Намагаўся сілай ліквідаваць рух сваіх праціўнікаў («рэспубліканцаў»). 15 кастрычніка 1700 года яго войска напала на атрад шляхты пад Ашмянамі і разбіла яго. У Алькеніцкай бітве 18 лістапада 1700 года яго армія разбіта, паранены, ён уцёк у Курляндыю. У сакавіку 1702 перайшоў на бок шведскага караля Карла XII і ўдзельнічаў у яго кампаніі ў Польшчы. На сойме 1703 пазбаўлены сваіх пасад і тытулаў. Удзельнічаў у Варшаўскай канфедэрацыі 1704, якая дэтранізавала Аўгуста II. Новы кароль Станіслаў Ляшчынскі ў 1705 вярнуў яму пасаду падскарбія вялікага. Далучыўся да войска Ляшчынскага, з якім удзельнічаў у паходзе на Беларусь у 1706, потым у маршы шведскай арміі ў Саксонію.