Дзядзінец або дзяцінец — назва цэнтральнай умацаванай часткі горада на Русі, якая была сядзібай князя або яго намесніка і мела ваенныя, адміністрацыйныя і палітычныя функцыі.
У летапісах слова шырока ўжывалася да XIV стагоддзя, пасля на тэрыторыі Расіі сталі ўжываць слова «Крэмль». На тэрыторыі Беларусі слова «дзядзінец» замяніў «замак», часта падзелены на «Верхні» (або «горні») і «Ніжні» (або «Дольні»).
Звычайна размяшчаліся на зручных для абароны і фартыфікацыі месцах, на мысах рэк або высокіх пагорках, умацоўваліся равамі, валамі, сценамі з вежамі і брамамі. У дзядзінцах знаходзіліся княжацкі і баярскія двары, жытло дружыны, рэзідэнцыі духавенства. На час ваеннай небяспекі ў дзядзінцы хавалася навакольнае насельніцтва. Паводле адной з версій, магчыма, слова «дзядзінец» паходзіць ад «дзіця». У вялікіх гарадах дзядзінец мог займаць значную плошчу, напрыклад, у Кіеве — 9 га.
Дзядзінец // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 268. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.