т.л. 470 км² са шчыльнасцю 5—15 Кі/км². На забруджанай тэрыторыі каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага , Пінскага , Столінскага раёнаў [ 3] .
Насельніцтва
Для вобласці характэрна змяншэнне колькасці насельніцтва:
Гарадское насельніцтва складае 62,3 % (2003). Найбольшыя гарады: Брэст (317,8 тыс. чал.), Баранавічы (169,3), Пінск (132,7), Кобрын .
Нацыянальны склад насельніцтва (1999): беларусы — 85,0 %, рускія — 8,7 %, украінцы — 3,8 %, палякі — 1,8 %. Паводле перапісу 2009 года: беларусы — 88,02 %, рускія — 6,4 %, украінцы — 2,86 %, палякі — 1,25 %.
Беларусы ў вобласці >95% 90—95% 85—90% <85%
Рускія ў вобласці >10% 8–10% 5–8% 2–5% <2%
Украінцы ў вобласці >6% 4–6% 2–4% 1–2% <1%
Палякі ў вобласці >5% 2–5% 1–2% 0,5–1% <0,5%
Адміністрацыйны падзел
Адміністрацыйны падзел Брэсцкай вобласці
Брэсцкая вобласць падзяляецца на 16 раёнаў:
Таксама вылучаюцца гарады абласнога падпарадкавання: Брэст , Баранавічы і Пінск .
Гаспадарка
Прамысловасць
У гаспадарчым комплексе важнае месца займае прамысловасць . Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я гг. былі нестабільнымі. Вобласць спецыялізуецца на вытворчасці прадукцыі машынабудавання , лёгкай і харчовай прамысловасці , праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў . У вобласці вырабляюць усе беларускія электралямпы і газавыя пліты , амаль усё тэхналагічнае абсталяванне для лёгкай прамысловасці, гандлю і грамадскага харчавання , для ліцейнай вытворчасці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80 % электрарухавікоў і баваўняных тканін , больш за 40 % панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30 % дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35 % цукру , каля 30 % кансерваў , амаль 20 % мяса і масла , 27 % драўнінна-стружкавых пліт , каля 20 % клеенай фанеры . Прадукцыя прамысловасці пастаўляецца на беларускі рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80 % прамысловага патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вялікіх гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытворчае аб’яднанне «Граніт» па здабычы будаўнічага каменю, у г. Белаазёрск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС [ 3] .
У вобласці (1993 ) каля 70 прадпрыемстваў харчовай (цукровай , мясной , малочнай , па перапрацоўцы садавіны і агародніны ) прамысловасці, 24 — лясной і дрэваапрацоўчай , 23 — прамысловасці будаўнічых матэрыялаў . Яны працуюць на мясцовай сыравіне , размешчаны пераважна ў сярэдніх і невялікіх гарадах і гарадскіх пасёлках . Жыллёвым, меліярацыйным, сельскім і дарожным будаўніцтвам займаюцца 14 будтрэстаў , 181 будаўніча-мантажная арганізацыя (1993)[ 3] .
Сельская гаспадарка
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі , свінагадоўлі , вырошчванні бульбы , збожжавых культур і цукровых буракоў . У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53 % валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсходніх і паўднёва-заходніх раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтральных і заходніх раёнах дадаткова вырошчваюць цукровыя буракі , у паўночных раёнах — лён . Сельгасугоддзі займаюць 45 % тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых , кармавых культур і бульбы . Сярод збожжавых найбольшыя плошчы пад ячменем , жытам , аўсом , пшаніцай , сярод тэхнічных — пад цукровымі буракамі . Больш за 76 % пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67 % агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сялянскія гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, пазней адзначалася тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытворчасці асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі. Найбольшая колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі , саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага , Камянецкага , Пінскага , Брэсцкага і Столінскага раёнаў , малака — Пінскага , Пружанскага , Баранавіцкага , Камянецкага , Кобрынскага , яец — Баранавіцкага , Кобрынскага , Пружанскага раёнаў [ 3] .
Транспарт
Агульная даўжыня чыгункі складае 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км) вобласць займае 1-е месца ў краіне. Праз вобласць праходзяць найважнейшыя міжнародныя магістралі: Масква —Мінск —Брэст —Варшава , Вільнюс —Лунінец —Роўна , Ковель —Брэст і галоўная чыгунка Палесся Брэст —Гомель . Чыгуначныя вузлы : Брэст , Баранавічы , Лунінец , Жабінка [ 3] .
Даўжыня аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асноўныя магістралі Брэст —Мінск , Брэст —Гомель [ 3] .
Вялікае значэнне мае водны транспарт . У межах вобласці суднаходныя Прыпяць , Піна , Мухавец , Стыр , Гарынь , Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы . Нафтаправод «Дружба» , газаправод Таржок —Мінск —Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын —Брэст —Варшаву . У Брэсце і Пінску — аэрапорты [ 3] .
Адукацыя
У вобласці станам на 5 верасня 2016/2017 навучальнага года працуе 509 школ, уключаючы санаторныя школы-інтэрнаты, у тым ліку пачатковых 2524 — (4,7 %), базавых 67 — (13,2 %), сярэдніх — 386 (75,8 %), гімназій — 26 (5,1 %), ліцэяў — 5 (1 %), кадэцкае вучылішча — 1 (0,2 %). У 2016 годзе закрыта 13 малакамплектных школ і адкрыта яслі-сад-пачатковая школа № 10 у г. Брэсце[ 6] .
У школах навучаецца 160 066 навучэнцаў. З іх у пачатковых школах навучаецца 3394 навучэнцаў, у базавых — 3811, у сярэдніх −133 593, у гімназіях — 17 785, у ліцэях — 1266 і ў кадэцкім вучылішчы — 217 навучэнцаў. Акрамя таго, на тэрыторыі вобласці маецца ліцэй Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта — у ім навучаецца 143 навучэнцы. 173 навучэнцаў навучаецца ў сярэдняй школе — вучылішча алімпійскага рэзерву Міністэрства спорту і турызму[ 6] .
Размеркаванне агульнай колькасці навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі паводле моў навучання[ 6]
Раён, горад
Усяго навучэнцаў 1-11 класаў
З іх навучаюцца
На беларускай мове навучання
%
На рускай мове навучання
%
На польскай мове навучання
%
Баранавіцкі
3174
2789
87,9
385
12,1
Бярозаўскі
7245
1645
22,7
5600
77,3
Брэсцкі
5007
0
5007
100
Ганцавіцкі
3390
1311
38,7
2079
61,3
Драгічынскі
4701
1626
34,6
3075
65,4
Жабінкаўскі
2862
0
2862
100
Іванаўскі
5191
3086
59,4
2105
40,6
Івацэвіцкі
6124
1707
27,9
4417
72,1
Камянецкі
4141
144
3,5
3997
96,5
Кобрынскі
10371
2129
20,5
8242
79,5
Лунінецкі
8801
3415
38,8
5386
61,2
Ляхавіцкі
2834
992
35
1842
65
Маларыцкі
3093
973
31,5
2120
68,5
Пінскі
4340
3546
81,7
794
18,3
Пружанскі
5012
1217
24,3
3795
75,7
Столінскі
10994
7032
64
3962
36
г. Баранавічы
18957
4
0
18953
100
г. Брэст
Маскоўскі
24985
4
0
24981
100
г. БрэстЛенінскі
11515
224
1,9
11238
97,6
53
0,5
г. Пінск
16070
0
16070
100
Кадэцкае вучылішча
217
0
217
100
Абласныя школы-інтэрнаты
752
0
752
100
Абласны ліцэй
290
0
290
100
Усяго
160066
31844
19,9
128169
80,07
53
0,03
Даведка за 2015/2016 нав. г.
159154
32837
20,6
126270
79,37
47
0,03
Крыніцы
Літаратура
Геаграфія Брэсцкай вобласці: Дапам. для студэнтаў геагр. спецыяльнасцей ВНУ / Пад рэд. Арцеменкі С. В., Грыбко А. У. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2002. — 385,[2] с.: іл. ISBN 985-476-062-6
Спасылкі
Вобласці Акругі Памежныя акругі Нацыянальны раён Горад рэспубліканскага падпарадкавання ¹ дата прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР