За час акупацыі практычна ўсе яўрэі Бешанковіцкага раёна былі забітыя, а нешматлікія выратаваныя ў большасці ваявалі пасля ў партызанскіх атрадах.
Немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння яўрэяў, стварылі на тэрыторыі раёна 4 гета:
- у Бешанковічах (лета 1941 — люты 1943, забітыя каля 2900 чалавек)
- у Слабадзе (пачатак жніўня 1941 — кастрычнік 1942, закатаваныя і забітыя каля 400 чалавек)
- у Астроўне (19 ліпеня 1941 — 30 верасня 1941, былі забітыя больш за 300 чалавек)
- ва Уле (снежань 1941 — восень 1942, забітыя сотні чалавек)
У Бешанковіцкім раёне 2 чалавекі — муж і жонка Перагуд Мікалай і Ганна — былі ўдастоены ганаровага звання «Праведнік народаў свету» ад ізраільскага мемарыяльнага музея Катастрофы і гераізму яўрэйскага народа «Яд ва-Шэм» «у знак глыбокай удзячнасці за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны» (пастанова № 751) — за выратаванне сям’і Нямцовых у Бешанковічах[1][2][3].
Помнікі забітым яўрэям раёна ўстаноўлены ў Бешанковічах[4][5], Слабадзе[6], Астроўне[7][8] і Уле[9][10].
Крыніцы