Выгляд цэнтра Берасця з бастыённымі ўмацаваннямі ў XVII ст. (фрагмент гравюры Э. Дальберга) Умоўныя пазначэнні: A. Castellum — Замак; B. Templum Iesuilarum — Касцёл езуітаў; C. Templum Parochiale — Фарны касцёл; D. Templ. Graco-rum — Грэка-каталіцкая царква; E. Templ. Dominicanorum — Дамініканскі касцёл; F. Coenob. Bernhardinorum — Кляштар бернардзінцаў; G. Synagogux Iudcorum — Сінагога.
3 1676 года пачала фарміравацца бібліятэка, першыя кнігі падараваў В. Лахоўскі[2]. Прыблізна з таго ж года працавала аптэка[2]. У 1683—1692 гадах касцёл адбудаваны па фундацыі Б. Сапегі як 3-нефавая базіліка з трансептам і 2-вежавым галоўным фасадам, які быў насычаны архітэктурнай пластыкай і завяршаўся трохвугольным франтонам з валютамі, інтэр’ер размаляваны ў 1692—1702, меліся 13 алтароў, арган[2]. У 1669 годзе карольМіхал Вішнявецкі[1][6] перадаў езуітам в. Плоска з землямі ў Прылуках[2]. Грунты вызваляліся ад усіх падаткаў за выключэннем агульных для Рэчы Паспалітай[9]. У распараджэнні езуітаў быў цагельны завод[9], заснаваны для ўзвядзення езуіцкіх пабудоў, які ў 1713 годзе ўжо заняпаў[8].
Каля 1727 года побач з касцёлам пабудавана вежа-званіца[2]. 3 пачатку 18 ст. да 1755 вялося будаўніцтва новага будынка для калегіума[2]. У 1696—1760-я гг. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр, мелася вялікая бібліятэка[1], у 1731 годзе значны кнігазбор у 300 тамоў падараваў Ян Фрыдэрык Сапега[2]. У 1772—1773 навучальным годзе ў берасцейскім калегіуме было 28 выкладчыкаў. У XVII—XVIII стст. калегіуму належалі вёскі Ляскавічы, Машковічы, Паніквы, Слаўкі, Студзіловічы і інш[2]. Езуіты набывалі новыя землі з вескамі, аддаючы грошы пад залог маенткаў. Праз некаторы час яны ператварыліся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў[3].
Пасля скасавання ордэна езуітаў у 1773 годзе будынкі перададзены базыльянам[2]. Пасля 1773—1774 гг. касцёл быў адрэмантаваны зноў: зроблены новыя свінцовыя вітражы і дзевяць разных алтароў з пазалотай[9].
Берасцейскі езуіцкі касцёл пабудаваны пазней за касцёлы ў Вільні (XV — першая палова XVI ст.) і Горадні (1595—1618), але ён яскрава адлюстроўвае тэндэнцыю да «кампраміснай архітэктуры». Тагачасныя пабудовы ў Вялікім Княстве Літоўскім, захоўваючы асноўныя традыцыйныя прыёмы каталіцкай архітэктуры, перанімалі традыцыйныя формы і пластыку уніяцкіх, каталіцкіх і праваслаўных сакральных забудоў. Берасцейскі ансамбль езуіцкага комплексу адлюстроўвае гэтую тэндэнцыю[9].
Касцёл з’яўляўся творам архітэктуры барока. Меў класічную для «езуіцкага» барока архітэктоніку[8] і быў вырашаны 3-нефавай 2-вежавай крыжова-купальнай базілікай з выразным трансептам і паўкруглай развітой апсідай[1], схаванай звонку дзвюма сіметрычнымі сакрысціямі[9]; над сяродкрыжжам узвышаўся купал. У «Інвентары люстрацыйным брэсцкай калегіі» за 1773—1774 гг. паведамляецца, што «касцёл мураваны, у даўжыню каля 70 крокаў у сабе мае, на філярах і аркадах, з дахам пад гонтай, патрабуе рэпарацыі… купал мае адзін дужы, драўляны на самай сярэдзіне касцёла з сігнатуркай, белай бляхай пакрыты»[8].
Насычанай архітэктурнай пластыкай вылучаўся галоўны фасад[1], аздоблены карынфскім ордарам[8] і завершаны высокім 2-ярусным шчытом з бакавымі валютамі[1][2], які быў упрыгожаны дэкаратыўнымі гірляндамі на фрызе[9]. Фасад уяўляў сабою аб’ёмную пласціну, шырыня (глыбіня) якой абумоўлівалася параметрамі чацверыковыхвежаў з вітымі ўсходамі ўнутры, што часткова выступалі за межы базілікі. Увядзенне ў структуру фасада невялікіх чацверыковых вежаў (усяго адзін ярус над бакавымі нефамі) рабіла рытм вертыкальных і гарызантальных чляненняў больш энергічным, вытанчаным, надавала дадатковую экспрэсію валютам атыкавага франтона, вытрыманага ў стылістыцы ранняга барока з уплывам італьянскага. На адной з вежаў размяшчаўся гадзіннік, на другой — звон «сярэдні»[8].
Вежа-званіца
З паўднёва-заходняга боку касцёла і з усходняга боку гарадскога рынку пабудавана (1692—1750) вялікая вежа-званіца[2], якая надала яшчэ большую прасторавую разгорнутасць фасаду, верхні чацверык яе быў крыху большы за суседнюю фасадную вежу і змяшчаў звон «вялікі»[8]. Над званіцай была ўстаноўлена вялікая статуя Святога Юзафа[9]. Пластычная аздоба вежы-званіцы мела ідэнтычны характар з дэкорам уваходнага рызаліта двухпавярховага калегіума[8].
Інтэр’ер меў алтарны ансамбль (13 алтароў[2]), амбон, арган, спавядальні высокамастацкага выканання; пад 6удынкам мелася крыпта з ганаровымі пахаваннямі[1]. Так берасцейская шляхцянка Марыяна Грушэўская-Яльцова, якая падарыла ў 1689 годзе езуіцкаму калегіуму вёску Машковічы, у сваім тастаменце дае запавет пахаваць яе каля свайго сына ў грабніцы езуіцкага касцёла. У самім касцёле былі сямейныя магільныя склепы — у 1767 г. у капліцы Св. Фларыяна быў пахаваны дзед Юліяна Нямцэвіча[9].
2-павярховы корпус калегіума паўтараў лінію вуліцы Кавальскай[2] і быў далучаны на паўночнага фасада касцёла, ствараючы з ім адзіны мастацкі ансамбль[8]. Першы паверх калегіума меў уваход з Кавальскай вуліцы, праз яго можна было трапіць у аптэку. Школьныя памяшканні мелі асобны ўваход, аздоблены рызалітам, дэкарыраваным у стылі позняга барока[9]. У корпусе знаходзіліся аптэка, трапезная, студэнцкі парлаторыум[2], 6 вучэбных класаў плошчай прыблізна 24—25 кв. метраў, пакоі рэктара і прарэктара (рэктар калегіума ў гэты час Марцін Ракоўскі), бібліятэка (чытальная зала, сховішча і працоўны пакой), пакоі прафесараў[9]. Супрацьлеглы ад касцёла бок калегіума завяршаўся перпендыкулярным крылом тэатра[1]. Планіровачнае рашэнне калегіума не было кампазіцыйна закрытым. Прадугледжвалася магчымае пазнейшае далучэнне набытых пабудоў і тэрыторый[9].
Планіроўка зямельнага ўчастка езуіцкага калегіума мела функцыянальнае заніраванне і была падпарадкавана існуючай гарадской забудове[9]. Тэрыторыя калегіума была абнесена сцяной і падзелена на гаспадарчы двор (уключаў кухню, свірны, бровар, стайню і інш.), невялікі аптэчны агарод для забеспячэння фармакалагічных патрэб аптэкі і 2 сады[2]. Езуіцкі сад меў рэгулярную планіроўку з традыцыйнымі для 17—18 ст. алеямі, фантанам і альтанкамі. Кветкавую кампазіцыю саду забяспечваў спецыяльны кветкавы сад, размешчаны за апсідальнай часткай касцёла.
↑Паводле Т. Габрусь гэта малаверагодна з прычыны самага разгару казацкіх войнаў, ад якіх найбольш цярпелі езуіты, яна датуе ўзвядзенне храма паміж 1665 (дата выдзялення езуітам пляца, на якім размешчана найбольш старая частка калегіума) і 1692 гадамі, калі пачалося ўзвядзенне званіцы, што далучалася да галоўнага фасада касцёла з боку рынкавай плошчы[8]
↑Букчин С. …Народ, издревле нам родной: Рус. писатели и Белоруссия. Очерки. Мн., 1984. С. 49.
Літаратура
Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. Касцёл Ісуса і Святога Крыжа і калегіум езуітаў. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.