Тэрыторыя цэнтральнай часткі сучаснага горада Глыбокага (паўночны, паўночна-заходні і заходні берагі возера Кагальнае) была заселеная ў часы Полацкага княства, пра што сведчаць знаходкі керамікі XI—XIII стагоддзяў. Пазней паселішча перапыніла сваё існаванне — кераміка XIV—XV стагоддзяў на тэрыторыі горада адсутнічае[5].
Вялікае Княства Літоўскае
У пісьмовых крыніцах узгадваецца ў Метрыцы ВКЛ у 1514 г. як двор, цэнтр маёнтка Зяновічаў. Паводле афіцыйнай версіі, першая згадка пра Глыбокае — 1414 год, аднак гэтая дата трапіла ў гістарычныя працы ў выніку памылкі даследчыка Ежы Ахманьскага, якую ён дапусціў пры напісанні анатацыі да аднаго з прывілеяў Вітаўта[6].
Двор Зяновічаў знаходзіўся каля возера Кагальнае, якое ў той час называлася Глыбокае. Назва возера дала назву населенаму пункту[7]. У 1514 годзе згадваецца «торг» у Глыбокім, што сведчыць пра тое, што населены пункт быў асяродкам гандлю[8]. У 1582 годзе ўпершыню ўзгадваюцца глыбоцкія мяшчане, што безумоўна сведчыць пра местачковы характар населенага пункта[9].
Яго заходняя частка, якая належала Зяновічам, уваходзіла ў Ашмянскі паветВіленскага ваяводства. Усходняя частка была ва ўласнасці Корсакаў і ўваходзіла ў Полацкае ваяводства. У абедзвюх частках былі гандлёвыя плошчы. У паўночна-ўсходняй частцы пачыналіся шляхі на Полацк, Дзісну і мястэчка Беразвечча (цяпер у межах горада). Належала да Корсакаў, Радзівілаў, Вітгенштэйнаў.
У 1582 г. Юрый Зяновіч валодаў заходняй часткай Глыбокага і завяшчаў сваім нашчадкам. У 1628 годзе Ганна Зяновіч выйшла замуж за Альбрэхта Радзівіла, і Глыбокае перайшло да Радзівілаў. Паводле інвентара 1702 г. сядзібны комплекс Радзівілаў уключаў накрыты драніцай галоўны аднапавярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, свірны, двухпавярховую гаспадарчую пабудову з галерэямі, хлявы, стайні, вазоўні, сажалку, ставок з вадзяным млынам і інш. У маёнтку Радзівілаў было 263 двары. У канцы XVI ст. пабудаваны кальвінскі збор, на месцы якога потым быў пастаўлены Міхайлаўскі касцёл (існаваў да 1650-х).
У першай палове XVII стагоддзя ўсходняя частка Глыбокага належала Іосіфу Корсаку[10], у 1628 годзе ён заснаваў на сваёй частцы Троіцкі касцёл. У 1638 годзе ён напісаў тэстамэнт, згодна з якім яго маёнткі Беразвечча (3 км на поўнач ад Глыбокага) і Вярбілава павінны быць аддадзены ордэну базыльянаў з умовай, што базыльяне павінны заснаваць у Беразвеччы кляштар і царкву[11]. У 1639 годзе Корсак аддае мястэчка Глыбокае і астатнія маёнткі (Ластавічы, Свіла, Перадолы, Вольберавічы, Гняздзілава) рыма-каталіцкаму ордэну кармелітаў босых, абавязваючы пабудаваць касцёл і кляштар[12]. Фундацыі Корсака былі зацверджаны варшаўскімі сеймікамі. 16 красавіка 1643 года Корсак памірае, і ўся ягоная маёмасць пераходзіць духавенству (кармелітам).
У ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай атрад рускіх войскаў пад кіраўніцтвам думнага двараніна Ж. Кондырава 30 ліпеня 1654 года пад Глыбокім «литовских людзей побил и и знамены и мушкеты поимал». Глыбокае было спалена, а кіраўнік абароны полацкі падкаморы Бяганскі трапіў у палон. Праз паўгода рускія пакінулі Глыбокае, але ў жніўні 1658 года яны зноў былі ў горадзе. Ваявода В. Бешанцоў з 50 драгунамі прыбыў сюды, каб пабудаваць астрог. 7 студзеня 1659 года атрад палкоўніка літоўскага В. Валовіча «сжёг острожек в Глубоком», а гарматы, якія там былі, вывез у Даўгінаў. 6 лістапада 1661 года польска-літоўскія войскі пад кіраўніцтвам Чарнецкага на ўсход ад Глыбокага разбілі рускія войскі пад кіраўніцтвам І. Хаванскага і захапілі трафеі — 6 гармат, вялікі запас пораха, больш за 6 тыс. павозак з правіянтам. Рэшткі разбітага войска ўцяклі ў Полацк.
Акрамя ваенных дзеянняў, вялікія страты Глыбокаму нанеслі пажары 1661 і 1700 гг.
Паводле гарадскіх інвентароў, у Глыбокім на пачатку XVIII ст. сярод рамеснікаў былі скамарохі і мядзведнікі (каля дзесяці чалавек). Брацтва св. Тройцы, якое аб’ядноўвала мядзведнікаў, мела свой алтар у царкве ў царкве св. Тройцы. Можна меркаваць, што Глыбокае мела сваю «Мядзведжую акадэмію» і што паміж імі існавала сувязь. Вядома, што з канца XV ст. і да пачатку XIX ст. Глыбокае і Смаргонь належалі адным уладальнікам—спачатку Зяновічам, а з 1628 года Радзівілам.[13]
Значную частку насельніцтва складалі яўрэі. У 1742 годзе пабудавана сінагога.
У 1812 годзе шлях імператара ФранцыіНапалеона Банапарта з Вільні на Маскву праходзіў цераз Глыбокае. Побыт Напалеона ў Глыбокім апісвае гісторык Отан Гедэман, аўтар кнігі «Глыбокае», якая была надрукавана ў 1935 і перавыдадзена ў 2012 годзе. Паводле Отана Гедэмана, імператар прыбыў ў Глыбокае раніцай 18 ліпеня і затрымаўся ў кляштары кармелітаў босых на некалькі дзён, паводле меркаванняў іншых гісторыкаў Напалеон Банапарт прабыў у Глыбокім ад трох да дзесяці дзён[14].
У працы «Глыбокае» гаворыцца, што менавіта ў Глыбокім Напалеон выдаў загад «Адозвы генеральнай канфедэрацыі да палякаў»(18 ліпеня 1812 года), прызначаны для палякаў, якія знаходзяцца на расійскай дзяржаўнай службе, і загад супраць марадзёраў і рабаўніцтва (20 ліпеня 1812 года).
Згодна з распараджэннем Напалеона, у Глыбокім з’явіўся харчовы склад, загад пра гэта быў падпісаны маршалкам Алоізам Буйніцкім. Парафіяльны касцёл быў пашкоджаны з-за доўгага ўтрымання войскаў, бо быў ператвораны на склад правіянту, а таксама былі забраныя касцельныя рэчы[15].
Паданні
Існуе шмат легенд, звязаных са знаходжаннем Напалеона ў Глыбокім у 1812 годзе. Гэтыя легенды таксама прыводзяцца ў кнізе «Глыбокае» гісторыка Отана Гедэмана. Адна з легендаў жадае вызначыць знаходжанне займаных імператарам пакояў менавіта ў ацалелым блоку (дзе зараз месціцца староства — пакоі на другім паверсе № 8 і 9), абапіраючыся на наступны тэкст Сегура: «la Courlande nurria Macdonald, la Samogitie Oudinot; les plaines fertiles de Klubakoje (то бок — Глыбокае) — l‘Impereur». Гэтая версія тлумачыць, што «les plaines fertiles de Klubakoje», то бок урадлівыя раўніны Глыбокага, імператар мог бачыць толькі з акон на другім паверсе існуючага крыла (разбураныя два крылы былі павернутыя ў бок горада) — значыць, ён там жыў. Аднак не вынікае гэта наўпрост з тэксту Сегура, які меў на думцы толькі магчымасці забеспячэння арміі харчамі з урадлівых раўнін Курляндыі, Жмудзі і Глыбокага, г.зн. Белай Русі.
Таксама, паводле легенды, паміж імператарам і прыёрам завязаўся наступны дыялог. Напалеон: «Якой велічыні кляштарная ўласнасць?» Прыёр: «1000 дамоў». Напалеон: «Гэтага замнога! А чым займаецеся?» Прыёр: «Молімся». Напалеон: «Гэтага замала!» Аднак, удзячны за гасціннасць, злажыў прыёру на ад’езд «поўнае блюда» напалеондораў. Імператар нават выказаў шкадаванне, што не можа забраць у Парыж касцёл кармелітаў, каб яго там паставіць побач з саборам Нотр Дам.
Глыбокае ў складзе Расійскай імперыі
Манахі-кармеліты падтрымалі паўстанцаў у 1830 і 1863 гадах. На Глыбоччыне адбыліся баі паміж паўстанцамі і царскай арміяй, у выніку якіх паўстанцы былі разгромлены. Для расправы з паўстанцамі сюды прыехаў губернатар М. Мураўёў і стварыў камісію вайсковага суда. Сотні чалавек былі асуджаны, кляштар кармелітаў быў ліквідаваны, маёмасць перайшла ў дзяржаўную казну. На тэрыторыі мястэчка, якое раней належала кармелітам, у 1886 годзе было 130 двароў, мястэчка Радзівілаў мела 403 двары, 2074 жыхары.
Кожны тыдзень па чацвяргах праводзіліся кірмашы, на якіх гандлявалі прадуктамі харчавання, мануфактурнымі вырабамі, а таксама смалой, дзёгцем, паташом, што прыходзілі з памешчыцкіх маёнткаў. Сяляне гандлявалі прадуктамі харчавання, набывалі соль, крупы, гарбату, цукар, гарэлку.
Глыбоцкі маёнтак князь Вітгенштэйн у 1870-я прадаў немцу Зігерсу.
У 1886 годзе працавалі піваварня, вінакурны і цагельны заводы, у нядзелю збіраліся базары. Дзейнічалі народнае вучылішча, царква, касцёл, 6 сінагог, 8 піцейных дамоў. У Беразвеччы дзейнічалі два вадзяныя млыны і царква.
У 1895 годзе ў прыёмным пакоі працаваў фельчар, дзейнічалі вольнапрактыкуючыя ўрачы, існавалі 4 аптэкарскія крамы.
Паводле перапісу 1897 года ў мястэчку 5654 жыхары. Меліся народнае і яўрэйскае прыватнае вучылішчы.
У 1897 годзе да Глыбокага пракладзена вузкакалейная чыгунка ад станцыі Свянцяны (цяпер — Швянчонелей у Літве) да станцыі Беразвеч на поўдзень ад мястэчка Глыбокае. У жніўні 1915 года, падчас набліжэння фронту, чыгунка была падоўжана да станцыі Сеславіна (Крулеўшчына).
Пабудаванны ў 1911 годзе мураваны будынак млына захаваўся.
У 1912 годзе ў мясцовай друкарні «Прагрэс» была выдадзена брашура земскага начальніка І. Дароніна «Ідзіце на хутары» аб тым, як праходзіла сталыпінская аграрная рэформа на Глыбоччыне.
Грамадскі і рэвалюцыйны рух ажывіўся ў 1905 годзе, калі ў лістападзе адбылася забастоўка паштовых служачых і палітычныя дэманстрацыі, удзел у якіх прынялі некалькі соцень чалавек.
Падчас Першай сусветнай вайны Глыбокае знаходзілася ў тыле 3-й рускай арміі.
Найноўшы час
У лістападзе 1917 года ўсталявана савецкая ўлада. У лютым-снежні 1918 года акупіравана нямецкімі войскамі. У пачатку 1919 года далучана да БССР. У жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў занята польскімі войскамі. 5 ліпеня 1920 года часці 15-й арміі пад камандаваннем А. І. Корка вялі ў ваколіцах Глыбокага баі з польскімі войскамі, у якіх загінулі 1,5 тыс. чал.
З 1921 да 17 верасня 1939 года Глыбокае знаходзілася ў складзе Польшчы. 6 лістапада 1919 года быў утвораны Дзісенскі павет, сядзіба ўладаў якога знаходзілася ў Глыбокім. У 1921 годзе Глыбокаму быў нададзены статус горада і ўтвораныя органы гарадскога самакіравання. Увесь міжваенны перыяд горад хутка разрастаўся і развіваўся дзякуючы адміністрацыйнаму і геаграфічнаму становішчу. У міжваенны час у прадмесці Беразвечча размяшчаўся штаб палка Корпуса аховы памежжа «Глыбокае».
У 1927 годзе тут было 5612 жыхароў, знаходзіліся ўлады павета, 3 банкаўскія ўстановы — філіял Віленскага сельскагаспарча-прамысловага банка, Дзісенскі павятовы банк, Яўрэйскі народны банк. Працавала друкарня і штодзённа выходзіла польскамоўная газета «Голас Дзісны». Меліся гімназія і 7-гадовая школа. У 1931 годзе была ўзведзена мячэць (згарэла ў пачатку вайны).
У 1936 годзе пабудаваны буйны мясакамбінат, пачаў працаваць генератар гарадской электрастанцыі.
У 1939 годзе — 9,7 тыс. жыхароў.
17 верасня 1939 года Глыбокае было занята Чырвонай Арміяй і ўвайшло ў склад БССР. У 1940 годзе быў утвораны Глыбоцкі раён. Выдавалася газета РК КП(б)Б «За свабоднае жыццё». У 1941 годзе ў мястэчку жыло 12 тыс. чал., з іх 8 тыс. — яўрэі.
З 2 ліпеня 1941 года акупіраваны нацысцкімі войскамі. У Беразвеччы быў створаны лагер ваеннапалонных, дзе ў ноч на 7 лістапада 1941 года ваеннапалонныя захапілі паўстанне, перабілі частку нямецкай аховы і збеглі ў лес. Яўрэі з Глыбоцкага гета былі расстраляны вясною 1942 года ва ўрочышчы Барок (каля 2 тыс. чал.). У жніўні 1943 года было знішчана Глыбоцкае гета, былі забіты 4,5 тыс. чал.
У горадзе дзейнічала падполле: дзейнічаў падпольны раённы камітэт КПБ пры партызанскай брыгадзе імя К. Ракасоўскага, падпольны РК ЛКСМБ, выдавалася газета «За Свабоднае жыццё».
З красавіка да мая 1943 года ў горадзе размяшчалася галоўная каманда «Цэпяліна» «Расія—Цэнтр» (ням.: SS-Hauptkommando Russland—Mitte Unternehmen Zeppelin) і разведшкола з Яблані[16][17]
Горад вызвалены 3 ліпеня 1944 года ў ходзе Полацкай аперацыі.
У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый першага беларускага тэатра І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч.
Язэп Драздовіч (1888—1954), беларускі мастак, скульптар, этнограф, археолаг, педагог. Адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу [20][21].
Клаўдзій Душэўскі (1891—1959), беларускі палітычны дзеяч, дыпламат, рэдактар, педагог
↑Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
↑Korsak Józef Głębocki // Polski Sіownik Biograficzny. Tom XIV. Wroclaw-Warszawa-Krakow, 1968—1969. S. 108.
↑Lorentz Stanisław. Z materiałów do historii architektury na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego//Prace i Materiały Sprawozdawcze Sekcji Historii Sztuki Tow. Przyjaciół Nauk w Wilnie, 1938/39. T. 3. ss. 335—348.
↑Wanat J. Zakon karmelitów bosych w Polsce. Klasztory karmelitów i karmelitanek bosych 1605—1975. ss. 458—459.
↑Залесский, К. РСХА: Главное управление имперской безопасности / Константин Залесский. — М.: Яуза, ЭКСМО, 2004. — 382, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 241. — (Тайны III рейха). — ISBN 5-699-06223-8.
↑Чуев, С. Г. Спецслужбы Третьего Рейха: [В 2 кн.] / Сергей Геннадьевич Чуев. — СПб.: Нева, 2003. — 443, [1] с., [8] л. ил., портр. — С. 154. — (Досье. Спецслужбы мира). — ISBN 5-7654-2831-2.