За час акупацыі яўрэі Браслаўскага раёна былі практычна цалкам знішчаны. Маштабныя забойствы адбываліся ў населеных пунктах Браслаў, Замосце, Плюсы, Дубіна, Кіслаўшчына, Опса, Слабодка, Яйсы, Іказнь, Самуйлы, Укля, Пераброддзе, Лабецкія. Да пачатку 1990-х гадоў гэтыя факты замоўчваліся афіцыйнымі ўладамі.
У вёсцы Лабецкія (Опсаўскі сельсавет) 22 лютага 1943 года атрад паліцаяў забіў усіх жыхароў — 28 чалавек, якія былі ў гэты дзень у вёсцы — за тое, што яны па чарзе хавалі ў сябе старога яўрэя. Пасля вайны на іх брацкай магіле быў усталяваны помнік.
Падчас акупацыі летам 1942 года яўрэяў вёскі Яйсы (Слабодкаўскі сельсавет) — некалькі дзясяткаў сем’яў — павезлі ў Браслаўскае гета. Але 13 чалавек, у асноўным мужчын, паліцаі забілі на месцы. Іх пахавалі на заходняй ускраіне вёскі, а пасля вайны на гэтым месцы быў усталяваны памятны знак. У 1960-я гады пахаванне было закінута[10].
Было створана некалькі гета:
- у Браславе (ліпень 1941 — 3 чэрвеня 1943, каля 4500 загінулых),
- у Відзах (лета 1941 — снежань 1942, больш за 2700 загінулых),
- у Дрысвятах (лета 1941 — верасень 1942, больш за 100 загінулых),
- у Друі (лета 1941 — 12 чэрвеня 1942, каля 2200 загінулых),
- у Дубіне (лета 1941 — зіма 1941, больш за 100 загінулых),
- у Іказні (лета 1941 — лета 1942, дзясяткі загінулых),
- ва Опсе (чэрвень 1942 — верасень 1942, больш за 300 загінулых),
- у Друйску (1941 — 1942, некалькі сотняў загінулых),
- у Казянах (1941 — снежань 1942, каля 700 загінулых)
У Браслаўскім раёне 32 чалавекі былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага Мемарыяльнага комплексу Катастрофы і гераізму яўрэйскага народа «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны»: Нарушка Ігнат і Генефа, Шчарбінскія Данат, Юзэфа і Уладзіслаў, Часнавіцкія Эмілія, Ядвіга, Іозеф і Альфонс, Матуль Ігнацій, Кіжло Лявонціна і Міхаіл, Дварэцкія Уладзімір і Марыя, Чакан (Дварэцкая) Валянціна, Ламберт (Дварэцкая) Клаўдзія, Вішнеўскія Соф’я і Фелікс, Кісялеўскі Пётр, Цвячкоўскія Эдуард, Надзея і Раіса, Дзянісавы Ганна, Гаўрыла і Леанід, Жоравы Арсен і Марфа, Дзявятка (Жорава) Алімпіяда.
На Браслаўшчыне, акрамя Браслава і Опсы, помнікі расстраляным яўрэям устаноўлены ў Слабодцы[14] (у 2007 годзе), Яйсах, Відзах, Казянах Ляснічоўцы[14]
Крыніцы
Літаратура
- Холокост на территории СССР. Энциклопедия / Гл. ред. И. А. Альтман. — 2-е изд., испр. и доп. — М.: РОССПЭН, 2011. — 1143 с. — ISBN 978-5-8243-1463-2.
- К. В. Велічковіч, П. Р. Казлоўскi i iнш. (рэдкал.); К. С. Шыдлоўскi. (уклад.). «Памяць. Браслаўскi раён». Гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раѐнаў Беларусі.. — Мн.: "Паліграфафармленне", 1998. — 710 с. — ISBN 985-6351-03-0.