На 1 студзеня 1974 года плошча тэрыторыі раёна складала 1,5 тыс. км²[5]. Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Аршанскага ўзвышша. Паверхня спадзістахвалістая і градава-ўзгорыстая, 70 % яе на вышыні 200—240 м, ніжэй за 200 м. Каля 20 % глыбіня расчлянення рэльефу да 25—30 м/км². Найвышэйшы пункт 255 м (каля аграгарадка Серкавіцы).
У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да заходняга крыла Аршанскай упадзіны. Сучасная паверхня складзена комплексам краявых і водналедавіковых утварэнняў сожскага ўзросту, ніжэй адклады дняпроўскага, бярэзінскага і беларускага зледзяненняў. Магутнасць антрапагенных адкладаў 80—100 м, у ледавіковых лагчынах да 176 м.
Пад лясамі знаходзіцца 30,2 % тэрыторыі раёна. Найбольшыя масівы ў заходняй і паўднёва-заходняй частцы. Пераважаюць лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца асінавыя, чорнаальховыя, шэраальховыя, ясянёвыя, ліпавыя, дубровы.
На тэрыторыі раёна ёсць верхавыя, мохавыя і нізінныя балоты, якія займаюць 2,1 % плошчы. На іх растуць асака, багун, мох. Найбольшыя балотныя масівы: Усвіж-Бук, Слаўнае.
Жывёльны свет: зайцы, лісы, вавёркі, барсукі, дзікі, ласі, казулі, ваўкі, куніцы, чаплі, буслы, кнігаўкі, цецерукі, камышніцы. Помнікамі прыроды мясцовага значэння на Талачыншчыне з’яўляюцца паркі «Рацава», «Юзафполле» і «Забайкал». Створаны комплексны ландшафтна-гідралагічны заказнік «Скрыпуцёва» плошчай 27 га. У межах раёна знаходзіцца батанічны мікразаказнік Лаўрэнавічы (цыбуля мядзведжая).
Гісторыя
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Аршанскай акругіБССР. Цэнтр — мястэчка Талачын. 20 жніўня 1924 года падзелены на 14 сельсаветаў: Абідаўскі, Азярэцкі, Воўкавіцкі, Высока-Гарадзецкі, Друцкі, Еўлахоўскі, Навасельскі, Няклюдаўскі, Плоскаўскі (Плоскі), Саколінскі, Славенскі, Стуканоўскі, Талачынскі, Ульянаўскі. 21 жніўня 1925 года Абідаўскі сельсавет перайменаваны ў Рыдамльскі, Стуканоўскі — у Валосаўскі. 24 верасня 1926 года ўтвораны Мархлеўскі нацыянальны польскі сельсавет і скасаваны Талачынскі сельсавет. У 1928 годзе Ульянаўскі сельсавет скасаваны і ўтвораны Слаўненскі сельсавет. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны: Старасельскі сельсавет скасаванага Копыскага раёна; Аболецкі, Алёнавіцкі, Палюдаўскі (Новапалюдаўскі), Пярэвалачненскі (Перавалачнянскі), Сіманаўскі (Замасцянскі) сельсаветы і мястэчка Коханава скасаванага Коханаўскага раёна; Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы скасаванага Круглянскага раёна. 8 снежня 1931 года Старасельскі сельсавет перададзены Шклоўскаму раёну. 12 лютага 1935 года Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Мархлеўскі нацыянальны польскі, Новапалескі, Паўлавіцкі, Скуратоўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Круглянскаму раёну. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Віцебскай вобласці. 27 верасня 1938 года Талачын атрымаў статус гарадскога пасёлка, мястэчка Коханава аднесена да катэгорыі вёсак і зноў утвораны Коханаўскі сельсавет. 9 верасня 1946 года Аболецкі, Алёнавіцкі, Коханаўскі, Палюдаўскі, Пярэвалачненскі, Сіманаўскі сельсаветы перададзены ў склад адноўленага Коханаўскага раёна. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Высокагарадзецкі, Друцкі, Рыдамльскі, Славенскі сельсаветы, Саколінскі сельсавет перайменаваны ў Анэлінскі. 22 ліпеня 1955 года Талачын атрымаў статус горада. 17 снежня 1956 года да раёна далучаны Аболецкі, Алёнавіцкі, Жукнеўскі, Коханаўскі, Пярэвалачненскі і Сіманаўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Коханава скасаванага Коханаўскага раёна. 15 кастрычніка 1960 года скасаваны Анэлінскі, Коханаўскі, Няклюдаўскі і Пярэвалачненскі сельсаветы, утвораны Рыдамльскі сельсавет. 29 снежня 1961 года скасаваны Навасельскі і Сіманаўскі сельсаветы, 17 жніўня 1962 года — Валосаўскі сельсавет. 25 снежня 1962 года да раёна далучаны Малотынскі, Сальніцкі, Смалянскі і Тумініцкі сельсаветыАршанскага раёна. 18 сакавіка 1963 года скасаваны Тумініцкі сельсавет, Плоскаўскі сельсавет перайменаваны ў Навасельскі. 12 лютага 1965 года Малотынскі, Сальніцкі і Смалянскі сельсаветы перададзены Аршанскаму раёну. 7 чэрвеня 1966 года ўтвораны Валосаўскі і Плоскаўскі сельсаветы, Еўлахоўскі сельсавет перайменаваны ў Маціёўскі, скасаваны Навасельскі сельсавет. На 1 студзеня 1974 года ў складзе раёна горад Талачын, гарадскі пасёлак Коханава, 10 сельсаветаў, 303 населеныя пункты[5]. 2 лютага 1982 года Маціёўскі сельсавет перайменаваны ў Талачынскі, Рыдамльскі — у Серкавіцкі. 20 кастрычніка 1995 года Талачынскі раён і горад Талачын аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 8 красавіка 2004 года скасаваны Алёнавіцкі, Жукнеўскі і Плоскаўскі сельсаветы[7]. 20 чэрвеня 2013 года Коханаўскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[8]. 10 кастрычніка 2013 года скасаваны Азярэцкі сельсавет[9].
Агульная зямельная плошча раёна складае 150 тыс. га., у тым ліку 82 тыс. га сельгасугоддзяў. Раён спецыялізуецца на вырошчванні буйнай рагатай жывёлы і свінагадоўлі. Вырошчваюцца: зерневыя (грачыха, пшаніца, жыта, авёс, ячмень, гарох, лубін); кармавыя (бульба, буракі, кукуруза, люцэрна) і тэхнічныя культуры (сурэпіца, рапс, лён).
На Талачыншчыне 10 прамысловых прадпрыемстваў, 4 з іх займаюцца перапрацоўкай сельскагаспадарчай прадукцыі. Наладжана вытворчасць жалезабетонных, сталярных вырабаў, экскаватараў, баваўняных тканін, тарфяных брыкетаў, ільновалакна, пладова-ягаднага віна, цэльнамалочнай прадукцыі, хлебабулачных і каўбасных вырабаў, безалкагольных напояў, крухмалу і інш. прадукцыі.
Буйнейшымі прадпрыемствамі з’яўляюцца: Талачынскі і Коханаўскі льнозаводы, тэкстыльная фабрыка, масларобча-сыраробчы, кансервавы, торфабрыкетны заводы, Коханаўскі экскаватарны завод. Адно са старэйшых прадпрыемстваў горада Талачына — тэкстыльная фабрыка, яе вырабы: коўдры, дываны, рушнікі, сурвэткі. Талачынскі масларобча-сыраробчы завод спецыялізуецца на вырабе масла, сыру, смятаны, тварагу і іншай прадукцыі. Торфабрыкетны завод выпускае торфабрыкет на паліва і нарыхтоўвае яго на ўгнаенне. Кансервавы завод — адно з буйнейшых прадпрыемстваў Талачыншчыны. У 2002 да яго далучаюць крухмальны завод, а ў 2005 — Гарадоцкі харчовы камбінат. СП «Кірана» (г. п. Коханава) спецыялізуецца на распрацоўцы і вырабе труб для газа- і водазабеспячэння, каналізацыі, пракладкі кабелю, меліярацыі.
Праз тэрыторыю раёна праходзяць аўтамагістраль M1Мінск — Масква, газаправоды Ямал — Еўропа, Таржок — Мінск — Івацэвічы, а таксама прадуктаправод Унеча — Полацк.
Сетка ўстаноў адукацыі Талачынскага раёна прадстаўлена 29 установамі. З іх шэсць сярэдніх школ, адна базавая школа, чатыры вучэбна-педагагічныя комплексы «дзіцячы сад-базавая школа», 12 дашкольных устаноў, а таксама ўстановы спецыяльнай адукацыі і пазашкольнага навучання і выхавання: Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, раённы Цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны Цэнтр[11].
І. І. Рыжыкаў (1893, в. Рацава — 1979), партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў Другую сусветную вайну.
Я. М. Целешаў (1923—1997), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў пасёлку Забайкал[12].
↑ абБелорусская ССР. Административно-территориальное деление. На 1 января 1974 года. (руск.). — Выданне 5-е. — Мн.: Беларусь, 1974. — С. 61. — 248 с. — 10 000 экз.
↑Самончык Н. Ф. Талачынскае вадасховішча // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 5. Стаўраструм — Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 5. — С. 74. — 583 с. — 10 000 экз.
Талачынскі раён // Рэспубліка Беларусь: вобласці і раёны: энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад. Л. В. Календа. — Мн., 2004. — С. 160—161.
Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.
Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 654 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-007-6.