Размяшчаецца злева ўздоўж Дняпра на плошчы ў 124 га.
Па перыметры заасада абсталяваны пешаходны маршрут, маюцца назіральныя пляцоўкі. Наведвальнікі, рухаючыся па агароджанай сцежцы і выходзячы на спецыяльныя назіральныя вышкі, маюць магчымасць назіраць звяроў у звыклых для іх умовах.
Чыгунка пачала функцыянаваць у заасадзе вясной 2009 года. Цягнік можа развіваць хуткасць да 10 км/г. Працягласць дарогі складае 2 км і дазваляе пазнаёміцца бліжэй з насельнікамі вялікага вальера. У вальеры можна ўбачыць белавежскага зубра, еўрапейскую лань і плямістага аленя.
Падарожнічаючы па чыгунцы, можна назіраць разгалінаваную сістэму каньёнаў, якія ўтварыліся на тэрыторыі заасаду ў ледніковы перыяд. У зоне інтэнсіўнага наведвання заасада частка каньёна ператворана ў штучны вадаём, на якім жывуць прадстаўнікі вадаплаўнай фаўны нашай рэспублікі — качкі і лебедзі.
Этнаграфічная беларуская вёска
Да заасаду прымыкае стылізаваная «Этнаграфічная беларуская вёска» — музей пад адкрытым небам. У вёсцы можна наведаць дом каваля, ганчара, азнаёміцца з побытам беларускага народа пачатку ХХ ст. У маёнтку памешчыка размясціліся кафэ і гасцініца, у сялянскіх хатах — майстэрні рамеснікаў і сувенірныя крамы.