Рэгулярны парк (або сад; таксама французскі або геаметрычны парк; часам таксама «сад у рэгулярным стылі») — парк, які мае па-геаметрычнаму правільную планіроўку, звычайна з выяўленай сіметрычнасцю і рэгулярнасцю кампазіцыі. Характарызуецца прамымі алеямі, якія з'яўляюцца восямі сіметрыі, кветнікамі, партэрамі і басейнамі правільнай формы, стрыжкай дрэў і хмызнякоў з наданнем пасадкам разнастайных геаметрычных форм.
Уладкаванне паркаў у рэгулярным стылі дасягнула найвышэйшага піка ў Францыі ў эпоху барока (XVII—XVIII стагоддзі), прыкладам чаго з'яўляюцца сады Версаля, створаныя для Людовіка XIV ландшафтным архітэктарам Андрэ Ленотрам. Моду на рэгулярныя паркі хутка перанялі ў іншых краінах Еўропы[1]; адсюль распаўсюджаная назва рэгулярных садоў як «французскіх» (фр.: jardin à la française). Аднак яна гістарычна недакладная — рэгулярныя сады ўзніклі ў Італіі ў Эпоху Адраджэння, а найбольшай выдасканаленасці дасягнулі ў Англіі ў XIX стагоддзі, дзе стала практыкавацца стрыжка пасадак у складаных і экзатычных формах (у выглядзе жывёл, птушак, грыбоў, спіраляў і г. д.; гл. Тапіяр).[2]