За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Воранаўскага раёна былі забітыя, а нешматлікія ацалелыя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.
Самыя масавыя забойствы яўрэяў у раёне адбываліся ў Воранаве і Радуні, а таксама ў вёсцы Гарадзішча.
Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна 2 гета:
- У гета пасёлка Воранава (лета 1941 — 11 мая 1942) былі закатаваныя і забітыя каля 2000 чалавек.
- У гета пасёлка Радунь (лістапад 1941 — 10 мая 1942) загінулі больш за 2000 чалавек.
У Воранаўскім раёне 7 чалавек былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага Мемарыяльнага комплексу Катастрофы і гераізму яўрэйскага народа «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны»: Коркуць Казімір, Гаўрылкевіч Антон[3], Ухта Антоній і Марыя[4], Матаніс Анеля, Фелікс і Браніслаў[5].
Па даных камісіі садзейнічання НДК, у Воранаўскім раёне было расстраляна 1604 яўрэі, у тым ліку 492 жанчыны і 299 дзяцей. Камісія змагла ўсталяваць імёны не ўсіх загінулых, а толькі 1387 імёнаў і прозвішчаў[6].
Вялікую работу па ўвекавечанні памяці загінуўшых яўрэяў Воранаўскага раёна правёў Э. Ярмусік, склаўшы спісы загінулых вязняў Воранаўскага і Радуньскага гета з указаннем прозвішча, імя і года нараджэння[7].
Помнікі забітым яўрэям раёна ўстаноўлены ў Воранаве і ў Радуні.
Крыніцы
Літаратура
- Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
- Г.П. Пашкоў, Б.В. Ульянка, М.I. Уляшка i iнш. (рэдкал.), I.П. Крэнь, С.П. Самуэль, Э.С. Ярмусік (укладальнікi). «Памяць. Воранаўскi раён». — Мн.: «Беларуская энцыклапедыя», 2004. — 592 с. — ISBN 985-11-0299-7.