Малако́ — сакрэт малочных залозмлекакормячых. Яно з’яўляецца адзіным харчовым прадуктам, які забяспечвае малады арганізм усімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі. Для чалавека малако — гэта каштоўны прадукт харчавання.
Утварэнне малака звычайна звязана з актам родаў. Малако прызначана прыродай для кармлення дзіцянят. У выніку мэтанакіраванай дзейнасці чалавека некаторыя млекакормячыя жывёлы вырабляюць малака нашмат больш, чым ім патрэбна, каб выкарміць нашчадкаў. Лішкі малака людзі выкарыстоўваюць, папаўняючы свае харчовыя рэсурсы.
Хімічны склад
3 пункту гледжаняя фізічнай хіміі, малако ўяўляе сабой полідысперсную сістэму са складанай структурай. У малацэ тлушч змяшчаецца ў выглядзе эмульсіі, малочны цукар і солі ўтвараюць малекулярную і іонную фазы малака, бялкі — яго калоідную фазу. Фазы цесна звязаны паміж сабой так, што змены ў адным кампаненце вызываюць значныя змены іншых.
Хімічны склад малака даволі складаны. Вылучана каля 250 яго кампанентаў. Акрамя асноўных кампанентаў малако змяшчае вітаміны, ферменты, гармоны, пігменты, газы і інш.
Вада, якая змяшчаецца ў малацэ, утворана плазмай крыві ў малочнай залозе, і ў ёй знаходзяцца ў калоідным стане кампаненты сухіх рэчываў. Трываласць калоіднай сістэмы дазваляе пераліваць, пастэрызаваць, кіпяціць, стэрылізаваць малако. Патрэбнасць навароджанага ў вадзе ў першыя дні жыцця задавальняецца за кошт малака.
У страваванні
Малако — самая распаўсюджаная ежа сярод усходніх славян, сыравіна для прыгатавання смятаны, сыру, тварагу і г.д.
Народныя павер’і
Ад колькасці малака залежаў дабрабыт сям’і. У той жа час малако вельмі часта выкарыстоўвалі ў магічных дзеяннях, зарыентаваных на захаванне здароўя і дабрабыту.
Лічылася, калі ўвесну, са з’яўленнем першай ластаўкі, памыцца малаком, твар будзе белым, чыстым і прыгожым.
Каб дзіця не сурочылі, пры яго першым рытуальным купанні ў ваду дадавалі невялікую колькасць малака.
Паўсюль на Беларусі малако выкарыстоўвалі як магічны сродак для спынення пажару, асабліва калі ён пачынаўся ад удару маланкі.
У той жа час у паўсядзённым жыцці гаспадыня павінна была строга сачыць за тым, каб малако не «збягала» на адкрытае полымя — інакш у каровы яно знікне ўвогуле.
Праліваць малако на зямлю катэгарычна забаранялася. І калі крыху малака ўсё ж пралівалася, каб пазбегнуць «малочных сурокаў», яго трэба было хутка затаптаць у зямлю.
Калі малаком частавалі нейкую пабочную асобу, у кружку абавязкова клалі некалькі драбінак солі. Гэта рабілася для таго, каб «чужыя вочы» не сурочылі карову і ў яе не знікла малако.
У народнай медыцыне малаком адпойвалі тых, хто быў атручаны, кіслае малако выкарыстоўвалі для лячэння тых, каго ўкусіла змяя[2].
Некрашэвіч У. І., Шашкоў М. С., Лазараў Л. П. Малочная справа: Вучэб. дапам. — Мн.: Ураджай, 1999. — 232 с.: іл. (Вучэбныя дапаможнікі для сельскагаспадарчых вышэйшых навучальных устаноў). ISBN 985-04-0425-6