Верагодна, назва «Tallinn(a)» у эстонскай мове паходзіць ад слоў «taani linn» («дацкі горад»)[7]:15 або «tali linn» («зімовы горад»)[крыніца?].
Горад быў вядомы ў старажытнарускіх крыніцах пад назвай Калывань (магчыма, ад слова Kalevan; гл. Калеў) або Лядзяш, у скандынаўскіх — Лінданісэ (дацк.: Lyndanisse), Лінда. Пазней скандынавы і немцы звалі яго Рэваль (Reval), магчыма, ад эстонскай назвы мааконда Равала, у рускім ужыванні — Рэвель (афіцыйная назва ў Расійскай імперыі да 1917 года).
Гісторыя
У X—XI стагоддзях на месцы Таліна было паселішча старажытных эстаў Лінданісе. Упершыню пад назваю Калываю ўпамінаецца ў 1154 годзе арабскім географам Ідрысі і ў старажытнарускіх летапісах. У 1219 годзе захоплены Даніяй, названы Рэвель (афіцыйна назва горада да 1917 года). У 1230 годзе ўведзена любекскае гарадское права. З 1285 года член Ганзы. У 1346—1561 гадах уладанне Тэўтонскага, потым — Лівонскага ордэнаў. Гандляваў з Ноўгарадам, Псковам, Гданьскам, Любекам, Антверпенам і інш. У 1524 годзе праведзена Рэфармацыя. У 1561—1710 гадах пад уладай Швецыі. У 1569 годзе горад бамбардзіраваны любекска-дацкім флотам. У 1570—1571 і 1577 годзе расійскія войскі беспаспяхова імкнуліся захапіць горад у ходзе Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў. У 1591—1592 гадах большая частка насельніцтва памерла ад чумы і голаду (1602). У 1634 годзе пачалася мануфактурная вытворчасць. У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў адышоў да Расіі (1710), цэнтр Эстляндскай губерні, пабудавана ваенная гавань. Пасля злучэння чыгункай з Санкт-Пецярбургам (1870) — важны партовы горад і прамысловы цэнтр. У 1918—1940 гадах сталіца Эстоніі.
Адміністрацыйны падзел
Талін уваходзіць у склад павета Хар’ю, утвараючы гарадскі муніцыпалітэт Талін. У савецкі час горад уключаў чатыры раёны: Калінінскі (былы Копліскі), Ленінскі, Марскі, Кастрычніцкі. Падчас рэформаў мясцовага самакіравання 4 сакавіка1993 года былі ўтвораны 8 гарадскіх раёнаў (эст.: linnaosad): Кесклін (Цэнтр), Крыстыйне, Ласнамяэ, Мустамяэ, Нымэ (да 1940 года асобны горад), Пірыта, Пых’я-Талін (Паўночны Талін) і Хааберсці.
Кожнай раённай управай кіруе старэйшына (эст.: linnaosavanem). Ён прызначаецца гарадской управай па паданні мэра пасля кансультацый з адміністрацыйнымі радамі частак горада. Функцыя адміністрацыйных рад — падрыхтоўка рэкамендацый гарадскому ўраду і камісіям муніцыпалітэта наконт кіравання раёнамі.
Геаграфія
Талін знаходзіцца ў Паўночнай Еўропе, на паўднёвым беразе Фінскага заліва, за 80 кіламетраў ад Хельсінкі. Самае вялікае возера Таліна — Юлемістэ (плошча 9,6 км²). Гэта галоўная крыніца пітной вады горада. Возера Харку — другое па велічыні (плошча 1,6 км²). У адрозненне ад многіх вялікіх гарадоў, адзіная значная рака ў Таліне — Пірыта — размешчаная далёка ад цэнтра горада (цяпер гарадскі раён Пірыта). Басейн ракі маляўнічы, знаходзіцца пад аховай.
Па тэрыторыі горада праходзіць вапняковы ўступ (Глінт, або Балтыйска-Ладажскі ўступ). Ён выразна прасочваецца на Таампеа і ў Ласнамяэ.
Найвышэйшы пункт Таліна (64 метры над узроўнем мора) знаходзіцца на паўднёвым захадзе горада ў раёне Ныме.
Даўжыня берагавой лініі — 46 кіламетраў. У межах горада яна ўтварае тры вялікія паўвостравы: Коплі, Пальясаары і Какумяэ.
Да грамадскага транспарта ў Таліне адносяцца аўтобус, трамвай, тралейбус, прыгарадныя цягнікі і паром. У горадзе дзейнічаюць 72 аўтобусныя маршруты, чатыры маршруты трамвая і чатыры тралейбусныя маршруты.
Та́ллин // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 233—235. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978).(руск.)
Та́ллинн // Географический энциклопедический словарь: Географические названия (руск.) / Гл. ред. А. Ф. Трёшников; Ред. кол.: Э. Б. Алаев, П. М. Алампиев (зам. гл. ред.) и др. — 2-е изд., исправл. и дополн. — М.: Советская энциклопедия, 1989. — С. 467—468. — 592 с. — 210 000 экз. — ISBN 5-85270-057-6.
Та́ллин // Географические названия мира: Топонимический словарь: Ок. 5000 единиц (руск.) / Е. М. Поспелов; Отв. ред. P. A. Агеева. — 2-е изд., стереотип.. — М.: Русские словари: ООО «Издательство Астрель»: ООО «Издательство ACT», 2002. — С. 408—409. — 512 с. — ISBN 5-17-001389-2 (ООО «Издательство ACT»), ISBN 5-271-00446-5 (ООО «Издательство Астрель»), ISBN 5-93259-014-9 (Издательство «Русские словари»).
Та́ллин // Энциклопедический географический словарь (руск.). — М.: РИПОЛ классик, 2011. — С. 659. — 800 с. — (Словари нового века). — 5 000 экз. — ISBN 978-5-386-03063-6.