Гісто́рыя Эсто́ніі — падзеі на тэрыторыі сучаснай Эстоніі з моманту пачатку рассялення там людзей і да сённяшняга дня.
Першыя чалавечыя паселішчы ўзніклі на гэтай тэрыторыі прыкладна за 9500—9600 гадоў да нашай эры ў рамках, так званай, кундскай культуры. Да X—XIII стагоддзяў склалася раннефеадальная структура грамадства, дзе на чале зямель стаялі старэйшыны і правадыры ваенных дружын[⇨].
У XIII стагоддзі крыжакі, задушыўшы супраціўленне эстаў, уключылі гэтыя землі ў склад Лівонскага ордэна. З гэтага часу немцы на працягу некалькіх стагоддзяў займалі ў Эстоніі ключавыя пазіцыі ва ўладных структурах, культуры, эканоміцы і г. д. У XVI стагоддзі Эстонія прайшла эпоху Рэфармацыі, таму з гэтага часу асноўнай рэлігійнай канфесіяй на яе тэрыторыі стала пратэстанцтва[⇨]. У тым жа стагоддзі паводле вынікаў Лівонскай вайны паўночная Эстонія ўвайшла ў склад Швецыі, а яшчэ праз паўстагоддзя таксама ў Швецыю была ўключана і паўднёвая Эстонія[⇨].
У I тысячагоддзі да н.э. насельніцтва тэрыторыі цяперашняй Эстоніі перайшло да аселага ладу жыцця і пачало будаваць першыя ўмацаваныя паселішчы. Найбольш вядомыя з іх — Асва і Рыдала на востраве Саарэмаа і Іру пад Талінам. З сярэдзіны I тысячагоддзя да н.э. развіваюцца сухапутныя і марскія кантакты з суседзямі. Гэты перыяд вядомы ў археалогіі як культура каменных могільнікаў[ru][7]. У першыя стагоддзі нашай эры асновай гаспадаркі становіцца земляробства, у другой палове I тысячагоддзя шырокае распаўсюджанне атрымала ворыўнае земляробства з выкарыстаннем быдла ў якасці цяглавой сілы[8].
Назва «Эстонія» можа паходзіць ад слова «Aestii», якое ўпершыню згадваецца рымскім гісторыкам Тацытам у 98 годзе н.э. у трактаце «Пра паходжанне германцаў і месцазнаходжанне Германіі»[9][10]. Так, паводле яго слоў, германцы называлі народы, якія жылі на паўночны ўсход ад ракі Віслы. Палітолаг Рэйн Таагепера[en] адзначае, што эстонцы з’яўляюцца карэнным народам, якія на працягу некалькіх тысячагоддзяў пражываў на гэтай зямлі[11]. Эстонская мова паводле паходжання адносіцца да фіна-ўгорскай групы[12], плямёны-носьбіты гэтых моў з’явіліся на тэрыторыі цяперашняй Эстоніі ў выніку міграцыі з усходу і поўначы прыкладна ў 3300-3200 гадах да н.э.[13]
XI стагоддзе стала пераломным момантам у характары засялення Эстоніі: мноства старых гарадзішчаў-паселішчаў было закінута, але былі пабудаваны новыя і больш магутныя. Узраслі колькасць насельніцтва і плошчы земляробства. Да канца жалезнага веку сфарміравалася сістэма адміністрацыйнага падзелу. Асноўнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай у старажытнай Эстоніі былі кіхельканды, якіх налічвалася агулам каля 45. Яны складаліся з вакавых акруг, у якія ўваходзілі ад некалькіх дзясяткаў да сотні сяліб (сямейных фермаў). Кіхельканды аб’ядноўваліся ў мааканды. Да пачатку XIII стагоддзя іх было восем: Вірумаа, Ляанемаа, Равала, Саарэмаа, Сакала, Угандзі, Хар’юмаа, Ярвамаа[14][15]. Асноўнай сацыяльна-эканамічнай адзінкай была сямейная ферма[16]. Да X—XIII стагоддзяў склалася раннефеадальная структура грамадства, дзе на чале зямель стаялі старэйшыны і правадыры ваенных дружын[17]. Культура гэтага перыяду знайшла адлюстраванне ў эпасе Калевіпаэг[12].
Каля 1030 года адбыўся паход князя Яраслава Мудрага ў эстонскія землі. Вынікам паходу было заснаванне горада Юр’еў (Тарту). У 1061 годзе мясцовыя плямёны адбілі горад[18]. У далейшым эсты з аднаго боку і пскавіцяне з наўгародцамі з іншага здзяйснялі да пачатку XIII стагоддзя ўзаемныя набегі[19][20]. Аналагічныя канфлікты адбываліся ў эстаў са скандынаўскімі вікінгамі з IX стагоддзя[12][6].
Хрысціянства прыйшло ў Эстонію значна пазней, чым у іншыя краіны Еўропы. Спачатку на гэтай тэрыторыі з'явіліся місіянеры, затым пачалася ваенная экспансія, якую падтрымлівалі разрозненыя сілы: папская курыя, Гамбургска-Брэменскія архібіскупы, Тэўтонскі ордэн, Дацкае і Шведскае каралеўствы. Першыя спробы папскіх місіянераў перавярнуць эстаў у хрысціянства пачаліся ўжо ў 1170-я гады, але поспеху не мелі[22].
У 1219 годзе дацкі кароль Вальдэмар II заваяваў Паўночную Эстонію, перамогшы эстаў у бітве пры Лінданісэ. Нямецкі Ордэн мечнікаў заваяваў Паўднёвую Эстонію да 1224 года і востраў Саарэмаа (Эзэль) да 1227 года. У выніку, гэтыя землі трапілі пад уладу Лівонскага ордэна[12]. Фарміраванне новай адміністрацыйнай сістэмы на заваяваных землях працягвалася да канца XIII стагоддзя[22]. Асноўнымі прычынамі паражэння сталі колькасная і ваенна-тэхнічная перавагі праціўніка, а таксама адсутнасць цэнтралізаванай палітычнай улады ў эстаў[26][27].
На заваяваных ордэнам землях былі створаны Эзэль-Вікскае (Саарэ-Ляэнескае) і Дэрпцкае (Тартускае) біскупствы. Паўночная частка Эстоніі ўваходзіла ў склад дацкага каралеўства[12]. У 1240 годзе дацкі кароль дараваў землі для стварэння Талінскага біскупства. Пасля пераўтварэння Рыжскага біскупства ў архібіскупства ў 1251 годзе Дэрпцкае і Эзэль-Вікскае біскупствы перайшлі ў падпарадкаванне да Рыжскага архібіскупа. Талінскі біскуп падпарадкоўваўся архібіскупу Лунда і свецкай улады на сваёй тэрыторыі не меў[22].
У рэгіёне была сфарміравана феадальная сістэма. Феадаламі былі нямецкія рыцары, біскупы і нешматлікія эстонскія старэйшыны, якія хутка анямечыліся. Правы сялян паслядоўна абмяжоўваліся ажно да ўвядзення прыгоннага права к XVI стагоддзю[32][31]. У 1550 годзе натуральныя падаткі дасягнулі 25 %, а першы выпадак продажу селяніна асобна ад зямлі датуецца 1495 годам[33].
Уся адміністрацыйная і судовая ўлада знаходзілася ў руках нямецкіх магістратаў. У гарадах утварыліся купецкія гільдыі і цэхі рамеснікаў. Рэваль, Дэрпт, Пернау і Фелін уваходзілі ў Ганзейскі саюз. Самі ж эстонцы, якія складалі каля 80 % насельніцтва, заставаліся сялянамі і не мелі асабістай свабоды да скасавання прыгоннага права ў 1816—1819 гадах[32]. У XIV стагоддзі існавалі істотныя рознагалоссі паміж буйнымі феадаламі Лівоніі, якія прыводзілі да ўзброеных сутыкненняў[34]. У XV стагоддзі адбылася кансалідацыя саслоўяў і ўрэгуляванне адносін паміж імі[35].
Архітэктурнае аблічча гарадоў, асабліва Таліна (у розныя часы называўся таксама Калывань, Лінданісэ і Рэвель[36]) з яго сярэдневяковай готыкай, фарміравалася пад моцным уплывам заходняй і паўночнаеўрапейскай («ганзейскай») архітэктуры. Насельніцтва Эстоніі ў 1550 годзе склала каля 250 тысяч чалавек, з якіх прынамсі 6 % жылі ў гарадах, у тым ліку 8000 у Таліне і 6000 у Тарту[33] Гарады Эстоніі адыгрывалі істотную ролю ў гандлі паміж рускімі гарадамі і Захадам[37]. Першая ў Эстоніі бібліятэка была заснавана ў Таліне ў 1552 годзе[38].
Існуюць рознагалоссі наконт дачынення каталіцкай царквы да эстонскага насельніцтва. Энцыклапедыя «Кругасвет» піша, што «каталіцкая вера мела слабае распаўсюджанне сярод эстонцаў, бо царква не праяўляла цікавасці да іх мовы і культуры»[32]. Энцыклапедыя «Эстоніка», насупраць, сцвярджае, што «каталіцкая царква, ва ўсякім разе, у гарадах праяўляла вялікую ўвагу да так званых „нянемцаў“ (эстонцаў)». Ва ўсіх талінскіх цэрквах і манастырах, акрамя нямецкай, чыталіся пропаведзі і на эстонскай. Сярод сялян былі распаўсюджаны язычніцкія звычаі, пераплеценыя з каталіцкімі абрадамі. К XVI стагоддзю жыхары Эстоніі сталі карыстацца хрысціянскімі імёнамі, якія прыйшлі на змену старажытным эстонскім[39].
Рух Рэфармацыі, пачатак якой быў пакладзены Марцінам Лютэрам у Германіі (1517 г.), атрымаў шырокае распаўсюджанне на тэрыторыі сучаснай Эстоніі. Асновай Рэфармацыі ў Эстоніі паслужылі эканамічныя супярэчнасці гарадоў як гандлёвых цэнтраў з аднаго боку і Ордэна і рыцарства з другога. Лютэранскія прапаведнікі пачалі сваю рэгулярную дзейнасць у Таліне і Тарту вясною 1524 года. Восенню таго ж года выбухнулі беспарадкі, у якіх гараджане (галоўным чынам просты люд і маладыя купцы) у іканаборстве руйнавалі не толькі прыходскія цэрквы і манастыры, але і жыллё духавенства[40]. У сельскай мясцовасці ўкараненне лютэранства адбывалася значна больш павольна і нават у XVIII стагоддзі сельскія лютэранскія святары скардзіліся на прыхільнасць сваіх вернікаў да каталіцкіх абрадаў[41]. Адным з патрабаванняў Рэфармацыі было правядзенне набажэнства на мовах мясцовых народаў, што стала прычынай выдання ў Германіі першых кніг на эстонскай мове (1525 г. ці 1535 г.)[17][42][37].
Эстонія ў Новы час
Лівонская вайна
У XVI стагоддзі Лівонская канфедэрацыя, Рускае царства, Вялікае Княства Літоўскае, Шведскае і Дацкае каралеўствы ўступілі ў буйны і працяглы канфлікт за тэрыторыі, сярод якіх была і тэрыторыя сучаснай Эстоніі. Гэты канфлікт, які доўжыўся з 1558 па 1583 гады, атрымаў назву Лівонская вайна. Вынікам канфлікту быў распад Лівонскай канфедэрацыі, Эстонія была падзелена паміж Швецыяй і Вялікім Княствам Літоўскім, праз паўстагоддзя Паўднёвая Эстонія таксама была перададзена Швецыі[17][43].
Да пачатку Лівонскай вайны (1558—1583 гг.) насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Эстоніі складала ад 250 000 да 300 000 чалавек. На пачатковым этапе вайны Лівонская канфедэрацыя апынулася не ў стане супрацьстаяць рускім войскам, была хутка разгромлена і ўжо ў 1561 годзе спыніла існаванне, перадаўшы свае землі ВКЛ. Акрамя таго, у 1559 годзе Данія купіла востраў Эзэль і частку тэрыторыі сучаснай заходняй Эстоніі. Дацкі кароль аддаў гэтыя землі ў валоданне герцага Магнуса Гольштэйна. Аднак знайшліся і іншыя прэтэндэнты на «лівонскую спадчыну». Рэвель у 1561 годзе добраахвотна прыняў пратэкцыю Швецыі, і адначасова шведскае падданства прыняло рыцарства Хар’юмаа, Ярвамаа і Вірумаа. У 1561 годзе тэрыторыя Дэрпцкага біскупства была захоплена войскамі Рускага царства[44].
У 1561 годзе шведская армія высадзілася ў Рэвелі і ўзяла пад кантроль паўночную частку сярэдневяковай Лівоніі. Не прызнаючы шведскіх захопаў, Данія і Рэч Паспалітая (да якіх далучыўся і Вольны горад Любек) у 1563 годзе пачалі супраць шведаў — гэтак званую, Скандынаўскую сямігадовую вайну, якая працягвалася да 1570 года. У выніку кааліцыі не ўдалося адняць шведскія ўладанні ў Эстляндыі.
У 1570 годзе на землях Лівонскай канфедэрацыі цар Іван IV Грозны стварыў Лівонскае каралеўства на чале з дацкім прынцам, герцагам Магнусам — васалам Рускага царства. Падчас Лівонскай вайны рускія войскі двойчы бралі ў аблогу Рэвель (у 1570 г. і ў 1577 годзе), але ўзяць не змаглі. Да моманту заканчэння Лівонскай вайны насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Эстоніі скарацілася да 120—140 тыс. чалавек. Расія саступіла ўсе захопленыя ў Лівоніі тэрыторыі Рэчы Паспалітай (дагавор падпісаны ў 1582 годзе) і Швецыі (дагаворы 1583 і 1595 гадоў)[42].
Падзел тэрыторыі
З моманту раздзела Лівоніі паміж ВКЛ і Швецыяй і да пачатку XX стагоддзя Эстляндыяй (эст.: Eestimaa) называлі толькі паўночную частку сучаснай тэрыторыі краіны, паўднёвая ж называлася Ліфляндыяй[45].
Напачатку XVII стагоддзя барацьба за Прыбалтыку паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай працягнулася. Па ўмовах Альтмаркскага перамір'я1629 года, якое завяршыла яе, да Швецыі адышла цалкам уся Ліфляндыя (уключала сучасную паўднёвую Эстонію і паўночную Латвію). Пасля паражэння ў вайне 1643—1645 гадоў Данія саступіла кантроль над Эзэлем, у выніку чаго Швецыя авалодала ўсёй сучаснай тэрыторыяй Эстоніі[17][44][42].
Шведскае панаванне аспрэчвалася Рэччу Паспалітай у вайне 1654—1660 гадоў і Рускім царствам у вайне 1656—1658 гадоў, але Швецыя захавала свае пазіцыі ў Эстляндыі да канца стагоддзя. Насельніцтва Эстляндыі аднавілася да 400 000 чалавек. Немцы, якія страцілі палітычную ўладу, заставаліся кіруючым сацыяльна-эканамічным класам[42]. На тэрыторыі Эстоніі былі створаны Эстляндская і Ліфляндская губерні[46].
Сферай, дзе шведскае кіраванне аказала максімальны ўплыў на Эстонію, была адукацыя. З канца XVII стагоддзя атрымала распаўсюджванне школьнае навучанне на эстонскай мове. У 1632 годзе на 4 гады раней за Гарвард быў заснаваны Дэрпцкі (Тартускі) універсітэт. У 1684 годзе пры падтрымцы шведскай каралеўскай улады каля Дэрпта была адкрыта настаўніцкая семінарыя, дзе выкладаў Бенгт Готфрыд Фарселіус, пашырылася выданне кніг на эстонскай мове[47].
У гады Вялікага Голаду (1695—1697) праз неўрадлівыя гады насельніцтва скарацілася прыблізна на 70 000 чалавек. Найбуйнейшымі з гарадоў былі Талін, Дэрпт, Нарва, Арэнсбург, Пернау, Фелін.
Да XVII стагоддзя асновай эканомікі Эстоніі служыў гандаль. У сілу выгоднага тэрытарыяльнага размяшчэння праз Талін і Нарву праходзілі тавары з Еўропы ў Расію і назад. Рака Нарва забяспечвала сувязь з Расіяй: Псковам, Ноўгарадам, Масквой. Асноўная колькасць арыстакратаў-землеўладальнікаў у Эстоніі складалі немцы і шведы. У 1671 годзе быў прыняты закон, які дазваляў вяртанне беглых сялян, а таксама іх запіс у прыгонных кнігах. У Сярэднявеччы Эстонія з'яўлялася буйным пастаўшчыком збожжа ў паўночныя краіны. Толькі ў XVII стагоддзі пачалася індустрыялізацыя здабыўных галін і дрэваапрацоўкі. Абмеркаванне магчымай адмены прыгоннага права выклікала хваляванне буйных нямецкіх землеўладальнікаў[48].
На тэрыторыі сучаснай паўночнай Эстоніі была ўтворана Рэвельская губерня (з 1783 г. — Эстляндская губерня), а сучасная паўднёвая Эстонія разам з сучаснай паўночнай Латвіяй утварылі Ліфляндскую губерню. Пасля далучэння эстляндскіх земляў да Расійскай імперыі Пётр I аднавіў правы нямецкай арыстакратыі, часткова страчаныя ёй пры шведскім кіраванні[51]. Калі ў Швецыі ўзровень адукацыі нямецкага дваранства лічыўся нармальным, то ў Расіі ён вызнаваўся за вельмі высокі, таму остзейскія немцы сталі кадравым рэзервам вышэйшых чыноўнікаў імперыі. Сяляне ж, насупраць, былі канчаткова запрыгонены[52][53]. У гэты перыяд склаўся, гэтак званы, «остзейскі асобы парадак», якім вызначаліся адносіны паміж дзвюма губернямі і Расійскай імперыяй. За нямецкім дваранствам былі замацаваны адміністрацыйная і судовая ўлады, мясцовай евангелічна-лютэранскай царквы была прадстаўлена поўная свабода нароўні з Рускай праваслаўнай царквой, якая панавала ў імперыі [54].
За час Паўночнай вайны і эпідэміі чумы 1710—1711 гадоў насельніцтва Эстляндыі паменшылася да 150—170 тыс. чалавек, але неўзабаве пачало імкліва расці і да 1765 года дасягнула 400 000 чалавек[25][51]. У 1739 годзе на эстонскай мове была ўпершыню выдадзена Біблія[55]. Да канца XVIII стагоддзя больш за палову эстонскага насельніцтва губерні ўмела чытаць. Да канца XIX стагоддзя пісьменнасць была амаль пагалоўнай[53]. Важны ўплыў на духоўнае развіццё эстонскіх сялян аказалі рэлігійныя рухі піетызму і брацтва гернгутэраў[56], а затым нямецкае Асветніцтва. Дзеячы Асветніцтва крытыкавалі прыгоннае права і выступалі за паляпшэнне сістэмы адукацыі[57].
Да 1790 г. насельніцтва Эстляндскай губерні налічвала каля 500 тыс. чалавек. Вырасла і гарадское насельніцтва (1782 г.): Рэвель — 10 700, Дэрпт — 3400, Нарва — 3000, Пернаў (Пярну) — 2000. У першай палове XIX стагоддзя немцы складалі 40—50 % гараджан, і толькі 20—40 % з'яўляліся эстонцамі. Асноўнай мовай справаводства ў гарадах і на губернскім узроўні была нямецкая[17].
У 1802 годзе зноў адкрыўся заснаваны ў 1632 годзе Дэрпцкі ўніверсітэт, дзверы якога былі закрыты падчас Паўночнай вайны[53]. У тым жа годзе была праведзена рэформа, якая змякчыла прыгоннае права, забяспечыла маёмасныя правы сялян на рухомую маёмасць і стварыла суды для рашэння сялянскіх пытанняў. Скасаванне прыгоннага права ў Эстляндскай губерні ў 1816 г. і ў Ліфляндскай губерні ў 1819 г. стала важным крокам на шляху вызвалення сялян, аднак прайшло яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, перш чым яны атрымалі права набываць зямлю ва ўласнасць[58].
У 1821 годзе пачынае выходзіць «Сялянскі Штотыднёвік» (эст.: "Marahwa Naddala-Leht") пад рэдакцыяй Ота Масінга. У 1838 годзе ў Дэрпце было заснавана «Таварыства навукоўцаў Эстоніі», удзельнікамі якога былі такія навукоўцы, як Фрыдрых Роберт Фельман і Фрыдрых Рэйнхальд Крэйцвальд. У 1843 годзе пастар Эдуард Аарэнс стандартызаваў арфаграфію і граматыку эстонскай мовы на аснове фінскай замест выкарыстанай раней германа-лацінскай мадэлі[59].
Пасля вызвалення сялян іх эканамічнае становішча пагоршылася. Следствам сталі хваляванні, якія выразіліся ў руху за змену спавядання з лютэранства на праваслаўе, якое прынялі дзясяткі тысяч сялян. Гэта стала прычынай правядзення завяршальнай аграрнай рэформы. Закон 1849 года ў Ліфляндыі і 1856 года ў Эстляндыі падзяліў землі маёнткаў і дазволіў прадаваць і здаваць зямлю ў арэнду сялянам[60]. У 1863 годзе сяляне атрымалі дакументы, якія засведчвалі асобу, і права на свабоду перамяшчэння. Да канца XIX стагоддзя больш за 80 % сялян у населеных эстонцамі паўночных паветах Ліфляндскай і звыш 50 % у Эстляндскай губерні з'яўляліся ўладальнікамі ці арандатарамі зямлі, што спрыяльна адбілася на эканоміцы краіны. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1897 года ў Эстоніі пражывалі 958 000 чалавек, з іх эстонцы складалі трохі больш за 90 %, рускія — 4 % і немцы — 3,5 %[17].
З сярэдзіны XIX стагоддзя ў Эстоніі, як і ў астатняй імперыі, пачалося актыўнае развіццё капіталізму. Асноўнай галіной прамысловасці стала тэкстыльная вытворчасць, расло машынабудаванне, узнікла цэментавая прамысловасць[61]. Але галоўным чынам Эстонія заставалася аграрнай краінай да сярэдзіны XX стагоддзя.
Аграрныя рэформы і развіццё сістэмы адукацыі пры імператары Аляксандры II спрыялі зараджэнню эстонскага нацыянальнага руху[32]. Яскравым прадстаўніком такога руху стаў Якаб Хурт (1839—1906 гг.) — заснавальнік нацыянальнай ідэалогіі, які лічыў, што місія руху павінна быць культурнай, а не палітычнай. Больш радыкальны кірунак узначальваўся Карлам Робертам Якабсанам (1841—1882 гг.) — педагогам, пісьменнікам, журналістам, заснавальнікам першай палітычнай эстонскай газеты «Са́кала» (эст.: Sakala). Сфармуляваная ім палітычная праграма патрабавала роўных правоў для немцаў і эстонцаў. Ён адзначаўся расійскім урадам як галоўны праціўнік балтыйскіх немцаў у Эстляндскай губерні[62]. Ёхан Вольдэмар Янсен у 1857 годзе ўпершыню выкарыстаў у якасці назвы словазлучэнне «эстонскі народ» (эст.: eesti rahvas), замест ранейшага — «народ зямлі» (эст.: maarahvas)[63].
Таварыства эстонскіх пісьменнікаў (1872—1893 гг.), заснаванае ў Дэрпце, якое аб'ядноўвала эстонскіх інтэлектуалаў, арганізавала збор фальклору і этнаграфічных матэрыялаў і іх публікацыю на эстонскай мове. З 1870 года пачаў дзейнічаць першы эстонскі тэатр — «Ванемуйнэ». У 1869 годзе было арганізавана першае Пеўчае свята — фестываль песні, які сабраў больш за тысячу спевакоў і музыкантаў і аўдыторыю звыш за 12 тыс. чалавек. Гэты фестываль, які праходзіць кожныя 4 гады, і сёння з'яўляецца адной з самых вядомых традыцый Эстоніі[63].
У канцы XIX стагоддзя, з прычыны ўзмацнення Германіі, царскі ўрад пачаў праводзіць палітыку зніжэння нямецкага ўплыву, названую палітыкай русіфікацыі[64]. У 1882—1883 гадах расійскі сенатар Мікалай Манасеін арганізаваў рэвізію ў прыбалтыйскіх губернях. Рэвізія паказала, што остзейскія немцы дагэтуль пануюць у адміністрацыйных органах, эканамічнай і палітычнай сферах. Былі праведзены рэформы, пасля якіх практычна ўся адміністрацыйная ўлада была сканцэнтравана ў руках рускіх. У 1888 годзе па агульнаімперскім узоры была рэарганізавана мясцовая паліцыя, у 1889 годзе ў Прыбалтыцы была ўведзена агульнаруская судовая сістэма. На мяжы 80-х і 90-х гадоў быў прыняты шэраг захадаў па выцясненні нямецкага ўплыву з адукацыйнай сферы, у прыватнасці, быў русіфікаваны Дэрпцкі ўніверсітэт (у 1893 годзе пераназваны ў Юр'еўскі ўніверсітэт). Але рэформы так і не былі завершаны: большасць чыноўнікаў не была знаёма з мясцовымі ўмовамі і не ведала эстонскай мовы. Такім чынам, уплыў остзейскіх немцаў застаўся нязменным ажно да 1917 года[65].
У 1897 годзе насельніцтва Эстляндскай губерні і паўночных паветаў Ліфляндскай губерні (з пераважным эстонскім насельніцтвам) склала 958 тыс. чалавек: 90 % — эстонцы, каля 4 % — рускія і 3,5 % — остзейскія немцы. Каля 65 % насельніцтва былі заняты ў сельскай гаспадарцы, 14 % працавалі ў індустрыяльным сектары і будаўніцтве, каля 14 % былі заняты на транспарце і ў сферы абслугоўвання. Працэнт эстонцаў у Рэвелі вырас з 51,8 % у 1867 годзе да 88,7 % у 1897 годзе[53]. Балтыйскія немцы і рускія заставаліся інтэлектуальнай, эканамічнай і палітычнай элітамі грамадства; сяляне і рабочыя былі пераважна эстонцамі[65].
Пад уплывам рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі ў 1905 годзе ў Эстляндскай губерні пракацілася хваля масавых страйкаў і сялянскіх хваляванняў. Эстонская нацыянальная буржуазія выступіла з патрабаваннем правядзення ліберальных рэформаў. Урад імперыі адказаў жорсткімі рэпрэсіямі: 328 эстонцаў былі расстраляныя ці павешаны, лідары беглі за мяжу[68]. Арганізаваныя выступленні рабочых аднавіліся ў 1912 г., прычым асабліва моцна з 1916 г.[69]
Рэвалюцыя 1917 года і стварэнне Эстонскай Рэспублікі
Падчас Лютаўскай рэвалюцыі2 (15) сакавіка1917 года органы дзяржаўнай улады Расійскай імперыі ў Рэвелі спынілі сваё існаванне. Часовы ўрад Расіі прызначыў камісарам Эстляндскай губерні рэвельскага гарадскога галавуЯана Поску[70]. Часовы ўрад выдаў пастанову «Аб часавай арганізацыі адміністрацыйнага кіравання і мясцовага самакіравання Эстляндскай губерні», паводле якога ў склад Эстляндскай губерні былі ўключаны паўночныя паветы Ліфляндскай губерні з эстонскім насельніцтвам і ствараўся дарадчы орган пры губернскім камісары — Часовы Земскі Савет Эстляндскай губерні. Задачай Земскага савета было рашэнне мясцовых пытанняў, увядзенне падаткаў і нормаў, а таксама распрацоўка законапраектаў[71].
У кастрычніку—лістападзе 1917 года ў Эстоніі ішла барацьба паміж бальшавікамі, якія ўтварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Эстляндскай губерні, і Земскім саветам. Бальшавікі абвясцілі вярхоўным органам улады Выканаўчы камітэт Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Эстляндскай губерні і апублікавалі праект канстытуцыі Эстляндскай рабочай камуны, у якім будучая Эстонская савецкая рэспубліка абвяшчалася аўтаномнай часткай Расійскай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі[75].
21—22 студзеня (3—4 лютага) 1918 года былі праведзены выбары ў Эстонскі Устаноўчы сход, у выніку якіх першае месца заняла РСДРП(б), атрымаўшы 37,1 % галасоў[76]. Устаноўчы сход меркавалася адкрыць 15 лютага1918 года, але савецкія ўлады 27 студзеня (9 лютага) адмянілі гэта рашэнне[77].
Германская акупацыя і абвяшчэнне незалежнасці
18—20 лютага 1918 года войскі 8-й германскай арміі і Паўночнага армейскага корпуса пачалі наступ у бок Рэвеля.
Да 4 сакавіка ўсе эстонскія землі былі цалкам акупаваны немцамі. Паводле Брэсцкага міру РСФСР адмовілася ад сваіх правоў на акупаваныя Германіяй вобласці Прыбалтыкі. Германскія акупацыйныя ўлады не прызналі незалежнасці Эстоніі і ўсталявалі ў краі ваенна-акупацыйны рэжым, пры якім на ключавыя адміністрацыйныя пасады прызначаліся афіцэры германскай арміі або остзейскія немцы. У красавіку 1918 года пры падтрымцы акупацыйных улад былі скліканы Эстляндскі і Ліфляндскі ландэсраты (якія складаліся галоўным чынам з остзейскіх немцаў), а затым (12 красавіка) — аб'яднаны Балтыйскі ландэсрат[79]. Ландэсрат прыняў рашэнне аб стварэнні на тэрыторыі Эстляндскай і Ліфляндскай губерняў Балтыйскага герцагства. 22 верасня1918 года імператар Вільгельм II падпісаў дзяржаўны акт аб прызнанні Балтыйскага герцагства незалежнай дзяржавай. Афіцыйнае абвяшчэнне новай дзяржавы адбылося 17 кастрычніка[80].
Увосень 1918 года ў Германіі пачалася рэвалюцыя, якая прывяла 9 лістапада да звяржэння манархіі. 11 лістапада 1918 года паміж ваюючымі краінамі было падпісана Камп'енскае перамір'е, якое адзначыла заканчэнне Першай сусветнай вайны. У адпаведнасці з умовамі перамір'я Германія была абавязана вывесці войскі з усіх акупаваных тэрыторый.
29 лістапада 1918 года часці савецкай 7-й арміі, у тым ліку і чырвоныя эстонскія палкі, занялі Нарву, дзе ў той жа дзень была абвешчана Эстляндская працоўная камуна. Урад РСФСР дэкрэтам ад 7 снежня 1918 года прызнаў незалежнасць Эстляндскай працоўнай камуны. 5—7 снежня савецкія войскі аднавілі наступ. Да студзеня 1919 г. Чырвоная Армія заняла дзве траціны тэрыторыі краіны і стаяла ў 35 кіламетрах ад Таліна[82].
Дагэтуль Часоваму ўраду ўдалося стварыць умовы для пералому ў вайне. На баку Эстоніі выступілі брытанскі флот у Фінскім заліве і замежныя добраахвотнікі са Швецыі і Фінляндыі. Эстонскаму камандаванню быў падпарадкаваны Асаблівы Пскоўскі Добраахвотніцкі корпусБелай арміі. 23 снежня галоўнакамандуючым эстонскімі войскамі быў прызначаны палкоўнік Ёхан Лайданер. У эстонскую армію ўступілі 2132 афіцэры былой царскай арміі эстонскага паходжання[83]. 7 студзеня1919 года эстонскія войскі перайшлі ў наступ і выцеснілі па-за межы Эстоніі Чырвоную армію[82].
У маі 1919 года супрацьстаянне Эстоніі і РСФСР перайшло ў новую фазу. Войскі белых, якія знаходзіліся на тэрыторыі Эстоніі і былі падпарадкаваны эстонскаму галоўнакамандаванню, сумесна з эстонскімі войскамі правялі два наступы на Петраград. Эстонская армія прыняла ўдзел і ў баях у пскоўскім кірунку ў маі 1919 года, авалодаўшы 25 мая Псковам[84]. Наступ на Петраград скончыўся няўдачай, таму Паўночна-Заходняя армія пад камандаваннем генерала Юдзеніча была вымушана ў лістападзе 1919 года адступіць на тэрыторыю Эстоніі, дзе была інтэрнавана[85].
Важнай падзеяй 1919 года ў гісторыі барацьбы за незалежнасць стала перамога 3-й дывізіі эстонскай арміі пад камандаваннем генерал-маёра Эрнэста Пыдэра над атрадамі Прыбалтыйскага ландэсвера пад латвійскім горадам Цэсіс (эстонская назва — Выну). Гэта дасягненне з'яўлялася адной з перамог у паходзе эстонскай арміі на Рыгу, які адбываўся 20 чэрвеня — 3 ліпеня 1919 года, у выніку якога з латвійскай сталіцы былі выцеснены ўзброеныя прагерманскія фарміраванні Андрыеўса Ніедры і адноўлены ўрад Латвійскай Рэспублікі на чале з Карлісам Улманісам. З 1934 года гадавіна «Бітвы пад Выну» (23 чэрвеня 1919 года) адзначаецца як Дзень Перамогі і з'яўляецца эстонскім дзяржаўным святам[82].
15 чэрвеня 1920 года Устаноўчы сход адобрыў праект першай Канстытуцыі Эстонскай Рэспублікі. У дзяржаве быў уведзены фармальны прынцып раздзелу ўлад, але насамрэч урад падпарадкоўваўся парламенту. Парламент таксама прызначаў суддзяў. Гэта ў спалучэнні з моцнымі інструментамі прамога народнага волевыяўлення ў выглядзе рэферэндумаў прывяло да дысбалансу ўлад і надзвычайнай нестабільнасці ўрада[86][87][88]. З 1920 г. па 1934 г. змяніліся 23 урады[89].
У снежні 1924 года эстонскімі камуністамі пры падтрымцы і садзейнічанні СССР была прадпрынятая спроба ўзброенага паўстання, якая правалілася праз абыякавасць рабочых і падтрымку ўрада арміяй[91]. Пасля гэтага кампартыя была забаронена, а камуністы страцілі істотную частку свайго палітычнага ўплыву на эстонскае грамадства[88].
Росту эканомікі дала імпульс зямельная рэформа: канфіскаваныя буйныя землеўладанні остзейскіх немцаў былі перададзены малазямельным хутаранцам і ветэранам Вызваленчай вайны[92]. Пасля эканамічнага спаду 1923—1924 гадоў міністр фінансаў Ота Штрандман ініцыяваў новую эканамічную палітыку, накіраваную на развіццё экспарту. Аднак падчас сусветнага эканамічнага крызісу (1929—1933 гг.) кошты на эстонскія экспартныя тавары рэзка знізіліся. У 1928 годзе была праведзена грашовая рэформа і марка была заменена на крону, курс якой быў прывязаны да англійскага фунта стэрлінгаў[93]. У 1929 годзе было падпісана гандлёвае пагадненне, а 4 жніўня1932 года — пакт аб ненападзе паміж Эстонскай Рэспублікай і Савецкім Саюзам[94][95].
Падчас сусветнага эканамічнага крызісу ў Эстоніі на палітычную сцэну выйшла праварадыкальная Ліга ветэранаў Вызваленчай вайны (эст.: Vabadussõjalaste Liit), скарочана «вапсы» (эст.: vapsid). У 1933 годзе канстытуцыйны рэферэндум падтрымаў прапанаваныя «вапсамі» змены — абмежаванне заканадаўчай улады парламента, памяншэнне колькасці парламентарыяў са 100 да 50 і ўзмацненне ўлады прэзідэнта, ажно да магчымасці накладання прэзідэнтам вета на рашэнні парламента, увядзенне прамых выбараў прэзідэнта[96].
Другая Канстытуцыя набыла моц у студзені 1934 года. Парламенцкая форма кіравання была ліквідавана, улада перайшла ў рукі кіраўніка дзяржавы Канстанціна Пятса. Асцерагаючыся непазбежнай перамогі партыі «вапсаў» на будучых выбарах і карыстаючыся прадстаўленымі новай канстытуцыяй амаль дыктатарскімі паўнамоцтвамі, 12 сакавіка1934 года ён сумесна з Ёханам Лайданерам, які зноў узначаліў эстонскую армію, здзейсніў дзяржаўны пераварот. У выніку ваеннага перавароту было ўсталявана аўтарытарнае кіраванне і абвешчана надзвычайнае становішча. Пятс быў абвешчаны Дзяржаўным Пратэктарам Эстоніі (эст.: Riigihoidja), Ліга ветэранаў была забаронена, каля 400 членаў гэтай арганізацыі былі арыштаваны, выбары адменены, паўнамоцтвы парламента 5-га склікання, які ўхваліў дзеянні Пятса і Лайданера, былі падоўжаны. Нягледзячы на гэта, у кастрычніку 1934 года парламент быў распушчаны[97].
Распачаты перыяд, празваны «эпохай бязмоўя», характарызаваўся згортваннем парламенцкай дэмакратыі, аўтарытарным кіраваннем і ўзмацненнем эстонскага нацыяналізму. Краінай фактычна кіраваў трыумвірат, які складаўся з прэзідэнта (Канстанцін Пятс), галоўнакамандуючага арміяй (Ёхан Лайданер) і міністра ўнутраных спраў (Каарэл Ээнпалу). У сакавіку 1935 года ў Эстоніі была ўведзена аднапартыйная сістэма[98].
Разам з тым эканоміка краіны, асабліва яе прамысловасць, перажыла перыяд бурнага росту. Вялікае значэнне для эканомікі краіны мелі тэкстыльная, хімічная і харчовая прамысловасць, металаапрацоўка, дрэваапрацоўка, вытворчасць паперы, здабыча торфу і фасфарытаў. Была развіта сельская гаспадарка. У некаторых галінах прамысловасці дамінаваў замежны капітал. Галоўнымі гандлёвымі партнёрамі былі Вялікабрытанія і Германія. Доля СССР у замежнагандлёвым абароце да канца 1930-х прыкметна скарацілася. Эстонія экспартавала мясныя прадукты, масла, рыбу, яйкі, тэкстыльныя тавары, паперу, цэлюлозу, фанеру, сланцавае масла і бензін, цэмент і шкло; імпартаваліся прамысловая прадукцыя і сыравіна. Асаблівасцю эканомікі Эстоніі 1930-х гадоў стала развіццё кааператыўнага руху. У сувязі з павышэннем узроўню жыцця рэжым Пятса атрымаў падтрымку большасці насельніцтва[97].
У 1937 годзе скліканы Пятсам Нацыянальны сход (эст.: Rahvuskogu) ухваліў трэцюю Канстытуцыю Эстонскай Рэспублікі, заснаваную на прапановах кіраўніка дзяржавы. Канстытуцыя набыла моц 1 студзеня1938 года. Апазіцыя байкатавала гэты акт.
У адпаведнасці з новай Канстытуцыяй, кіраўніком дзяржавы станавіўся прэзідэнт, якія выбіраўся на 6 гадоў. Прэзідэнт атрымліваў уладу распускаць урад і накладваць вета на рашэнні парламента. Пагатоў, прэзідэнт атрымаў і заканадаўчыя паўнамоцтвы: у перыяд паміж сесіямі парламента і ў выпадку «дзяржаўнай неабходнасці» ён мог асабіста выдаваць законы ў выглядзе прэзідэнцкіх дэкрэтаў (Пятс шырока выкарыстоўваў гэту магчымасць яшчэ да прыняцця Канстытуцыі). У новай Канстытуцыі захоўваліся ўсе асноўныя грамадзянскія правы, але заставалася магчымасць абмежаваць свабоду слова для захавання дзяржаўнай бяспекі і маралі. Выбарчы ўзрост быў павялічаны з 20 да 22 гадоў. Была ўведзена двухпалатная парламенцкая сістэма: Дзяржаўная дума (эст.: Riigivolikogu), члены якой выбіраліся на 5 гадоў, і Дзяржаўны Савет (эст.: Riiginõukogu), які складаўся з 40 членаў, 10 з якіх прызначаліся прэзідэнтам. Такім чынам, Эстонія станавілася не парламенцкай, а прэзідэнцкай рэспублікай. Адным з палажэнняў, якое істотна абмежавала дэмакратыю, стала тое, што рэферэндум, які мог бы змяніць Канстытуцыю, мог адбыцца толькі па рашэнні прэзідэнта. 24 красавіка1938 года парламент абраў Пятса на пасаду прэзідэнта, і ў той жа дзень адбылася яго інаўгурацыя на гэту пасаду[99].
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны і ўварвання армій Германіі і СССР у Польшчу, 24 верасня1939 года міністр замежных спраў СССР Молатаў ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў заключэння пакта аб узаемадапамозе, які таксама «забяспечваў бы Савецкаму Саюзу права мець на тэрыторыі Эстоніі апорныя пункты ці базы для флоту і авіяцыі». Эстонскі ўрад вымушаны быў 28 верасня заключыць такі пакт, які прадугледжваў размяшчэнне на тэрыторыі Эстоніі савецкіх ваенных баз і 25-тысячнага вайсковага кантынгенту[102][103].
16 чэрвеня1940 года Молатаў уручыў эстонскаму паслу ноту, у якой патрабаваў неадкладнага ўводу ў Эстонію дадатковага кантынгенту савецкіх войск колькасцю 90 000 чалавек і звяржэння ўрада, пагражаючы ў адваротным выпадку ваенным уварваннем і акупацыяй Эстоніі. Урад прыняў ультыматум[104]. 17 чэрвеня1940 г. у Талін уступілі савецкія войскі; адначасова на рэйдзе ўсталі караблі Балтыйскага флоту і быў высаджаны марскі дэсант. Савецкія ваенныя прадыктавалі прэзідэнту Эстоніі Пятсу склад новага ўрада на чале з Ёханесам Варэсам (Барбарусам). Фактычна кіраўніцтва краінай ажыццяўлялася пасольствам СССР. Пачаліся арышты і дэпартацыі грамадзян Эстонскай Рэспублікі[105][106][107].
Па распараджэнні савецкага прадстаўніка Жданава былі праведзены пазачарговыя выбары ў парламент. Паводле афіцыйных дадзеных, у іх прынялі ўдзел 591 030 грамадзян, ці 84,1 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За кандыдатаў «Саюза працоўнага народа» (кандыдатаў іншых партый не рэгістравалі[108][109]) прагаласавалі 548 631 чалавек, ці 92,8 % ад колькасці людзей, што прагаласавалі. Выбары прайшлі з парушэннямі дзеючых законаў, у тым ліку Канстытуцыі[105][106][110][111], а вынікі былі фальсіфікаваны[112][113].
21 ліпеня першая сесія парламента новага склікання прыняла рашэнне аб усталяванні ў краіне Савецкай улады і ўтварэнні Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 22 ліпеня была прынята дэкларацыя аб уваходжанні ЭССР у склад СССР. 6 жніўня1940 года VII сесія Вярхоўнага Савета СССР прыняла пастанову аб прыняцці ў склад СССР Эстонскай ССР[114].
Большасць гісторыкаў і палітолагаў характарызуе гэты працэс як акупацыю і анексію[115][116][117]. Паводле афіцыйнай расійскай трактоўкі, увод савецкіх войск нельга называць акупацыяй, паколькі рашэнне аб уваходжанні прыбалтыйскіх краін у склад СССР у 1940 годзе было аформлена юрыдычна карэктна і ўвод войск быў ажыццёўлены ў адпаведнасці з дагаворам паміж Савецкім Саюзам і Эстоніяй. ЗША і шэраг іншых краін гэту анексію прызналі дэ-факта і не прызналі дэ-юрэ[118][119][120][121].
Значная частка эстонцаў успрыняла прыход нямецкай арміі як вызваленне ад савецкай няволі і з запалам падтрымала акупацыйныя ўлады[124], калабарацыянісцкая арганізацыя «Омакайтсэ»[125] аказвала актыўнае садзейнічанне айнзатцкамандзе 1А у знішчэнні яўрэяў[126].
28 жніўня1942 года было абвешчана пра стварэнне Эстонскага легіёна войск СС і пачатак прыёму ў яго добраахвотнікаў. З вясны 1943 года, калі стаў адчувацца недахоп добраахвотнікаў, нямецкія ўлады пачалі праводзіць мабілізацыі. Члены «Омакайтсэ», 3-я эстонская добраахвотніцкая брыгада СС, а таксама паліцэйскія батальёны ўдзельнічалі ў баях з партызанамі, расстрэлах мірнага насельніцтва, рабаваннях, знішчэнні цэлых вёсак у Беларусі і масавай адпраўцы мірнага насельніцтва ў Германію[128].
У нямецкую армію ў 1944 годзе былі мабілізаваны прыкладна 38 тыс. жыхароў Эстоніі. 2 лютага1944 года Чырвоная Армія фарсіравала раку Нарву. На тэрыторыі Эстоніі да канца верасня ішлі цяжкія баі, у якіх удзельнічалі ў тым ліку эстонскія падраздзяленні па абодва бакі фронту.
У сакавіку 1944 года эстонскімі палітыкамі першай рэспублікі быў створаны Нацыянальны Камітэт Эстонскай Рэспублікі на чале з Юры Улуатсам, які спрабаваў сфарміраваць нацыянальны ўрад на чале з Ота Тыіфам. 19 жніўня Юры Улуатс выйшаў у эфір з заклікам прыкласці ўсе сілы для барацьбы з наступаючымі войскамі Чырвонай Арміі.
Баі на Маанзундскіх астравах доўжыліся да канца лістапада. 24 лістапада1944 года была захоплена паўднёвая частка вострава Саарэмаа, у выніку чаго Эстонія зноў была пад кантролем савецкіх войск.
Паводле дадзеных энцыклапедыі «Кругасвет», за час вайны загінулі каля 80 тысяч і эмігравалі 70 тысяч жыхароў Эстоніі[129]. Брытанскія гісторыкі Джон Хайдэн і Патрык Салман пішуць, што Эстонія страціла 5 % даваеннай тэрыторыі і 6 % даваеннага насельніцтва[130].
Па заканчэнні нямецкай акупацыі былі адноўлены органы камуністычнай партыі і савецкай улады на тэрыторыі Эстоніі. У 1944—1950 гг. усе органы мясцовага самакіравання былі распушчаны і паўсюль заменены адміністрацыйнымі органамі на савецкі ўзор[131]. Скончылася нацыяналізацыя, якая распачалася яшчэ да вайны: прыватны сектар у прамысловасці быў ліквідаваны ў 1945 годзе, у гандлі — у 1947 г. З 1947 г. пачалася калектывізацыя сельскай гаспадаркі, пад канец 1950 года ў Эстоніі былі 2213 калгасаў[132]. У 1950 годзе пачалося зліццё малых калгасаў у буйныя сацыялістычныя гаспадаркі. У выніку цэнтралізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці на 1955 год у Эстоніі былі 908 калгасаў і 97 саўгасаў. Колькасць занятых на вытворчасці ўзрасла з 26 тысяч у 1945 г. да 81 тысячы ў 1950 г. Эканоміка Эстоніі ўсё мацней інтэгравалася ў эканоміку СССР праз пастаўкі сыравіны і камплектных вырабаў. Прымусовая калектывізацыя справакавала ўзброенае супраціўленне савецкай уладзе, якое атрымала назву «Лясныя браты» (эст.: metsavennad), супраціўленне дзейнічала да 1953 года[129].
Пасляваенная індустрыялізацыя рэзка змяніла этнічны баланс Эстоніі шляхам маштабнай міграцыі прамысловых рабочых з іншых частак СССР, асабліва з РСФСР. Гэта стала прычынай пагрозы самабытнасці эстонскага народа. Маштабныя інвестыцыі ў спалучэнні з кваліфікаванай працоўнай сілай прывялі да хуткага аднаўлення эканомікі і росту ўзроўню жыцця. Асноўныя высілкі дзяржавы былі накіраваны на аднаўленне апрацоўчай прамысловасці і здабычу гаручых сланцаў на паўночным усходзе краіны[130]. У 1948 годзе ў Кохтла-Ярвэ быў пабудаваны першы ў свеце газасланцавы камбінат[134].
Пасляваенныя рэпрэсіі
Падчас падрыхтоўкі да сакавіцкага пленума Камуністычнай партыі Эстоніі ў 1950 годзе і пасля яго значная частка кіруючых кадраў камуністаў, якая пражывала ў Эстоніі да 1940 года, была знятая са сваіх пасад, а многія з іх былі арыштаваны і рэпрэсаваныя падчас кампаніі па барацьбе з «буржуазным нацыяналізмам». Былы міністр Аўгусцін Хансен(эст.) (бел. быў прысуджаны да смяротнага пакарання, якое адбылося ў 1952 годзе. Кампанія закранула таксама галіну культуры[131][135].
У 1944—1953 гадах у Эстоніі былі рэпрэсаваны, паводле ацэнак эстонскіх гісторыкаў, каля 36 тысяч чалавек, пераважна па абвінавачанні ў калабарацыянізме, а таксама за ўдзел і падтрымку антысавецкіх партызанскіх фарміраванняў, агульная колькасць удзельнікаў якіх разам з памочнікамі складала ад 10 да 30 тысяч чалавек[136][131]. Алена Зубкова прыводзіць лічбу ў 67 470 рэпрэсаваных падчас мерапрыемстваў па ліквідацыі нацыянальнага супраціўлення (1944—1952 гг.)[137]. Джон Хайдэн і Патрык Салман называюць лічбу ў 124 тысячы дэпартаваных, з якіх 80 тысяч былі вывезены толькі ў 1949 годзе[138], але гэтыя лічбы істотна пераўзыходзяць афіцыйныя эстонскія звесткі аб дэпартацыях (агулам крыху больш за 30 тысяч чалавек[131]). Дэпартаваных адпраўлялі галоўным чынам у Краснаярскі край і Новасібірскую вобласць.[139][140]:129. Дэпартацыя эстонскіх сялян была найважнейшым інструментам савецкае палітыкі. Яна пазбаўляла ўзброенае супраціўленне падтрымкі сельскага насельніцтва і ізалявала тых, хто выступаў супраць калектывізацыі[138][141].
Агулам, паводле сучасных ацэнак, Эстонія страціла за часы Другой сусветнай вайны і перыяду рэпрэсій каля 180—200 тыс. чалавек, гэта значыць каля 17,5-20 % насельніцтва[142][143][144][145], у тым ліку зніклі такія нацыянальныя меншасці, як немцы (рэпатрыяваліся ў 1940 годзе), шведы (эмігравалі ў 1943—1944 гг.), і яўрэі[146].
Паслясталінскі перыяд
Эстонія, як і кожная з 15 (спачатку — 16) саюзных рэспублік, мела фармальныя прыкметы дзяржаўнасці, аднак усе ключавыя рашэнні ў жыцці Эстоніі прымаліся цэнтральнай уладай СССР у Маскве. У прыватнасці, у кастрычніку 1944 года ў Маскве было створана Бюро ЦК ВКП(б) па Эстоніі. Да яго роспуску ў 1947 годзе бюро іграла вырашальную ролю ў кіраванні рэспублікай[131]. Палітычная ўлада належала Эстонскай камуністычнай партыяй, якая была тэрытарыяльнай арганізацыяй КПСС. Распарадчую ўладу здзяйсняў Савет Міністраў, а парламент — Вярхоўны Савет ЭССР — не меў фактычна ніякай рэальнай улады[147].
У паслясталінскі перыяд, калі генеральным сакратаром камуністычнай партыі СССР стаў Мікіта Хрушчоў, наступіла палітычная «адліга». У 1956 годзе пачалося вяртанне дэпартаваных[148]. Эстонская камуністычная партыя атрымала некаторую ступень незалежнасці ад Масквы ў кіраванні рэспублікай. Пазней палітыка лібералізацыі была перагледжана. Як адказ на гэта ў Эстоніі ўзнікла палітычнае іншадумства і рух супраць саветызацыі. Гэты рух высоўваў патрабаванні незалежнасці і шырокага выкарыстання эстонскай мовы ў адкуацыі і грамадскім жыцці[129].
За кошт прамысловага росту да 1970 года Эстонія была найбольш урбанізаванай з балтыйскіх рэспублік, 65% насельніцтва жылі ў гарадах[149]. Узровень жыцця ў Эстонскай ССР быў значна вышэйшы за сярэдні па СССР[150].
У другой палове 1970-х актывізаваўся дысідэнцкі рух. У канцы верасня — пачатку кастрычніка 1980 года ў Эстоніі прайшлі антысавецкія студэнцкія хваляванні, задушаныя праваахоўнымі органамі. 28 кастрычніка гэтага ж года быў апублікаваны «Ліст 40»(англ.) (бел. — маніфест супраць саветызацыі, падпісаны 40 вядомымі эстонскімі інтэлектуаламі[129][151].
У 1975 годзе лідары краін Еўропы, ЗША і Канады падпісалі ў ХельсінкіЗаключны акт НБСЭ (Нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе). На думку МЗС Расіі, гэта азначала прызнанне дэ-факта ўключэння Эстоніі ў склад СССР (непарушнасць межаў)[152]. Аднак увесь перыяд савецкага кіравання краіны Захаду пастаянна нагадвалі аб непрызнанні анексіі краін Балтыі. 29 верасня1960 года Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы прыняла Рэзалюцыю № 189 з нагоды дваццатай гадавіны акупацыі і прымусовага ўключэння ў склад СССР трох еўрапейскіх дзяржаў — Эстоніі, Латвіі і Літвы[121]. 13 студзеня1983 года Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю па пытанні балтыйскіх дзяржаў, у якой асудзіў факт анексіі як неадпаведны міжнароднаму праву і абавязацельствам СССР па двухбаковых перамовах з балтыйскімі краінамі, падкрэсліўшы міжнароднае непрызнанне анексіі[153][154].
У 1987 годзе пачалося нацыянальнае абуджэнне, выкліканае перабудовай савецкага грамадства, абвешчанай новым лідарам СССРМіхаілам Гарбачовым. Пратэсты супраць сістэмы сталі адкрытымі і частымі.
3 красавіка1987 года планы ўрада пачаць распрацоўку фасфарытнага радовішча на поўначы Эстоніі прывялі да кампаніі пратэстаў у сродках масавай інфармацыі і ўзнікнення руху «зялёных»[155][156]. У 1987 годзе была распрацавана праграма эканамічнага суверэнітэту, якая атрымала назву «Эканамічна незалежная Эстонія» (эст.: Isemajandav Eesti, скарочана IME)[157].
У 1988 годзе пачалася моцная палітычная актывізацыя грамадства. У красавіку быў створаны Народны фронт Эстоніі пад кіраўніцтвам Эдгара Савісаара — новы грамадска-палітычны рух у падтрымку перабудовы. 10—14 чэрвеня на полі Талінскага песеннага фестывалю (Спеўным полі) падчас штогадовага фестывалю дзясяткі тысяч чалавек спявалі патрыятычныя песні пад сіне-чорна-белымі сцягамі. З'явіўся больш радыкальны нацыянальны рух, накіраваны на дасягненне незалежнасці. Адной з найбуйнейшых падзей стала акцыя «Балтыйскі шлях», у якой прынялі ўдзел каля 2 млн чалавек з Літвы, Латвіі і Эстоніі. 16 лістапада1988 года Вярхоўны Савет Эстонскай ССР абвясціў суверэнітэт Эстоніі. Адначасова актывізаваліся палітычныя сілы, якія прадстаўлялі рускамоўнае насельніцтва і былі накіраваны на захаванне Эстоніі ў складзе СССР[158].
Народны фронт стаў найбуйнейшай палітычнай сілай Эстоніі, перамогшы на выбарах дэлегатаў З'езду народных дэпутатаў СССР і ў Вярхоўны Савет ЭССР у 1989—1990 гг. Дагэтуль яго праграмная пазіцыя складалася з дасягнення незалежнасці на аснове абвяшчэння новай Эстонскай дзяржавы (гэтак званай, Трэцяй Рэспублікі). 12 лістападаВярхоўны Савет Эстонскай ССР ануляваў сваю дэкларацыю ад 22 ліпеня1940 года аб уваходжанні ЭССР у СССР. 16 лістапада Вярхоўны Савет Эстонскай ССР большасцю галасоў прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце. 23 сакавіка таго ж года Камуністычная партыя Эстонскай ССР абвясціла пра выхад з КПСС. 30 сакавіка была прынята пастанова Вярхоўнага Савета «Аб дзяржаўным статусе Эстоніі», паводле якой дзяржаўная ўлада СССР у Эстоніі прызнавалася незаконнай з моманту ўсталявання і абвяшчаўся пачатак аднаўлення Эстонскай Рэспублікі. У гэты ж час грамадзяне Эстонскай рэспублікі і іх нашчадкі абралі Кангрэс Эстоніі, які дзейнічаў як паралельны парламент[158].
3 красавіка1990 года Вярхоўны Савет СССР прыняў закон, які абвяшчаў юрыдычна неправамоцнымі дэкларацыі Вярхоўных Саветаў прыбалтыйскіх рэспублік аб ануляванні ўваходжання ў СССР і, як следства, іх прававыя наступствы і рашэнні. Нягледзячы на гэта, улады Эстоніі працягнулі курс на дасягненне незалежнасці. 8 мая Эстонская ССР была пераназвана ў Эстонскую Рэспубліку.
12 студзеня1991 года Старшыня Вярхоўнага Савета РСФСРБарыс Ельцын здзейсніў візіт у Талін, падчас якога падпісаў са Старшынёй Вярхоўнага Савета Эстонскай Рэспублікі Арнольдам РуйтэлемДагавор аб асновах міждзяржаўных адносін РСФСР з Эстонскай Рэспублікай, у якім бакі прызналі адзін аднаго незалежнымі дзяржавамі[159].
3 сакавіка адбыўся рэферэндум па пытанні незалежнасці Эстонскай Рэспублікі, у якім прынялі ўдзел асобы, якія пражывалі ў Эстоніі да савецкай анексіі і іх нашчадкі, а таксама тыя, хто атрымалі так званыя «зялёныя карткі» Кангрэса Эстоніі[160]. 77,8 % тых, хто прагаласаваў, падтрымалі ідэю нацыянальнай незалежнасці ад СССР[161]. Эстонія байкатавала Усесаюзны рэферэндум аб захаванні Саюза ССР, які адбыўся 17 сакавіка, але ў паўночна-ўсходніх раёнах, населеных пераважна рускімі, мясцовыя ўлады арганізавалі галасаванне[162].
28 чэрвеня1992 года на рэферэндуме была прынята 4-я Канстытуцыя Эстоніі[167], якая дэкларавала пераемнасць у адносінах да дзяржавы, анексаванай у 1940 годзе Савецкім Саюзам і пацвярджала аднаўленне Эстонскай Рэспублікі шляхам рэстытуцыі і вяртання да дзяржаўнага ладу, які дзейнічаў да 1940 года[168]. Апошнія часці расійскай арміі былі выведзены з краіны 31 жніўня1994 года[169][170][171]. У Эстоніі засталіся каля 10 тысяч былых расійскіх афіцэраў (цяпер пенсіянераў) і членаў іх сем'яў. Істотная частка — звыш 400 тысяч чалавек (пераважна этнічныя рускія) былых савецкіх грамадзян, якія перасяліліся пасля анексіі 1940 года, засталіся без грамадзянства. Дыскрымінацыйнае заканадаўства аб грамадзянстве стала прычынай крытыкі Эстоніі з боку міжнародных арганізацый і абвастрэння зносін з Расіяй[172]. Нягледзячы на істотнае скарачэнне колькасці неграмадзян (менш за 90 тысяч у 2014 годзе[173]), гэта праблема і цяпер з'яўляецца актуальнай у эстонскім грамадстве[129].
Фрагментаваная партыйная сістэма, якая ўключала ў сябе вялікую колькасць партый, з'яўлялася на мяжы стагоддзяў крыніцай палітычнай нестабільнасці[172]. На выбарах, што адбыліся ў сакавіку 1999 г., у склад парламента ўвайшлі прадстаўнікі 7 партый. У кастрычніку 2001 г. парламент рэспублікі абраў прэзідэнтам краіны былога старшыню Прэзідыума Вярхоўнага Савета Эстонскай ССР Арнольда Руйтэля, а ў верасні 2006 г. яго змяніў Тоамас Хендрых Ільвес[129].
Урад Эстоніі арыентаваўся на заходні знешнепалітычны вектар і імкнуўся інтэгравацца ў еўрапейскія структуры[129]. У красавіку 2004 года Эстонія стала членам НАТА, а 1 мая таго ж года разам з іншымі сям'ю дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, Кіпрам і Мальтай далучылася да Еўрапейскага саюза[17][168].
У той жа перыяд краіны Захаду пацвердзілі нязменнасць сваёй ацэнкі гістарычных падзей 1940—1991 гадоў. У маі — ліпені 2005 года Сенат і Кангрэс ЗША прынялі рэзалюцыі, у якіх патрабавалі прызнання Расіяй факта акупацыі балтыйскіх краін[174][175][176]. 22 чэрвеня2005 года Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла рэзалюцыю па пытанні выканання Расіяй умоў членства ў гэтай арганізацыі. У пункце 14-IV рэзалюцыі ПАСЕ патрабуе тэрміновай выплаты кампенсацыі ахвярам акупацыі балтыйскіх дзяржаў[177][178].
У сваю чаргу, Расія высунула прэтэнзіі Эстоніі з прычыны дыскрымінацыі некарэннага насельніцтва, найперш этнічных рускіх, а таксама з прычыны «спробы рэвізіі вынікаў Другой сусветнай вайны». 26—29 красавіка2007 года адбыліся акцыі грамадзянскага непадпарадкавання ў Таліне і гарадах павета Іда-Вірумаа, выкліканыя дзеяннямі ўрада Эстоніі па пераносе помніка «Воіну-вызваліцелю» («Бронзавы салдат») на могілкі вайсковага пахавання. Наступныя хваляванні ў Таліне суправаджаліся пагромамі і рабаваннямі[179][180].
Эстонская эканоміка з 1991 па 2010 гг. кардынальна змянілася: былі праведзены лібералізацыя, стабілізацыя, прыватызацыя, структурныя і істытуцыянальныя рэформы[181]. З усіх былых савецкіх рэспублік Эстонія ў 2003 годзе першай аднавіла ўзровень ВУП 1991 года[182]. У той жа час эканамічныя рэформы, якія праводзіліся ўвесь перыяд пасля здабыцця незалежнасці, сталі прычынай сацыяльных праблем, стварыўшы вялікую дыферэнцацыю паміж палітычнай і эканамічнай элітамі і неабароненымі пластамі насельніцтва, нягледзячы на шэраг пазітыўных вынікаў у сацыяльнай сферы: павышэнне заработнай платы, паляпшэнне становішча беспрацоўных, пенсійную рэформу[172]. У 2008—2009 гадах эстонская эканоміка істотна пацярпела ад сусветнага крызісу, але ўжо ў 2010 г. пачаўся новы эканамічны рост[183][184]. У гэтым жа годзе Эстонія першай сярод постсавецкіх краін стала паўнапраўным членам АЭСР[185]. З 1 студзеня2011 года Эстонія адмовілася ад нацыянальнай валюты і перайшла на еўра.
Перыяды Эстонскай гісторыі
Рознымі колерамі паказаны перыяды ўваходжання тэрыторый, якія належаць сучаснай Эстоніі, у склад розных дзяржаў і перыяды незалежнасці.
↑Крийска А., Тваури А.. Каменный век(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (15 сакавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 2013-9-29.
↑Крийска А., Тваури А.. Железный век(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (15 сакавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 15 чэрвеня 2013. Праверана 2013-9-29.
↑Кала Т.. Источники(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (6 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 1 кастрычніка 2013.
↑ абКарьяхярм Т.. Период русификации(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (29 красавіка 2010). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 2014-2-17.
↑Розенталь Р.. Первая мировая война(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (26 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 2013-9-30.
↑Michael B. Barrett. Operation Albion: The German Conquest of the Baltic Islands. — Indiana University Press, 2008. — (Twentieth-Century Battles). — ISBN 9780253003539.
↑К. Сииливаск, A. Либман. Революция, гражданская война и иностранная интервенция в Эстонии (1917-1920). — Ээсти раамат, 1988. — С. 350. — 716 с. — ISBN 9785450004556.
↑Жоосеп Саат, Карл Сииливаск. Великая Октябрьская социалистическая революция в Эстонии. — Ээсти раамат, 1977. — С. 372. — 394 с.
↑Розенталь Р.. Первая мировая война(нявызн.)(недаступная спасылка). Эстоника (26 кастрычніка 2009). Архівавана з першакрыніцы 14 чэрвеня 2013. Праверана 2014-4-1.
↑Бромлей Ю. В. Актуальные проблемы национальных отношений в свете новой конституции СССР: материалы к Всесоюзной научной конференции. — Институт истории СССР, 1979. — С. 97. — 219 с.
↑ абEstonia's history(англ.)(недаступная спасылка). Estonia.eu. Архівавана з першакрыніцы 1 верасня 2013. Праверана 2013-9-27.
↑Кульков Е. Н. Война 1941-1945 гг. Факты и документы. — ОЛМА Медиа Групп, 2011. — С. 17. — 496 с. — (Историческая библиотека «Олма-пресс»). — ISBN 9785373039550.
↑ абEstonia 1940-1945: Reports of the Estonian International Commission for the Investigation of Crimes Against Humanity / ed. T. Hiio, M. Maripuu, I. Paavle. — Tallinn: Estonian Foundation for the Investigation of Crimes gainst Humanity, 2005. — P. 79-98. — 1357 p. — ISBN 978-9949130405.
↑Taagepera R. De-choicing of elections: July 1940 in Estonia(англ.) // Journal of Baltic Studies. — Fall 1983. — Т. 14. — № 3. — С. 215—246.
↑Мягков М. Ю. В поисках будущего: американская оценка участия СССР в послевоенном устройстве Европы 1941—1945 гг. // Вестник МГИМО (У) МИД РФ. — 2008. — № 3.
↑Дзяржаўная канцылярыя. Дзяржаўныя святы і знамянальныя даты(нявызн.)(недаступная спасылка). Дэпартамент дзяржаўнай інфасістэмы (2 студзеня 2014). Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2014. Праверана 2014-6-28.
↑Страны и народы: научно-популярное географо-этнографическое издание в 20 томах / отв. ред. Г. М. Лаппо. — М.: Мысль, 1984. — Т. Советский Союз. Прибалтика. Белоруссия. Украина. Молдавия. — С. 26.
↑Ineta Ziemele. Baltic Yearbook of International Law. — Martinus Nijhoff Publishers, 2003. — Т. 3. — P. 156. — 361 p. — (Baltic Yearbook of International Law Series). — ISBN 9789004137462.
↑Будущему гражданину Эстонской Республики / Редактор: Кярт Янес-Капп. — 2. — Таллин: Фонд интеграции и миграции "Наши люди", 2010. — С. 12. — ISBN 978-9949-9083-5-6.
↑1-я — 1920 г., 2-я — 1934 г., 3-я — 1938 г. — без уліку савецкіх
Neil Taylor. Estonia. — Bradt Travel Guides, 2010. — 296 p. — ISBN 9781841623207.
Toivo Miljan. Historical Dictionary of Estonia. — Scarecrow Press, 2004. — 624 p. — ISBN 9780810865716.
Rein Taagepera. Estonia: Return to Independence. — Boulder, CO: Westview Press, 1993. — 288 p. — (Post-Soviet Republics Series). — ISBN 9780813317038.
Romuald J. Misiunas, Rein Taagepera. The Baltic States, Years of Dependence, 1940-1990. — University of California Press, 1993. — 400 p. — ISBN 9780520082274.
John Hiden, Patrick Salmon. The Baltic Nations and Europe: Estonia, Latvia and Lithuania in the Twentieth Century. — London: Routledge, 1994. — 240 p. — ISBN 978-0582256507.
Tuchtenhagen R. Geschichte der baltischen Länder. — München: C.H. Beck, 2005. — 127 S. — (Beck Reihe). — ISBN 9783406508554.