Узнікненне Цэтынэ было абумоўлена гістарычнымі, палітычнымі і эканамічнымі ўмовамі XV стагоддзя. Націск турэцкіх заваёўнікаў вымусіў Івана Чарноевіча, кіраўніка Зэты, перамясціць сталіцу з умацаванага горада Жабляк Чарноевіча ў новае месца — у 1475 годзе ў Обад, а неўзабаве пасля гэтага да падножжа гары Лоўчан. У 1482 годзе ў Цэтынскай даліне размясціўся двор Чарноевічаў, а двума гадамі пазней заснаваны Цэтынскі манастыр, які стаў рэзідэнцыяй мітрапаліта Зэты. Так быў заснаваны горад, які атрымаў свая назву па рацэ Цэтына, што працякала па даліне, і стаў свецкім і духоўным цэнтрам Чарнагорыі.
Хуткае развіццё горада пад уладай дынастыі Чарноевічаў было спынілася ў канцы XV стагоддзя. У 1499 годзе Зэта страціла незалежнасць і толькі тая яе частка, якая і стала называцца ўласна «Чарнагорыя» (паміж ракой Чарноевіча і Бокай Котарскай), засталася свабоднай.
У наступныя два стагоддзі развіццё Цэтынэ замарудзілася. У XVI—XVII стст. горад не раз падвяргаўся нападам туркаў і венецыянцаў і іншым выпрабаванням. У гэты перыяд палац і манастыр Чарноевічаў былі разбураны. І толькі ў 1697 годзе, з усталяваннем улады дынастыі Пнтравічаў-Негашаў, Цэтынэ зноў стаў расквітаць.
Кіраўнікоў Чарнагорыі ў першую чаргу займала вызваленне краіны і ўмацаванне яе адзінства. Доўгі час яны не маглі надаваць дастаткова часу і сродкаў будаўніцтву Цэтынэ. Прыкметны прагрэс быў дасягнуты толькі падчас кіравання Пятра II Петравіча-Негаша. У 1838 годзе для яго была пабудавана новая каралеўская рэзідэнцыя. Горад станавіўся ўсё больш еўрапейскім.
У 1878 годзе рашэннем Берлінскага кангрэса была прызнана незалежнасць Чарнагорыі як суверэннага княства, і Цэтынэ стала сталіцай новай еўрапейскай краіны. Пасля ўсталявання дыпламатычных адносін у горадзе размясціліся замежныя пасольствы і консульствы, для якіх былі пабудаваны прыгожыя асабнякі.
У часы кіравання князя Ніколы I Петравіча-Негаша ў горадзе было пабудавана мноства велічных збудаванняў — новы каралеўскі палац, першы ў Цэтынэ гатэль, гарадская бальніца і г.д.
У 1910 годзе Чарнагорыя была абвешчана каралеўствам, што надало новы штуршок развіццю Цэтынэ. Быў пабудаваны Дом Урада — сімвал дзяржаўнай улады. Праведзены ў тым жа годзе перапіс паказаў у адной з самых маленькіх сталіц свету значны рост насельніцтва, які дасягнуў 5895 жыхароў, большасць з якіх былі сербамі.
У перыяд з 1878 па 1914 у Цэтынэ прыехалі шматлікія вядомыя дзеячы культуры і адукацыі з іншых паўднёва-славянскіх краін. Яны ўнеслі вялікі ўнёсак у жыццё горада.
З 2006 года ў незалежнай Чарнагорыі. 12 жніўня 2022 ў Цэтынэ здарылася масавае забойства, найбуйнейшае ў гісторыі краіны.
Насельніцтва
Перапіс 2003 года налічыла ў Цэтынскім муніцыпалітэце 18482 жыхароў. Пры гэтым Цэтынэ — адзіны горад муніцыпалітэта з насельніцтвам больш тысячы жыхароў. Насельніцтва ўласна Цэтынэ — 15137 жыхароў.
Паводле даных апошняга перапісу, больш 90 % жыхароў муніцыпалітэта лічаць сябе чарнагорцамі, яшчэ амаль 5 % лічаць сябе сербамі.
Турызм
У перыяд пасля Другой сусветнай вайны Цэтынэ не развіваўся як турыстычны кірунак. Замест гэтага, горад спрабавалі развіваць як прамысловы вузел. Былі пабудаваны заводы і фабрыкі, якія прыйшлі ў заняпад пасля распаду Югаславіі.
Тады індустрыяльны вектар развіцця быў прызнаны памылковым, з прычыны таго, што ў Цэтынэ цудоўныя ўмовы для развіцця турызму. Прывабнасць горада не звязана з марскімі курортамі (такімі, як Котар ці Будва) — Цэтынэ цікавы як палітычны і рэлігійны цэнтр Чарнагорыі, што вельмі важна для разумення гісторыі краіны.
Пры гэтым чакаецца, што некаторыя адміністрацыйныя ўстановы вернуцца ў Цэтынэ з Падгорыцы — у тыя ж будынкі, у якіх яны размяшчаліся ў часы манархіі. Гэта яшчэ больш павялічыць значнасць горада. Напрыклад, тут размясцілася рэзідэнцыя Прэзідэнта Чарнагорыі.
Палац «Більярда» (1838) — умацаваная рэзідэнцыя князя Пятра II Петравіча-Негаша, размешчаная побач з Цэтынскім манастыром. У палацы дагэтуль захоўваюцца яго асабістыя князя, у тым ліку рукапіс «Горнага вянка».
Найстарэйшая школа горада — Пачатковая школа Пятра II Петравіча-Негаша — заснавана ў 1834 годзе.
У Цэтынэ таксама размешчаны тры факультэты Універсітэта Чарнагорыі: факультэт вытанчаных мастацтваў, факультэт драматургіі, музычная акадэмія.
Бібліятэкі
У Цэтынэ размешчаны найстарэйшыя бібліятэкі Чарнагорыі, дзе захоўваюцца старадаўнія кнігі і дакументы вялікай гістарычнай каштоўнасці. Найстаражытная з іх — бібліятэка Цэтынскага манастыра, якая вядзе сваю гісторыю з моманту заснавання горада. Тут захоўваюцца 75 кірылічных рукапісных кніг, 4 інкунабулы і мноства старадаўніх літургічных кніг.
Першая публічная чытальная зала была адкрыты ў 1896 годзе. З моманту заснавання яна стала адным з культурных цэнтраў краіны. У гарадской бібліятэцы і Негашавай чытальнай зале захоўваецца больш за 63000 кніг і перыядычных выданняў.
Кнігадрукаванне і выдавецкая справа
Цэтынэ мае даўнія традыцыі кнігадрукавання. Друкарня Чарноевіча (1492—1496) з канца XV стагоддзя друкаваў кірылічныя рэлігійныя кнігі на сербскай мове («сярбулі»), якія мелі велізарнае значэнне для чарнагорскай і сербскай культуры, і ўнеслі вялікі ўнёсак у культуру іншых праваслаўных балканскіх народаў. Пазней былі заснаваны новыя друкарні, якія працягнулі старажытную традыцыю: Негашава друкарня (1833—1839) і Дзяржаўная друкарня (1858), з 1952 — «Обад».
Таксама тут з 1835 выдавалася першае літаратурнае і навуковае штогадовае выданне Чарнагорыі «Горліца», а з 1871 — першая чарнагорская газета «Чарнагорац». У 1914 годзе ў горадзе з насельніцтвам меней чым 6000 жыхароў выдавалася шэсць розных штодзённых газет.
Цэтынэ злучана з гарадамі ўзбярэжжа і Падгорыцай двухпалоснай аўтадарогай. Таксама ёсць старадаўняя дарога да Бокі Котарскай — не занадта зручная, але вельмі маляўнічая.