Брэсцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Брэсцкай вобласці. Працягласць раёна з поўначы на поўдзень — 100 км, з захаду на ўсход — 35 км. Агульная працягласць межаў складае 387 км. На захадзе і поўдні раёна маюць статус дзяржаўных: 140 км мяжы з Польшчай і 37 км — з Украінай. Утвораны 15 студзеня 1940 года, у 1956 годзе да раёна далучаны Дамачаўскі раён. Плошча 1,6 тыс. км². Цэнтр раёна — горад Брэст (не ўваходзіць у склад раёна).
21 снежня 2007 года са складу Гершонскага сельсавета былі выключаныя вёскі Аркадзія, Бярнады, Гершоны, Кацельня-Баярская, Міцькі, якія былі ўключаны ў гарадскую рысу Брэста, а сельсавет быў перайменаваны ў Страдзецкі[8]. 17 верасня 2013 года скасаваны Страдзецкі сельсавет, Дамачаўскі пассавет рэарганізаваны ў Дамачаўскі сельсавет[9].
Геаграфія
Большая частка тэрыторыі раёна размяшчаецца ў межах Брэсцкага Палесся, невялікая паўночная частка — на Прыбугскай раўніне. Пераважаюць вышыні 130—150 м, найвышэйшы пункт 186,1 м (каля в. Заполле).
Пад лясамі 34,9 % тэрыторыі раёна. Буйныя лясныя масівы — Тэльмінскі, Мухавецкі, Белаазерскі і інш. Балоты займаюць 4,4 тыс. га. Агульная плошча сельска-гаспадарчых угоддзяў 72,3 тыс. га, з іх асушаных 24,1 тыс. га. Помнікі прыроды — Мяднянскія ельнікі, Лютаўскія букі.
Глебы пераважаюць дзярнова-падзолістыя, забалочаныя, поймавыя і дзярнова-карбанатныя. Якасць ворных зямель складала 41 бал, кармавых угоддзяў — 29, усіх сельхозугоддзяў — 36 балаў.
У аграпрамысловы комплекс раёна ўваходзяць 5 адкрытых акцыянерных таварыстваў: «Камароўка», птушкафабрыка «Меднаўская», «За мір», «Агра-сад Світанак», ГК «Бярэсце», два вытворчыя кааператывы: «Астрамечава», «Чарнаўчыцы», тры камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы: «Маладая гвардыя», «Саўгас Брэсцкі», селекцыйна-гібрыдны цэнтр «Заходні», дзяржаўнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства «Племзавод Мухавец».
Агратэхнічнае абслугоўванне сельскагаспадарчых арганізацый ажыццяўляе ААТ «Брэсцкі райаграсэрвіс».
Прамысловасць
Працуюць прадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасці:
ААТ «Брэсцкае марожанае»
ААТ «Чарнаўчыцкі завод ЖБВ»
ІП ЗАТ «БЕЛС»
ПУП «Мясныя далікатэсы»
На тэрыторыі Брэсцкага раёна дзейнічае свабодная эканамічная зона «Брэст».
Адукацыя
У сістэме адукацыі раёна 17 ясляў-садоў, 16 сярэдніх і 6 базавых школ, 1 вучэбна-педагагічны комплекс «дзіцячы сад — пачатковая агульнаадукацыйная школа», 1 пачатковая агульнаадукацыйная школа. Дзейнічаюць 2 навучальна-вытворчыя камбінаты, дом дзіцячай творчасці, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій, 40 клубных устаноў, 24 бібліятэкі.
Дзейнічае музей касманаўтыкі з раздзеламі пра ўраджэнца раёна лётчыка-касманаўта П. І. Клімука ў в. Тамашоўка.
↑Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Аб ліквідацыі некаторых раёнаў Беларускай ССР ад 17 снежня 1956 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1956, № 12.
↑Белорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 17. — 248 с. — 10 000 экз.
Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / пад навук. рэд. А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2006. ISBN 985-11-0373-X.