Ленінская вуліца (старыя назвы: XVI—XIX стст. — Ветраная, з XIX ст. — Вялікая Садовая, Інжынерная[1]) — пешаходная вуліца ў гістарычным цэнтрыМагілёва. Бярэ свой пачатак ад плошчы Славы да вул. Курако. Працягласць вуліцы 1490 м.
Гісторыя
У часы Вялікага Княства Літоўскага
Вынікі археалагічных даследаванняў і пісьмовыя крыніцы дазваляюць рэканструяваць планіроўку горада на розных этапах яго развіцця. У XV ст. пачала складвацца планіроўка Старога горада. У цэнтры размяшчаўся Нагорны пасад, які складаўся з Астрожскай і Нагорскай соцен. Пасад меў невялікія кварталы і скучаную забудову. У той час паступова сталі вылучацца дзве галоўныя вуліцы — Шклоўская (сучасная Першамайская) і Ветраная (Ленінская), што перасякалі тэрыторыю тагачаснага горада з поўдня на поўнач. Менавіта на Ветранай была пабудавана першая драўляная ратуша пасля атрымання ў 1577 г. горадам Магдэбургскага права. Гэта была найбольш прэстыжная частка Магілёва. Тут размяшчаліся галоўныя культавыя збудаванні, ратуша, дом войта, сядзібы купецтва, магістрацкага і цэхавых вярхоў, майстэрні рамеснікаў[2].
Менавіта на гэтай вуліцы знаходзіўся дом пякаркі, у якім у 1655 г. стала міраточыць ікона, якая сёння вядома як цудатворны абраз Магілёва-Брацкі, які шануецца як праваслаўнымі, так і католікамі[2].
Пад расійскай уладай
Пасля далучэння да Расійскай імперыі пачынаецца перапланіроўка горада. Аднак план забудовы Магілёва 1778 г. і наступныя 1779 г., 1804—1806 гг., 1830 г. пакінулі нязменнай сярэдневечную планіроўку ў межах Нагорскага пасада: прамую веерную сетку вуліц, тры поясы ўмацаванняў. Новай з’яўлялася прамавугольная планіроўка забудовы горада ў межах Шклоўскага і іншага пасадаў з прабіўкай восевай магістралі, паралельнай Шклоўскай вуліцы. Гэта быў працяг вуліцы Ветранай, які пазней атрымаў назву Вялікая Садовая. Такім чынам вуліцы ў 1823 г. яна набыла выгляд скразной дарогі і праходзіла праз увесь горад. Перакрыжоўвалася з Дваранскай, Паштовай вуліцамі, плошчай пад назвай Шклоўскі базар, Афіцэрскай вуліцай. Ад яе ішлі Спаскі, Семінарскі і Лютэранскі завулкі[2].
У канцы XVIII—XIX стст. ад пачатку Ветранай на ніжніх паверхах мураваных будынкаў (часткова захаваліся) размяшчаўся шэраг невялікіх крам, вёўся гандаль у асноўным галантарэйнымі і харчовымі таварамі. Крамы, што знаходзіліся бліжэй да Мураўёўскага сада (Тэатральны сквер), былі больш заможнымі і прывабнымі знешне. Сама вуліца з гэтага месца пашыралася і па сваёй чысціні, утульнасці, прыгажосці будынкаў магла лічыцца лепшай у горадзе[2].
Далей на левым баку вуліцы знаходзіўся пабудаваны ў 1604 г. па фундацыі караля Жыгімонта IIIФарны касцёл Св. Казіміра, будынак якога часткова захаваўся да нашага часу і цяпер належыць аблтэлекаму[2].
У другой палове XIX ст. адбылася чарговая перапланіроўка забудовы вуліц, якая паступова стала двух-трохпавярховай і мураванай, змяніла гістарычную планіровачную структуру[2].
Пад савецкай уладай
У 1919 г. вуліца атрымала назву Ленінская. Сучаснае аблічча вуліцы стала складвацца ў 1930-я гады. Аднак планамерная забудова пачалася пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі па генеральнаму плану Магілёва 1947—1950 гадоў. праводзілася рэканструкцыя і аднаўленне цэнтральнай часткі горада. Перапланіроўкі савецкага часу Значна паўплывалі на забудову старой часткі Магілёва, але вуліцу Ленінскую яны закранулі толькі часткова[2].
Сучаснасць
У 2004 г. вуліца Ленінская, якая захавала найбольшую колькасць дамоў XIX ст., стала пешаходнай вуліцай — зонай адпачынку гараджан.
Забудова
Вялікую ролю ў фарміраванні вуліцы адыгрываюць помнікі гісторыі, жылой і грамадзянскай архітэктуры XVIII — пачатку XX стагоддзяў як.
№ 59 — двухпавярховы інтэрнат Будтрэста № 12 (1952). У пачатку 2014 года прызнаны аварыйным і непрыдатным для жыцця, жыхары пераселены ў іншы інтэрнат. Знесены ўлетку 2018 года, на яго месцы ўзводзіцца паціпавярховы дом з мансардай (арх. У. Чаховіч, А. Матвіцэўскіх).
№ 61 — будынак, які сладаецца з 6- і 3-павярховых аб’ёмаў. У будынку размешчаны Ліцэй БРУ і клуб-рэстаран «Форум».
Ад скрыжавання з Камсамольскай раней стаялі дамы Эдэльмана, Граната, Шафрая, К. Гофмана[4]. У вуглавым доме Эдэльмана знаходзілася вядомая крама братоў Л. і І. Берштэйнаў, да якіх любілі заходзіць, бываючы ў Магілёве, вялікія князёўны, дочкі імператара Мікалая II[5].
История Могилевского еврейства: Документы и люди: Науч.-популяр. очерки и жизнеописания. В 2-х кн. Кн. 1. / Сост. А. Литин. — Мн.: Юнипак, 2002. — 688 с. — ISBN 985-6418-49-6.