За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Камянецкага раёна былі забітыя (6921 чалавек, то бок 16% насельніцтва), а нешматлікія выратаваныя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.
Яўрэяў у раёне забівалі ў Вялікіх Мурынах (140 чалавек), Вялікай Турне, Каменюках, Свінёва, Лешні, Замосце (з 1962 года ў складзе горада Камянец) і іншых.
З сельскагаспадарчай калоніі Абрамава, дзе да вайны жылі 172 яўрэі, іх вывезлі і забілі ў Беластоцкім гета, а з калоніі Сарэва яўрэяў вывезлі і забілі ў Камянецкім гета.
У 1942 годзе ў трох кіламетрах ад Чарнаўчыц у вёску Малая Турна звезлі каля 200 яўрэяў-мужчын з бліжэйшых вёсак і расстралялі[11]. Вясной 1942 года ва ўрочышчы Равец каля Вялікіх Мурынаў расстралялі яўрэяў з Вялікай Турны, Відамлі і Камянца.
Частка яўрэяў з Відамлі і Баранак вывезлі ў гета Пружанаў і Воўчына і там расстралялі ў 1942 годзе. Апошні вядомы расстрэл яўрэяў у раёне адбыўся да 1944 года, калі былі забітыя 2 сям’і (усяго 9 чалавек), якія адсталі ад партызанскага злучэння, у якім знаходзіліся. Гэта здарылася ў лесе дзесьці паміж Чвіркамі і Бялёва.
Было створана 4 гета:
- у Воўчыне (лета 1941 — верасень 1942), забітыя каля 700 чалавек,
- у Высокім (лета 1941 — студзень 1942), закатаваныя і забітыя больш за 2800 чалавек,
- два ў Камянцы (лета 1941 — лістапад 1942), загінула больш за 5000 чалавек.
Помнікі забітым яўрэям раёна ўстаноўлены ў Воўчыне, Высокім і Камянцы.
Мноства месцаў масавых забойстваў яўрэяў на тэрыторыі раёна дагэтуль не пазначаныя і не ўвекавечаныя.
Крыніцы
- ↑ Государственный архив Брестской области (ГАБО), — фонд 514, опись 1, дело 41, лист 17;
Літаратура
- Г.П. Парафянюк, Р.Я. Смірнова i iнш.. «Памяць. Камянецкi раён». — Мн.: Ураджай, 1997. — 525 с. — ISBN 985-04-0128-1.
- Г.С. Мусевич.. «Народ, который жил среди нас». — Брест, 2009. — 105 с.
- Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
- Свидетельствуют палачи. Уничтожение евреев на оккупированной территории Беларуси в 1941—1944 гг. / Составители В. И. Адамушко, И. П. Герасимова, В. Д. Селеменев. — 2-е издание. — Мн.: НАРБ, 2010. — 199 с. — ISBN 978-985-6372-67-7.