У час будаўніцтва крэпасці рэльеф мясцовасці зменены, зніклі прыкметы, характэрныя для гарадзішчаўстаражытнарускіх гарадоў. Таму пытанне аб месцы размяшчэння старажытнага Бярэсця доўгі час было нявырашаным. Выявіў у 1969 г. і даследаваў на працягу 1969—1981 гг. П. Ф. Лысенка. Раскопкамі 1969—1970 гг. пацверджана меркаванне, што дзядзінец старажытнага Бярэсця знаходзіўся на мысе, утвораным правым берагам Заходняга Буга і левым берагам левага прытока Мухаўца. Шурфы і раскопы, закладзеныя каля падножжа гарадзішча і на паверхні пяцівугольнага бастыёна, выявілі культурны пласт (да 7 м) старажытнага горада. Трохвугольная форма гарадзішча, рэшткі абарончага рова з боку поля, археалагічныя знаходкі сведчаць аб тым, што дзядзінец знаходзіўся менавіта на мысе і яго рэшткі пры будаўніцтве крэпасці былі выкарыстаны як падножжа бастыёна. Культурны пласт дзядзінца мае высокую вільготнасць і добра захаваў рэчы арганічнага і неарганічнага паходжання. Пры раскопках выяўлены рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў, насцілы ў дварах, парканы. На плошчы раскопу (26×54 м) ускрыты 3 паралельныя вуліцы, накіраваныя з усходу на захад; вулічны насціл з тоўстых колатых дошак па падоўжаных падвалінах, пад якімі ляжалі папярок бярвенні. Асноўным планіровачным элементам былі вуліцы.
У 1969—1981 гг. выяўлена больш за 200 пабудоў 12 будаўнічых ярусаў. Усе тыпу наземных аднакамерных будынкаў зрубнай канструкцыі, квадратныя ў плане. Даўжыня сцен жылых пабудоў 3,2—6 м, гаспадарчых — 2,6—3,4 м. У жылых (часам і гаспадарчых) будынках падлога з дошак, печы глінабітныя і з выкарыстаннем цэглы. Забудова шчыльная. Ёсць пабудовы, у якіх захавалася па 12 вянкоў зруба. У 3 будынках цалкам зберагліся дзвярныя праёмы. Меткі-насечкі па сценах некаторых набудоў сведчаць аб тым, што будынкі перанесены на пастаяннае месца пасля ўзвядзення зруба.