Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі — прафесійны тэатр горада Брэста.
Гісторыя
Створаны 1 кастрычніка 1944 года пастановай СНК БССР як Дзяржаўны тэатр юнага гледача імя Крупскай. Для працы ў тэатры ў Брэст прыехалі выпускнікі чацвёртага курса Маскоўскага гарадскога тэатральнага вучылішча, вучні народнага артыста РСФСР У. В. Гатоўцава, педагогаў М. К. Свабодзіна, М. Ф. Цітушына, выхаваныя ў традыцыях мхатаўскай школы.
10 кастрычніка 1944 г. адбылося творчае хрышчэнне тэатра. У аднапавярховым каменным будынку, размешчаным у двары тэатра, быў паказаны спектакль «Вечар старадаўніх вадэвіляў». У першай палове 1945 г. тэатр атрымаў назву: Дзяржаўны тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі. У 1945 г. было падрыхтавана яшчэ тры спектаклі: «Гульня кахання і выпадкаў» П. Марыво, «Кароль-алень» К. Гоццы, «Мяшчане(руск.) (бел.» М. Горкага. Мастацкім кіраўніком новага тэатра быў прызначаны рэжысёр Мікалай Антонавіча Міцкевіч.
Рэпертуарны план тэатра на 1946 г. складаўся з спектакляў «Вясна ў Маскве» В. Гусева, «Юнацтва бацькоў» Б. Гарбатава(руск.) (бел.), аднаўленне «Мяшчан(руск.) (бел.» М. Горкага і канцэртнай праграмы. У трупе тэатра было ўсяго 22 чалавекі: Г. Волкаў, Ю. Уласаў, М. Вінаградаў, К. Айвазоўская, К. Катоўская, П. Рокатаў, І. Болатава, У. Говар-Бандарэнка, В. Мірская-Багданава, В. Мірскі, І. Фрэйдзін, З. Курдзянок, С. Гурыч і іншыя.
Станаўленне тэатра адбывалася цяжка. Часта мянялася адміністрацыйнае кіраўніцтва тэатра, прыязджалі і ад’язджалі акцёры. У 1946 г. адбылася змена галоўнага рэжысёра: замест М. А. Міцкевіча, якога запрасілі працаваць у Віцебск, рэжысёрам стаў Ю. М. Рашымаў. Ён запрасіў у тэатр вопытных акцёраў, сярод якіх была заслужаная артыстка РСФСР В. В. Багданава.
Летам 1948 г. тэатр выязджаў на гастролі ў Мінск, дзе былі паказаны спектаклі «Маладая гвардыя» А. Фадзеева, «Чужое дзіця» В. Шкваркіна, «Сын» В. Патапава і іншыя. Гастролі былі няўдалымі. Адной з прычын было тое, што за год у тэатры змянілася 6 рэжысёраў. У пачатку 1949 г. камітэт па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР вырашыў аб’яднаць Брэсцкі і Магілёўскі драмтэатры ў адзін калектыў, які ўзначаліў А. Міронаў. У трупу Брэсцкага тэатра ўліліся артысты апошняга калектыву, выканаўцы з іншых тэатраў.
Тагачасны тэатр у Брэсце вызначала героіка-рамантычная тэматыка, якая прадстаўлялася пастаноўкамі па п’есах «Маладая гвардыя» Фадзеева, «Ірынка» Чорнага, «Як гартавалася сталь» Астроўскага, «Канстанцін Заслонаў» Маўзона, «Авадзень[ru]» Войніч і іншыя. Шырока ставілася класіка.
Пасля XX з’езда КПСС у рэпертуары тэатра з’яўляюцца п’есы, у якіх акцёры імкнуліся асэнсаваць недалёкае гістарычнае мінулае. Да такіх можна аднесці п’есу У. Козела «Кветка шчасця». У гэты перыяд ставяць у тэатры спектаклі па творах А. Арбузава, В. Розава, А. Галіча, Я. Шварца і іншых.
У гэты перыяд тэатр у сваёй працы працягвае звяртацца да ваеннай тэматыкі, беларускай драматургіі, рускай і замежнай класікі. У атмасферы аднаўлення ленінскага стылю кіраўніцтва вялікую цікавасць выклікала асоба правадыра і кожны тэатр імкнуўся паставіць спектакль адпаведнай тэматыкі.
У 1956 г. тэатр перабраўся ў памяшканне па вул. Вароўскага, 13, але ў ліпені 1957 г. будынак быў у аварыйным становішчы. Другая палова 1950-х гадоў была не вельмі ўдалай у творчым жыцці тэатра. Часта змяняліся рэжысёры, пагоршылася якасць спектакляў, мяняліся кадры, збяднеў рэпертуар. На рэспубліканскім тэатральным фестывалі ў 1957 г., прысвечаным 40-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, Брэсцкі тэатр быў на апошнім месцы.
З 1963 г. да 1968 г. пры тэатры працавала група лялечнікаў, на базе якой быў утвораны асобны тэатр лялек.
Перабудова, якая пачалася ў краіне ў сярэдзіне 1980-х, закранула ўсе сферы жыцця грамадства, у тым ліку і тэатральную. У 1991 г. калектыў тэатра прыняў рашэнне адмовіцца ад імя ЛКСМБ (потым імя было вернута) і стаў абласным тэатрам драмы. З 1989 да 1995 г. будынак тэатра знаходзіўся на рэканструкцыі.
З 1995 г. тэатр мае назву «Абласны тэатр драмы і музыкі». У яго складзе з’явіўся сімфанічны аркестр. Узначальвае абласны тэатр А. Козак.
У 2005 тэатру прысвоена званне «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». У 2011 — статус акадэмічнага.
З 1996 года тэатр з’яўляецца арганізатарам міжнароднага фестывалю «Белая вежа».