Востраў Саарэмаа размешчаны ва ўсходняй частцы Балтыйскага мора за 139 км на паўднёвы захад ад Таліна, сталіцы Эстоніі. Бліжэйшыя буйныя астравы — Хіюмаа, Муху і Абрука. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 94 км. Найбольшая шырыня — 58,2 км.
На паўночным узбярэжжы Саарэмаа ўзвышаюцца стромкія ўступы. Яно парэзана нешматлікімі, але глыбокімі і добра абароненымі залівамі. Нізіннае паўднёвае ўзбярэжжа моцна зрэзана маленькімі бухтамі, з вялікай колькасцю астравоў і паўвостраваў. Найбольш доўгі паўвостраў — Сарме (каля 36 км). На ўзбярэжжы вострава месцамі распаўсюджаны лясістыяпясчаныяраўніны з дзюнавымі градамі. Самае высокае месца — Заходне-Саарэмааскае ўзвышша (да 54 м).
Тут вялікая колькасць валуноў, распаўсюджаны агароджы, складзеныя з валуноў і кавалкаў вапняковага плітняку.
Прырода
На вапняках пераважна распаўсюджаны нізкарослыя, рэдкастойныя лясы (галоўным чынам хвойнікі і ельнікі), а таксама парослыя хмызнякамілугі. Лясістасць на Саарэмаа — каля 25%. Хоць землі тут бедныя, флора даволі разнастайная. Асабліва распаўсюджаны вапналюбівыя расліны. Уяўляюць цікавасць лесалугі са шматлікімі відамі лісцевых дрэў. Сустракаюцца некаторыя віды раслін (ціс, плюшч і інш.) мінулых кліматычных перыядаў. Вялікія плошчы пакрыты ядлоўцам. Возера Каруярв.
У заходняй частцы вострава створаны запаведнік Війдумяэ.
Гісторыя
Згодна археалагічным дадзеным, першыя людзі з'явіліся на Саарэмаа ў 5 тысячагоддзі да н.э. У скандынаўскіх сагах востраў узгадваўся як Eysýsla. У іх апавядалася аб сутычках паміж вікінгамі і мясцовымі жыхарамі. У 1206 годзе дацкі кароль Вальдэмар II Пераможца заснаваў на востраве крэпасць, аднак не здолеў знайсці людзей для далейшай каланізацыі, таму яна была зруйнавана самімі датчанамі.
Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 44—45. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).